Бяляцкі: "Праблемы Беларусі - гэта праблемы ўсёй Еўропы"
1 июля 2026 г.
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра, заснавальнік праваабарончага цэнтра "Вясна", былы палітвязень Алесь Бяляцкі ў вялікім інтэрв'ю DW расказаў пра рэакцыю на падзеі вакол ультыматума Зяленскага, палітыку Еўразвяза з дачыненні да Беларусі і значэнне свабоды пасля амаль 5 год зняволення.
- Спадар Бяляцкі, вы атрымалі Нобелеўскую прэмію міра ў 2022 годзе як беларускі праваабаронца, правялі агулам сем гадоў у зняволенні. Як вы сябе адчуваеце, калі Аляксандр Лукашэнка едзе на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, адразу пасля таго як ён, па словах украінскага прэзідэнта Зяленскага, здаў назад і выключыў рэтранслятары, якія дапамагалі расійскім дронам ва Украіне?
- Гэты візіт не першы. Лукашэнка ездзіць да Пуціна рэгулярна, і я добра памятаю 2020 год, калі ён, пасля масавых акцый у Беларусі, прыехаў да яго прасіць палітычнай дапамогі. Сядзеў на краю крэсла і запісваў уважліва, што яму гаворыць Пуцін, паказваў максімальную лаяльнасць да расійскага прэзідэнта. Я перакананы, гэта не навіна, што калі б не было палітычнай, эканамічнай падтрымкі Беларусі з боку Расіі, то Лукашэнка ўжо не быў ля ўлады. Былі б іншыя выбары, іншы чалавек, іншая сітуацыя.
Для яго гэтыя кантакты з Пуціным з'яўляюцца надзвычай важнымі для выжывання. І пасля таго, як Пуцін пачаў вайну з Украінай, якая цягнецца ўжо пяты год, Расія таксама мае ўсё большую патрэбу ў палітычнай і эканамічнай падтрымцы адзінага свайго саюзніка Лукашэнкі.
Гэтыя кепскія хлопчыкі сустракаюцца рэгулярна. Мы не маем ніякай інфармацыі, пра што яны гаварылі ў гэтую сустрэчу. Сустрэча адбывалася два дні, але я думаю, што нічога добрага там яны не прыдумалі, нічога добрага яны там не абмяркоўвалі, бо сама палітыка Расіі і Беларусі на сённяшні дзень зʼяўляецца экзістэнцыйнай пагрозай для еўрапейскай цывілізацыі.
- Вы верыце ўкраінскаму прэзідэнту Зяленскаму, калі ён сцвярджае, што Лукашэнка здаў назад і выканаў яго патрабаванне выключыць рэтранслятары для дронаў. Ці гэта проста частка камунікацыйнай гульні?
- Мы ж не маем дадзеных украінскай разведкі, таму прыходзіцца давяраць прэзідэнту Украіны. Я думаю, што рэальна гэта так, бо інакш бы па гэтых рэтранслятарах быў бы нанесены ўдар, гэта відавочна, таму што гэта было ўльтыматыўнае папярэджанне.
- Вы казалі, што Лукашэнка цалкам залежны ад Пуціна. Ці зможа ён тады, калі да гэтага дойдзе, дзейнічаць самастойна, каб абараніць краіну?
- Я не бачу гэтай патрэбы, таму што лёс Лукашэнкі залежыць ад падтрымкі Пуціна, яны проста як сіямскія блізняты зараз звязаныя паміж сабою. Любая параза расійскай улады азначае аўтаматычна паразу і Лукашэнкі. (…). Відавочна, што ёсць пэўныя межы, якія Лукашэнка не перасягае, улічваючы рэальную сілу ўкраінскіх уладаў на сённяшні дзень. Гэтыя ўльтыматумы, якія былі выстаўленыя Зяленскім, наконт таго, каб ён спыніў рэтранслятары, каб не пастаўляў паліва для Расіі з нафтаперапрацоўчых заводаў Беларусі, каб спыніў падтрымліваць ваенна-прамысловы комплекс Расіі, - гэта канкрэтныя ўказанні на тое, што пры невыкананні гэтых патрабаванняў Украіна можа проста прымяніць сілу ў адносінах да гэтых прадпрыемстваў.
Лукашэнка рэальна гэтага спалохаўся - такое адчуванне ў мяне. Я сядзеў у калоніі ў горадзе Горкі, адно прадпрыемства было па фарбоўцы снарадаў, якія адпраўлялі на завод у Воршу, і потым яны хутчэй за ўсё ішлі ў Расію. Таксама рабіліся скрыні для снарадаў, якія ішлі ў Расію. Нават калоніі зараз арыентаваны на вытворчасць прадукцыі, якая ідзе на падтрымку вайны Расіі з Украінай.
Проста трапляеш з цёмнага боку месяца на святло
- Вы прысвяцілі сваё жыццё свабодзе і дэмакратыі. Улічваючы ўсё тое, што вы перажылі, што цяпер свабода значыць для вас?
- У калоніі ты знаходзішся як у палоне. Ты не маеш ніякага вольнага часу, не маеш свабоды, увесь час знаходзішся са злачынцамі, як правіла, з забойцамі, з гвалтаўнікамі, з самымі рознымі людзьмі. І плюс на цябе ідзе прэсінг пастаянна. Гэта класічная сітуацыя для палітзняволеных у Беларусі. Ніхто там асабліва не звяртаў увагу на тое, што я нобелеўскі лаўрэат. І вось 13 снежня мяне выкідаюць з калоніі, я ў гэтай вопратцы бруднай, з торбай, у якой ляжаць самыя неабходныя рэчы (таму што я не ведаю, куды еду), апынаюся на свабодзе, дзе я вольны. Проста трапляеш з цёмнага боку месяца на святло.
Там ты кантралюеш кожны свой рух, кожны крок, кожнае слова, а тут ты на свабодзе. Нягледзячы на тое, што мне багата гадоў, я пражыў жыццё фактычна, усё роўна гэта змена вельмі кантрасная. Адбываецца пераходны перыяд, калі ты проста прывыкаеш да свабоды. Можаш хадзіць свабодна ў краму, жывеш разам з жонкай, якую не бачыў перад гэтым чатыры з паловай гады. Ты можаш выступаць, гаварыць, бачыш людзей, якія жывуць свабодным жыццём. І ты разумееш, што гэта проста новы перыяд твайго жыцця.
Але кожны дзень я згадваю пра тых людзей, якія зараз сядзяць у турме. У Беларусі зараз каля тысячы палітычных зняволеных. Людзі сядзяць па пяць, па шэсць гадоў. Гэта цяжкі перыяд іхняга жыцця, ён яшчэ працягваецца. Гэта самая вялікая праблема. І мая асноўная місія зараз на свабодзе - дабівацца вызвалення палітычных зняволеных Беларусі, дабівацца спынення палітычных рэпрэсій. Большасць Еўропы жыве нармальна, яны не думаюць пра тыя праблемы, якія зараз перажывае беларускі народ, але Беларусь таксама частка Еўропы. І праблемы Беларусі - гэта таксама праблемы ўсёй Еўропы.
- Вы цяпер жывяце ў Нарвегіі. Калі вы размаўляеце з людзьмі ў Нарвегіі ці Еўропе, як вы ацэньваеце іх разуменне сітуацыі ў Беларусі? Вы расчараваны? Ці адчуваеце вы, што людзі разумеюць, які эфект сітуацыя ў вашай краіне мае на ўсю Еўропу?
- Праблемы Беларусі зараз адышлі на трэці план у Еўропе на жаль. Таму што набягаюць новыя праблемы, людзі не могуць увесь час засяроджвацца на чымсьці адным. Пачалася вайна ва Украіне, жахлівая вайна, якую распачала Расія, якая яшчэ не сканчаецца. Крызіс іранска-амерыканскі і ізраільскі. Канешне, праблемы Беларусі адыходзяць кудысьці назад, але сітуацыя там не мяняецца да лепшага. Таму я спрабую вярнуць фокус увагі таксама і да Беларусі. Калі мы гаворым пра Украіну, пра Малдову, мы не павінны забываць Беларусь, гэта фактычна адзін рэгіён.
"Беларусы не будуць доўга цярпець гвалт над сабою"
- Па вашых падліках, каля 100 тысяч людзей былі закрануты рэпрэсіямі ў Беларусі. Гэта працягваецца доўга, цэлае пакаленне ўжо вырасла. Што вы думаеце пра беларускую моладзь? Ці ёсць надзея на яе? Ці вы баіцеся, што, калі маладыя людзі нічога іншага не бачылі, яны проста прымуць гэтую сітуацыю?
- Я аптымістычна гляджу наперад, грамадства Беларусі змянілася кардынальным чынам. Калі Лукашэнка прыходзіў да ўлады ў 1994-м годзе, ён меў рэальную падтрымку ў людзей, і гэтае пакаленне ўжо сышло. 30 гадоў прайшло, прыйшлі іншыя людзі. І гэта нармальная еўрапейская моладзь у сваёй аснове. Яны багата падарожнічалі па Еўропе, яны вучыліся багата дзе, яны жывуць фактычна тымі ж праблемамі, якімі жыве нармальная еўрапейская моладзь.
Тое, што мы бачылі ў 2020-м годзе, калі мільёны беларусаў выходзілі з патрабаваннямі еўрапейскага курса Беларусі, выступаючы за справядлівыя выбары, за правы чалавека, за змену ўлады, паказвае, што грамадства змянілася. На жаль, улады не змяніліся і наадварот, яны сталі больш кансерватыўнымі, зараз трымаюцца ля ўлады толькі дзякуючы рэпрэсіям, фактычна рэпрэсіўнаму апарату. Грамадства не давярае гэтым уладам. Так доўга гэтая сітуацыя не пратрымаецца. Я перакананы, што змены адбудуцца. Калі? Будзем спадзявацца, што хутка.
На жаль мірная рэвалюцыя атрымала паразу, але грамадства не змяніць. І гэтым беларускае грамадства адрозніваецца ад Расіі, таму што абсалютная большасць (я гэта сам, на свае вочы бачыў, калі размаўляў з людзьмі ў турме) супраць вайны. Гэта не наша вайна, мы ня хочам ваяваць. Яны не разумеюць, чаму Беларусь павінна дапамагаць Расіі ў гэтай вайне.
Надзвычай важна падтрымліваць беларускіх актывістаў, палітычных, грамадскіх, моладзевых, прафсаюзных, якія вымушаныя былі пакінуць Беларусь. А за апошнія пяць гадоў амаль мільён беларусаў выехалі з Беларусі ў Еўрапейскі Звяз. І надзвычай важна працягваць аказваць палітычны ціск на рэжым Лукашэнка, працягваць эканамічныя і палітычныя санкцыі супраць гэтага рэжыму, дабіваючыся дэмакратычных змен у Беларусі.
- Што сёння надае вам надзею на будучыню і што вас больш за ўсё непакоіць?
- Найбольшую надзею мне дае тое, што мы ўбачылі ў 2020-м годзе, тое, што беларускае грамадства змянілася. Кожны чалавек імкнецца да волі, і беларусы ня будуць доўга цярпець гвалт над сабою. А больш за ўсё мяне непакоіць, канешне, агрэсія Расіі супраць Украіны. Гэта наступ таталітарнай сістэмы на еўрапейскія каштоўнасці, на еўрапейскую дэмакратыю. І Еўропа павінна сябе бараніць, уключаючы Украіну таксама, таму што вайна Расіі з Украінай - гэта фактычна вайна Расіі з усёй еўрапейскай цывілізацыі. Ад вынікаў гэтага канфлікту, гэтай вайны залежыць будучыня Беларусі, Малдовы, усяго Закаўказзя, усёй Сярэдняй Азіі. І сотні мільёнаў людзей знаходзяцца закладнікамі гэтага выніку. І Еўропа павінна абараняць свае каштоўнасці і рабіць гэта вельмі актыўна.