1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Цікавасць да роднай мовы расце насуперак рэжыму Лукашэнкі?

16 октября 2024 г.

Толькі 1% гарадскіх школьнікаў вучыцца на беларускай мове. Што адбываецца з беларускай мовай і ці ёсць перадумовы для паляпшэння сітуацыі - высвятляла DW.

Вуліца Кастрычніцкая ў Мінску
Павел Баркоўскі: "Апошнім часам знішчаюцца надпісы на беларускай мове ў назвах вуліц і замяняюцца ўказальнікамі на рускай"Фото: Natalia Fedosenko/TASS/dpa/picture alliance

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты ў эфіры дзяржтэлеканала СТБ заявіў, што ў Беларусі расце цікавасць да беларускай мовы, а таксама прапанаваў аб'явіць наступны год Годам беларускай мовы. Што чакаць пасля такіх заяваў чыноўніка? Ці гатовыя ўлады пачаць мяккую беларусізацыю? І ці сапраўды цікавасць да беларускай мовы павялічваецца? Меркаванні экспертаў - у DW.

Чаго чакаць пасля заявы Крутога?

Беларускі палітолаг Валер Карбалевіч кажа, што заяве кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі "не спадарожнічаюць ніякія рашэнні на палітычным ці бюракратычным узроўні". На справе ўлады не робяць ніякіх  захадаў у падтрымку беларускай мовы: "Дзяржаўная палітыка працягвае лінію, каб трымаць мову беларускую недзе там, на перыферыі, у маргінэзе. Гэтая палітыка не мяняецца, таму гэтыя заявы не сведчаць ні пра што". Палітолаг лічыць, што русіфікацыя ў Беларусі будзе працягвацца "пакуль будзе існаваць гэты рэжым".

Меркаванне Карбалевіча падзяляе філосаф, даследчык, арганізатар незалежных адукацыйных і культурна-асветніцкіх ініцыятыў Павел Баркоўскі. Паводле яго, пра мову ўлада узгадвае толькі ў кан'юнктурных мэтах, напрыклад, калі ўзнікае неабходнасць падкрэсліць "фармальную незалежнасць" Беларусі ад Расіі, або каб паспрабаваць "улагодзіць электарат", які прыхільна ставіцца да беларускай мовы і культуры, напярэдадні выбараў.

У той жа час чыноўнікі Лукашэнкі, кажа суразмоўца DW, не робяць нейкіх рэальных крокаў хаця б для таго, каб спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да беларускамоўных: "Мы ведаем мэтанакіраваныя звальненні супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў толькі за тое, што яны маюць беларускую мову вядзення сваіх сацыяльных сетак, або за тое, што яны карыстаюцца беларускай мовай як мовай звычайнай камунікацыі".  

Ніводны беларускі ўніверсітэт не прапануе навучанне цалкам па-беларуску

Нічога не робіцца і для таго, каб павялічыць прысутнасць беларускай мовы ў школах ці ва ўстановах культуры. Баркоўскі адзначае, што нават паводле афіцыйнай статыстыкі, менш за 10% школ маюць беларускую мову выкладання як асноўную. Пераважна гэта вясковыя школы з малой колькасцю вучняў. У гарадах жа па-беларуску вучацца менш за 1%. На думку Баркоўскага, на справе сітуацыя можа быць яшчэ горшай, бо статус школы з беларускай мовай навучання не гарантуе, што ўсе прадметы там выкладаюцца па-беларуску. 

Ёсць і вялікая праблема з беларускамоўнымі дзіцячымі садкамі: сабраць такую групу вельмі цяжка, а часам проста немагчыма. Што да вышэйшай адукацыі, ніводны беларускі ўніверсітэт не прапануе навучанне цалкам на беларускай мове.

Ужыванне беларускай мовы змяншаецца і ў галіне культуры, асабліва гэта бачна ў тэатральным  жыцці і ў арганізацыі нейкіх музычна-забаўляльных марапрыемстваў, дзе пераважае руская мова.

"Апошнім часам знішчаюцца надпісы на беларускай мове ў назвах вуліц і замяняюцца ўказальнікамі на рускай. Знішчаюцца ўказальнікі на беларускай лацініцы і замест гэтага прапануецца словы на нейкім дзіўным гібрыдзе беларускай і англійскай моваў з незразумелай арфаграфіяй", - дадае Баркоўскі.

Паводле філосафа, ў Беларусі назіраецца працяглая тэндэнцыя "зводзіць мову да скансэна" - максімальна сціскаць прастору яе ужывання, пакідаючы этнаграфічныя формы.

Беларусы сталі больш гаварць па-беларуску?

У сваю чаргу юрыст і моўны актывіс Ігар Случак пераканы, што нават калі 2025-ы і будзе аб'яўлены ў Беларусі Годам беларускай мовы, гэта будзе толькі на паперы, у лепшым выпадку ў "нейкіх бібліятэках будзе праведзена лекцыя аб неабходнасці ведаць беларускую мову". 

"Беларуская мова ў публічнай сферы скарачаецца, колькасць беларускамоўных школ, садкоў скарачаецца, прававых актаў не выдаецца", - адзначае Случак.

Моўны актывіст не выключае, что заява Крутога можа быць разлічана на Расію, каб ім нагадаць: "у нас ёсць свая мова, і вы на нас выдзяляйце больш сродкаў, каб мы не ўзялі і не пачалі гэтую беларускую мову развіваць". Адначасова з заявамі Крутога ўлады ў РБ прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі" у тым ліку рэсурсы, якія развіваюць беларускую мову.

Аднак, паводле Случака, нягледзячы на дзяржаўную палітыку, пасля 2020 года беларусы сталі больш выкарыстоўваюць беларускую мову, бо хочуць паказаць, "мы не такія, як гэты рэжым": "Кожны чалавек, які разумее, што адбываецца ў краіне, разумее, што трэба неяк захоўваць сваю ідэнтычнасць". 

Таксама моўны актывіст кажа, што стаў атрымліваць больш пазітыўных адказаў ад беларускіх вытворцаў або выканкамаў на свае прапановы пашыраць ужыванне беларускай мовы.

Апазіцыя ўжо правяла Год беларускай мовы

"Што я назіраю ў асяродзі беларусаў - неважна, дзе яны жывуць, - гэта цікавасць да беларускай мовы і імкненне яе вывучаць. Я лічу, што гэта вельмі станоўчая тэндэнцыя", - заўважае мовазнаўца, доктарка філалагічных навук, заснавальніца кафедры беларускай мовы і літаратуры ў Віленскім педагагічным універсітэце Лілея Плыгаўка.

Яна лічыць, что такія працэсы сведчаць пра тое, што "беларуская мова як мова нацыі займае адну з асноўных пазіцый у духоўным жыцці народа".

"Я думаю, кіраўніцтва сённяшняй Беларусі таксама бачыць гэтыя працэсы і, зразумела, на іх трэба неяк рэагаваць", - дадае Плыгаўка адносна заявы Дзмітрыя Крутога.

Пакуль улады ў РБ вырашаюць, годам чаго абвесціць 2025-ы, дэмсілы правялі Год беларускай мовы яшчэ ў 2023 годзе.

Па словах Паўла Баркоўскага, Аб'яднаны пераходны кабінет Святланы Ціханоўскай падтрымлівае сетку беларускіх школ выходнага дня ў замежжы, праекты ў кніжнай сферы, блогінгу, стварэнне культурных прадуктаў на беларускай мове. Ёсць прапановы адкрыць за мяжой даследчы ўніверсітэт з беларускай мовай выкладання. Таксама ствараецца  Інстытут беларускай мовы, які будзе  аб'ядноўваць мовазнаўцаў за межамі Беларусі. 

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW