Якім быў мастак Алесь Пушкін? Успаміны сяброў і знаёмых
12 июля 2023 г.Беларускі мастак і палітзняволены Алесь Пушкін, які адбываў пакаранне ў гродзенскай турме №1, памёр у рэанімацыі "пры нявысветленых абставінах". Пра гэта паведаміла яго жонка Яніна Дземух у аўторак, 11 ліпеня. Крыніцы знаёмыя з сітуацыяй,распавялі журналістам некалькіх беларускіх СМІ, што ў мастака была прабадная язва, яму своечасова не аказалі медыцынскую дапамогу.
Алесь Пушкін - беларускі жывапісец-нонканфарміст, тэатральны мастак, перформер і арт-куратар. Яго затрымалі ў сакавіку 2021 года. Праз год Пушкіна прыгаварылі да пяці гадоў калоніі па абвінавачанні ў здзеку з дзяржсімбалаў (артыкул 370 КК) і распальванні варожасці (ч. 3 артыкула 130 КК). Прычынай пераследу стала размяшчэнне партрэта дзеяча антысавецкага падполля Яўгена Жыхара на выставе ў гродзенскім Цэнтры гарадскога жыцця, што следства трактавала як "рэабілітацыю нацызму". Пры гэтым карціна была напісана ў 2014 годзе і раней экспанавалася ў Беларусі і Расіі.
У лістападзе 2022 года Пушкіна перавялі на турэмны рэжым на паўтара гады і ў хуткім часе этапавалі з калоніі №22 ў Івацэвічах (Брэстская вобласць) ў гродзенскую турму №1.
"На зоне Пушкіну было складана са старту"
У зняволенні на мастака ўвесь час ціснулі. Журналіст і былы палітвязень Аляксандр Івулін, які трапіў разам з Пушкіным у калоніі на так званы "каранцін", расказвае, што "Алесю, які прыехаў у Івацэвічы ў спяцоўцы з надпісам "Белрэстаўрацыя", было складана са старту", ён быў "занадта добры" нават да турэмшчыкаў, якія "без тлумачэння канфіскоўвалі ягоныя запісы і малюнкі".
"Што ў гэтым такога? У СІЗА ж можна было маляваць партрэты. Здаецца, там намаляваў усіх, хто са мной сядзеў", - успамінае словы мастака Івулін.
"Цэнзар прапускае лісты, дзе паштоўкі розныя - гэтыя я атрымліваю. Відаць, вырашылі: раз мастак, то няхай вось яму цешаць душу паштоўкі з сусветнай клясікай мастацтва", - пісаў Алесь Пушкін грамадскаму актывісту Іллі Міронаву, які даслаў яму паштоўку з выявай Уладзіміра Караткевіча. - І вось цяпер у маёй 128 камеры - і Анры Русо, і Міхаіл Врубель, і Яўген Зайцаў і Якуб Колас, і вось, дзякуючы табе, - Караткевіч. Праўда, харошая кампанія!!! Нам тут усім не салодка... Ды і фламастараў не хапае - чорных і чырвоных!"
"Я не быў знаёмы ў Алесем асабіста, але ведаў пра яго яшчэ з сярэдзіны 90-х. Я атрымаў ад яго некалькі лістоў, адзін захаваў. Усе лісты запомніліся такой пазітыўнай энергіяй, якой не атрымліваў бадай ад іншых", - распавядае Міронаў.
"Прамацваў субяседнікаў рэнтгенам уласнага назірання"
Перапіска з Пушкіным мастачкі Леры Лазук абарвалася, калі яго перавялі ў калонію, адтуль, па словах суразмоўцы DW, ён мог пісаць толькі родным. З СІЗА Пушкін дасылаў малюнкі, расказваў пра свае будні, сукамернікаў, дзяліўся ўспамінамі пра маладосць і казаў, што робіць эскізы для вялікіх прац, якімі зоймецца, як выйдзе на волю.
"У нас было даволі шмат супярэчнасцяў. Аб'ядноўвала любоў да мастацтва і любоў да Беларусі. Я яго шаную за яркія знакавыя працы, за смеласць і прынцыповасць. Насамрэч, Пушкін – складаная тэма для мяне, зараз складана пра гэта казаць", - прызнаецца Лазук.
"Апошні раз я бачыў Пушкіна ў дзень суда над ім, пакуль той суд яшчэ быў адкрытым. За краты Алесю пісаў, але ад яго лістоў не атрымліваў, мажліва, і маё ліставанне да яго не даходзіла", - расказвае адзін з блізкіх сяброў мастака, які ў мэтах бяспекі папрасіў не называць яго імя.
Па яго словах, Пушкін быў "шчодрым, гасцінным, стратэгічна прадумваў уласныя дзеянні і творчасць". "Нават пры павярхоўных стасунках ён як бы прамацваў субяседнікаў рэнтгенам уласнага назірання. Таму і партрэты кагосьці катэгарычна адмаўляўся рабіць, ці наадварот - рабіў быццам бы і мала падобнымі, а праз гады арыгінал пачынаў адпавядаць свайму партрэту", - кажа суразмоўца.
"Прамяністы такі чалавек"
"Калі гінуць вясёлыя шчырыя людзі, гэта проста не ўкладваецца ў галаве", - прызнаецца беларускі музыкант Лявон Вольскі. Пушкін запомніўся яму "гасцінным, хлебасольным": "Вось Алесь Пушкін. Размаўляе са сваімі гасцямі ці то ў былой віцебскай майстэрні, ці ў Бабры, у сваёй вёсцы, каля вогнішча. Нешта тлумачыць, спрачаецца. Пагаджаецца. Жартуе. Усьмешлівы. Прамяністы такі чалавек. Вялікі, доўгі, эпатажны. Сапраўдны Мастак. Творца".
Вольскі адзначае, што Пушкін жыў мастацтвам, а "яны (беларускія ўлады – Рэд.) забралі ягонае жыцьцё".
"Мяне ўражвала тое святло, якое ён заўсёды з сабой нёс. Я яго ніколі не бачыў злосным, агрэсіўным, разгубленым. Кожны раз гэта было святло ў вачах, усмешка, неверагодны пазітыў", - дзеліцца сваімі ўражаннямі ад знаёмства з Пушкіным мастацтвазнаўца Максім Жбанкоў.
"Гэта быў выбар хрысціянскага пакутніка"
Ён таксама ўспамінае, што яго першую кнігу Алесь Пушкін не проста прачытаў, а вярнуў з мноствам каментароў: "На кожнай старонцы былі нейкай фантастычнай прыгажосці надпісы, графічныя выявы. Бачна было, што гэта вельмі прафесійнае, заангажаванае, неабыякавае спажыванне. Алесь Пушкін - лепшы чытач маіх тэкстаў".
У той жа час Жбанкоў прызнаецца, што "не быў фанатам Пушкіна мастака", і што той рабіў рэчы "абсалютна натуральныя для сваёй генерацыі, адукацыі, для таго поля ідэйнага, эстэтычнага, у якім усе існавалі".
"Мне не было надта цікава, як Алесь маляваў, мне было цікава, як ён жыў, як ён дзейнічаў. Як чалавек з неверагодна моцнай прынцыповай пазіцыяй, кодэксам гонару, ён для мяне быў і застаецца ўзорам", - кажа Жбанкоў.
Што да вяртання Пушкіна ў Беларусь, дзе на яго ўжо была заведзена крымінальная справа, то мастацтвазнаўца мяркуе, што "ён ведаў, куды і на што ішоў, калі вяртаўся на радзіму". "Думаю, што гэта быў выбар хрысціянскага пакутніка", - дадае Жбанкоў.
Глядзіце таксама: