1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Добры час для беларускага мастацтва?

19 сентября 2023 г.

На кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі ў Варшаве iшла гаворка пра тое, як мастакам знайсцi падтрымку ў Еўропе, не згубiць сябе i прасоўваць беларускае мастацтва. Рэпартаж DW.

Удзельнiкi кангрэсу беларускай культуры ў Варшаве
Удзельнiкi кангрэсу беларускай культуры ў ВаршавеФото: Inbelkult 2.0.

Першы кангрэс беларускай культурыў эміграцыі адбыўся 16-17 верасня ў Цэнтры крэатыўнасці ў Варшаве. Пачаўся ён з выступу "Вольнага хору" у памяць мастака і палітзняволенага Алеся Пушкіна, які памёр у ліпені 2023 года у турме.

"У Беларусі раскручваецца спіраль рэпрэсій", - нагадаў падчас адкрыцця спецпрадстаўнік МЗС Польшчы па супрацоўніцтву з беларускімі дэмсіламі Артур Міхальскі. "Я веру, што беларусам наканавана мець свабодную, дэмакратычную, незалежную краіну. Я веру ў тое, што беларуская культура ў гэтым вам вельмі дапаможа", - адзначыў ён.

Здымак памерлага ў турме мастака Алеся Пушкiна на кангрэсе беларускай культуры ў ВаршавеФото: Inbelkult 2.0.

Пра дзейнасць у выгнаннi распавяла старшыня Беларускага ПЭНу, пiсьменнiца Таццяна Нядбай: "Мы працягваем працаваць над той жа павесткай, з той розніцай, што ў нашыя кватэры не ўломваецца ГУБАЗiК". Эміграцыя спрашчае працу, але, з іншага боку, ёсць рызыка згубіць "адчуванне, якое ёсць у людзей унутры краіны", патлумачыла яна DW. Таму ПЭН, хоць і  не публiчна, але падтрымлівае кантакты са сваімі сябрамі ў Беларусi.

Гатоўнасць да дыялогу - ужо вынік

"У Беларусі арганізацыі культуры былі даволі знітаваныя, а сёння яны, апынуўшыся ў вымушанай эміграцыі, раскіданыя па розных краінах. Плюс умовы канфiдэнцыяльнасці - гэта прыводзіць да таго, што мы вельмі мала ведаем нават пра сваіх бліжэйшых партнёраў", - адзначыла Нядбай.

"Гатоўнасць да размовы, да дыялогу - гэта ўжо вынік таго, што мы яшчэ не апусцілі рукі, што беларускія творцы жадаюць штосьці змяніць і палепшыць", -  лічыць заснавальніца арганізацыі Інбелкульт 2.0, кіраўніца "Вольнага хору" Галіна Казіміроўская.

Неабходнасць правесці кангрэс выклікана, перш за ўсё, маштабам культурнай эміграцыі з Беларусі, лiчыць яна. "Дзеячам мастацтва даволі цяжка ў эміграцыі, таму што гэта найбольш непрыстасаваныя прафесіі. Таму мы шукаем падтрымку з розных бакоў, каб больш людзей мастацтва засталіся на сваёй глебе", - расказала Казіміроўская.

Музей сучаснага мастацтва ў выгнанні

Падчас адной з панэлей гаворка ішла як раз пра ўзаемадзеянне прадстаўнікоў беларускай культуры з еўрапейскімі партнёрамі і шляхi атрымання падтрымкі. Сваім досведам падзялілася адна з арганізатарак фестывалю беларускай культуры ў Германіі Minsk x Minga Іна Валіцкая.

Сёлета фестываль у Мюнхене ладзіўся другі раз. Мерапрыемства фінансуе Баварская канцылярыя і некалькі фондаў.

"Мы хочам, каб наша праграма была арыентаваная і на нямецкага гледача, на нямецкую аўдыторыю, каб пабудаваць гэты мосцік паміж беларускай культурай і нямецкай аўдыторыяй", - падзялілася Валіцкая.

Арт-менеджэрка, сузаснавальніца і арт-дырэктарка Ambasada Kultury Ганна Чыстасердава таксама звярнула ўвагу, што аўдыторыя беларускіх праектаў пашырылася за кошт еўрапейскіх гледачоў. Прэзентацыі беларускай культуры за мяжой, на яе думку, магло б спрыяць стварэнне музея сучаснага беларускага мастацтва і фарміраванне калекцыі, якая ў будучым магла б пераехаць у Беларусь.

Экспазіцыя "вольнай Беларусі" рыхтавалася Венецыянскай біенале 2022

У другі дзень кангрэсу ладзіліся секцыі, прысвечаныя беларускаму тэатру, выдавецкай справе, традыцыйнаму і візуальнаму мастацтву ў эміграцыі. На апошняй абмяркоўвалі магчымы ўдзел беларускiх мастакоў у маштабных міжнародных мерапрыемствах, такіх як Венецыянская біенале ў 2024 годзе. Экспазіцыя мастакоў "вольнай Беларусі" рыхтавалася яшчэ да выставы 2022 году, але з-за саўдзелу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны прадставіць яе не атрымалася.

"Думаю, зараз усё ж добрыя часы для беларускага мастацтва", - падкрэсліла ў размове з DW мастацтвазнаўца, дырэктарка берлінскай галерэі сучаснага мастацтва Prater Galerie Лена Прэнц. З 2020 года кольскаць беларускіх мастакоў за мяжой значна павялiчылася. "Наша задача - улавіць тэмы, тэндэнцыі, сейсмаграфічную здольнасць мастакоў і мастачак рэагаваць на сітуацыю і паказваць нашыя праекты", - дадала суразмоўца.

З'ехаўшым беларускiм пісьменнікам важна, каб іх чыталі на Захадзе

Завяршыўся кангрэс літаратурнымі чытаннямі з удзелам Альгерда Бахарэвіча і Юліi Цімафеевай. Набыць кнігі гэтых і іншых аўтараў можна было на кірмашы, які зладзілі беларускія выдавецтвы за мяжой. Юлія Цімафеева прадставіла дзве новыя кнігі: "Мінскі дзённік: 2020-2021" і пераклад зборніка вершаў "Рэспубліка глухіх" амерыканскага паэта і крытыка Іллі Камінскага, які Цімафеева рабіла разам з Вальжынай Морт.

"Мінскі Дзённік: 2020-2021", распавяла яна, быў напісаны па-англійску, пачаткам паслужыла эсэ пра беларускія пратэсты, якое ў Юліі замовіла выданне Financial Times. "Беларускі пераклад мне даваўся цяжка: складана знайсці голас, танальнасць, якою можна расказваць пра гэтыя падзеі. Прапрацоўванне траўмы ў пэўнай ступені", - прызналася аўтарка.

Альгерд Бахарэвіч і Юлія ЦімафееваФото: Inbelkult 2.0.

"Мне хацелася, каб пераезд і маё жыццё на Захадзе не паставілі творчасць на паўзу, мне хацелася скончыць тое, што я распачаў яшчэ ў Мiнску, і перайсці да новых кніг", - падзяліўся з DW Альгерд Бахарэвіч. У эміграцыі ў яго выйшлі тры кнігі "Ператрус у музэі", "Хлопчык і снег", "Плошча Перамогі".

Літаратар адзначае, што ў яго тэкстах стала менш іроніі: "Раней я пісаў іранічныя тэксты, магчыма, выконваў ролю такога трыкстэра ў гэтай літаратуры. Але пасля 2020 году іроніі значна паменела. Цяжка ўсміхацца, калі такое адбываецца з тваёй краінай, з беларусамі".

Гэта ставіць перад пісьменнікамі новыя выклікі: як не скаціцца ў пафас, да штампаў і лозунгаў, як не звезці ўсё да нейкіх простых фраз і адказаў. "Пісьменнікам, якія з'ехалі, вельмі важна, каб іх прызнавалі і чыталі таксама на Захадзе. Менш за ўсё мне хацелася, каб гэта ўсё прачытвалася як скарга, як жальба на беларускі лёс", - кажа Бахарэвіч.

Ён турбуецца, што пераклад на англійскую мову апапядання "Карнікі" са зборніку "Ператрус ў музэі" будзе ўспрыняты "як нейкі палітычны маніфест": "Хачу спадзявацца, што я раблю штосьці большае, чым быць амбасадарам беларускага болю. Мы ўсе хочам быць мастакамі. Нас называюць на Захадзе пісьменнікамi ў выгнанні, i акцэнт робіцца менавіта на выгнанне, вельмі мала ўвагі надаецца таму, што мы яшчэ і пісьменнікі".

Глядзiце таксама:

Кніга Евы Вежнавец - намінант прэстыжнай прэміі ў Германіі

05:45

This browser does not support the video element.

Пропустить раздел Еще по теме
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW