1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Якія культурніцкія артэфакты РБ магла б вярнуць у краіну

8 августа 2024 г.

Германия і Францыя задаюць тон у працэсах вяртання каштоўнасцяў краінам, з якіх тыя былі незаконна вывезеныя. DW сабрала некалькі прыкладаў артэфактаў, вяртання якіх магла б дамагацца Беларусь.

Нясвіжскі замак
Нясвіжскі замак належаў сям'і Радзівілаў і быў нацыяналізаваны ў 1939 годзеФото: Dmitry Rukhlenko/Shotshop/picture alliance

Культурніцкія каштоўнасці вяртаюцца на гістарычную радзіму двума шляхамі: праз суд альбо, што адбываецца ўсё часцей, на добраахвотнай аснове. Так у 2022 годзе Германія перадала Нігерыі 20 аб’ектаў Бенінскай бронзы, чым распачала вяртанне каштоўнасцяў каланіяльнай эпохі. У Францыі распрацаваны закон аб рэстытуцыі неправамерна набытых твораў мастацтва.

Беларусь не была калоніяй, але з яе тэрыторыі таксама вывозіліся артэфакты. Разам з акадэмічным дырэктарам Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксеем Ластоўскім сабралі некалькі прыкладаў таго, што Беларусь магла б вярнуць у краіну.

Партрэтная галерэя Радзівілаў

Падчас Другой сусветнай вайны мiнскія музеі эвакуяваць не паспелі, і зборы - у тым ліку Дзяржаўнай карціннай галерэі - былі разрабаваныя нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Па сканчэнні вайны адмысловая камісія ў Мюнхене вяртала каштоўнасці туды, адкуль яны былі вывезеныя, і ў гэтым працэсе здараліся памылкі не на карысць Беларусі. Так, частка партрэтнай галерэі Радзівілаў з Нясвіжа была перададзеная Польшчы - сёння яна знаходзіцца ў Вавельскім замку ў Кракаве.

Князь Мацей Мікалай Радзівіл, прадстаўнік роду Радзівілаў, сёння жыве ў ПольшчыФото: privat

Паводле Аляксея Ластоўскага, Беларусь можна лічыць суб’ектам права, пачынаючы з 1919 года, калі была створана БССР: "Ёсць легальныя зачэпкі, каб раскручваць справу аб няслушнай перадачы партрэтаў, але ў актуальных умовах на поспех няма шансаў".

Да Мiнску тады не дабраўся і партрэт князя Дамініка Радзівіла - пасля вяртання з Германіі ён трапіў у Наўгародскі дзяржаўны музей-запаведнік. Яго Беларусь таксама магла б адстаяць у легальным полі, лічыць гісторык. Зрэшты, калі ўзнаўляць абсалютную справядлівасць, партрэты трэба вяртаць не беларускім музеям, а сям’і Радзівілаў - яны трапілі ў калекцыю Дзяржаўнай карціннай галерэі пасля таго, як у 1939 годзе былі нацыяналізаваныя разам з Нясвіжскім замкам.

Яўрэйская гісторыка-культурніцкая калекцыя

Да вайны Мінскі сацыяльна-гістарычны музей збіраў яўрэйскую гісторыка-культурніцкую калекцыю: яўрэі тады складалі вялікую частку насельніцтва Беларусі, а ідыш быў адной з дзяржаўных моваў. У часы акупацыі калекцыя была вывезеная, верагодна, у Вену. "Яе частка пасля вайны вярнулася ў Беларусь, у фонды Музея Вялікай Айчыннай вайны, тады фактычна адзінага музея ў Мінску, - расказвае Аляксей. - Гэтыя скрыні дзесяцігоддзямі стаялі ў падвалах і толькі нядаўна былі перададзеныя Нацыянальнаму гістарычнаму музею, які ў 2020 годзе паказаў артэфакты на выставе. Рэшта ж калекцыі лічылася зніклай да таго, як некалькі гадоў таму была выяўленая ў Музеі Ізраіля ў Іерусаліме". 

Паводле Аляксея Ластоўскага, вяртанне калекцыі ў Беларусь магло б адбыцца праз міждзяржаўнае пагадненне, у 2021-2022 гадах Нацыянальны гістарычны музей ужо вёў перамовы з Музеем Ізраіля, але яны ні да чаго не прывялі.

Барысаў камень і кубак Святой Ядзвігі з Наваградка

Адзін са старажытных Барысавых камянёў, якія сведчаць пра распаўсюджанне хрысціянства на Беларусі, захоўваецца ў музеі-запаведніку "Каломенскае" ў Маскве. Камень быў знойдзены на поўначы Беларусі разам з дзясяткам такіх жа загадкавых камянёў з высечанымі на іх крыжамі і надпісамі, і ў 1879 годзе перапраўлены ў Маскву.

Кубак Святой Ядзвігі захоўваецца ў Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу - разам з іншымі прадметамі ён быў знойдзены ў 1960 годзе пры раскопках у Наваградку.

"У нашым выпадку посткаланіяльную прызму мае сэнс прымяняць толькі да Расійскай імперыі і Савецкага Саюза, дзе каштоўнасці з перыферыі накіроўваліся ў цэнтр, археалагічныя скарбы асядалі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, - кажа Аляксей. - Але праз заходнюю оптыку Беларусь распазнаецца не як калонія Расіі, а хутчэй як сфера ўплыву, таму пакуль ставіць пытанне вяртання гэтых каштоўнасцяў можна толькі рытарычна".

Кубак святой Ядзвігі знаходзіцца ў Эрмітажы ў Санкт-ПецярбургуФото: Imago Images/Itar-Tass/P. Kovalev

Бібліятэка Храптовічаў

Каштоўнасці ратавалі і падчас Першай сусветнай вайны, у тым ліку прыватныя радавыя каштоўнасці - Храптовічаў, Нямцэвічаў, Тызенгаўзаў. "Знакамітая бібліятэка Храптовічаў з маёнтка Шчорсы была вывезена на захаванне ў Кіеў, даследчыкі таксама знайшлі ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Украіны сямейныя каштоўнасці роду Тызенгаўзаў з Паставаў. У 1990-я Беларускі фонд культуры вёў перамовы пра вяртанне бібліятэкі Храптовічаў, былі нават дасягнутыя некаторыя дамоўленасці, але справа заглохла", - кажа Аляксей Ластоўскі.

Затое некалькі кніг з бібліятэкі Храптовічаў, якая ў 18 стагоддзі лічылася адной з найбуйнейшых ва Усходняй Еўропе, летась беларускай Нацыянальнай бібліятэцы перадала Германія. "Гаворка ідзе пра добраахвотнае вяртанне: на момант Першай сусветнай вайны Беларусі як юрыдычнага суб’екта не было, - працягвае Аляксей. - Шмат каштоўнасцяў, напрыклад, калекцыю роду Нямцэвічаў, у 1915 годзе эвакуіравалі ў Калугу. Расія магла б вярнуць іх, калі ў нас саюзная дзяржава, але чамусьці так гэта не працуе".

Паводле Аляксея Ластоўскага, асноўны масіў культурніцкіх каштоўнасцяў, якія маюць дачыненне да беларускай гісторыі, сёння знаходзіцца ў Польшчы. На аснове Рыжскага міру Польшча да 1939 года вяртала з тэрыторыі Расеі каштоўнасці, якія лічыла сваімі, у тым ліку звязаныя з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага.

Гэтаму папярэднічалі дзесяцігоддзі працы даследчыкаў у расійскіх гарадах, дзе тыя знаходзілі і апісвалі артэфакты. Такой жа працай сёння павінна займацца Міністэрства культуры Беларусі: напрыклад, каталагізаваць бібліятэкі Радзівілаў і Сапегаў, размеркаваныя па розных расійскіх зборах. Пакуль такая праца беларускай дзяржавай не вядзецца.

Павел Латушка: "Вярнуць вывезеныя каштоўнасці складана"

Былы міністр культуры Беларусі Павел Латушка нагадвае, што ў Беларусі ёсць камісія па вяртанні гісторыка-культурных каштоўнасцей. У свой час ён таксама браў удзел у яе паседжаннях.

Павел ЛатушкаФото: Sergei Bobylev/TASS/dpa/picture alliance

"Скажу шчыра, вярнуць каштоўнасці, якія былі вывезены, скрадзены з тэрыторыі Беларусі, складана, - гаворыць кіраўнік НАУ. - Паводле заканадаўства краін, дзе яны знаходзяцца, гэтыя аб’екты з’яўляюцца ўласнасцю дзяржавы, і перадаваць іх іншым краінам забараняецца, таму дасягнуць пагаднення практычна немагчыма". 

Латушка кажа, што камісія выбірала іншыя падыходы: набыццё гісторыка-культурніцкіх каштоўнасцяў, якія належаць беларускай спадчыне, часовае экспанаванне ў Беларусі і ўрэшце капіраванне. 

"Неяк міністр культуры Расіі Аляксандр Аўдзееў падчас сустрэчы ў Маскве пачаў фактычна крычаць на мяне, калі я прапанаваў абмяняць творы Шышкіна на слуцкія паясы. Тады мы сталі набываць слуцкія паясы, на гэта выдаткоўваліся значныя сродкі з дзяржаўнага бюджэту. Пры дапамозе сённяшняга старшыні праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаўра быў набыты Статут Вялікага Княства Літоўскага і перададзены ў фонд Нацыянальнага гістарычнага музея", - расказвае Павел Латушка.

 

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW