1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Дзеда ў лагер саслалі, хату не забралі. У мяне - забіраюць"

10 октября 2024 г.

Улады Беларусі арыштавалі на Палессі 100-гадовую бацькоўскую хату кіраўніка "Белсата" Аляксея Дзікавіцкага.

Аляксей Дзікавіцкі
Аляксей ДзікавіцкіФото: privat

Аляксей Дзікавіцкі, які зараз выконвае абавязкі дырэктара тэлеканала "Белсат", даўно жыве ў Польшчы. Дом ягоных продкаў, арыштаваны зараз уладамі, знаходзіцца ў вёсцы Месткавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, непадалёку ад мяжы з Украінай. У сацсетках з’явіліся фотаздымкі - простая сялянская драўляная хата, сіняя з белымі шыбамі, выгляд якой нечым няўлоўна знаёмы многім беларусам.

Дзікавіцкі вядомы і тым, што напісаў кнігу "Оньдэ" на палескім дыялекце. Яна пачынаецца з узгадвання менавіта гэтай хаты, у якой Аляксей і навучыўся сваёй першай, як ён кажа, мове - палесскай.

DW пагаварыла з Аляксеем пра няпростую гісторыю сям’і, дома на Палессі і кола рэпрэсій.

"Гэтую хату збудаваў мой дзед"

DW: Як вы даведаліся пра арышт хаты?

Аляксей Дзікавіцкі: На адрас гэтай хаты прыйшоў ліст на маё прозвішча, з якога вынікае, што хата арыштаваная. З ёй немагчыма нешта рабіць да часу, пакуль не будзе выраку ў крымінальнай справе супраць мяне... Пра крымінальную справу я таксама даведаўся з гэтага ліста. Што за справа? Невядома. Беручы пад увагу гэты махавік рэпрэсій ў Беларусі, раней ці пазней кіраўнік "экстрэмісцкай арганізацыі", якой беларускія ўлады лічаць "Белсат", мусіць быць асуджаны завочна.  Што рабіць, не адзін я такі. А шкада мне менавіта бацькоўскай, дзедавай хаты.

- Раскажыце пра яе.

- Шкада не таму, што яна шмат каштуе - гэта не так. Гэта 100-гадовы дом, які мае для мяне сентыментальную вартасць.

Гэтую хату збудаваў мой дзед, для мяне самы паважны чалавек на зямлі. Там нарадзіўся мой бацька. Там паміралі мае дзяды, там паміралі мае бацькі... У гэтай хаце я выхоўваўся да сямі гадоў, пакуль не пайшоў у школу.

Цікава,  што мой дзед, Аляксей Аляксеевіч, быў "ворагам народа", быў асуджаны сталінскім рэжымам да расстрэлу, потым расстрэл замянілі на лагер. Але нават сталінскі рэжым, адправіўшы дзеда ў лагер, дом не канфіскаваў! І вось, праз 100 гадоў, беларускі рэжым вырашыў давесці гэтую справу да канца.

- У якім хата зараз стане? 

- Пакуль жылі бацькі, стараліся падтрымліваць у добрым стане, рамантаваць. Я думаў і дах замяніць з часам. Хата старэнькая, але прыдатная для жыцця, цёплая, дах не працякае. Калі за ёй прыглядаць, думаю, яна яшчэ прастаіць. 

- Там нехта жыве?

- Час ад часу спыняецца нехта са сваякоў, але штодзень - не.

Гэтую хату на Палессі збудаваў дзед Аляксея ДзікавіцкагаФото: Privat

"Там жылі мае продкі, адтуль мы везлі іх на могілкі"

- Якім быў лёс дзеда?

- Дзед паходзіць са старога шляхецкага роду, ён 1903 года нараджэння. Калі сабраўся ажаніцца, каб некуды прывесці жонку, пабудаваў гэты дом у пачатку 20-х гадоў, у міжваенны час, тады гэта была Польшча. Дзед быў гаспадаром, зараз сказалі б "фермерам", у яго была зямля, коні, каровы, як на той час - вялікая гаспадарка.

У 1939 годзе прыйшоў СССР, дзеда раскулачылі, хацелі расстраляць, потым - выслаць у лагер, але не паспелі - пачалася вайна. Дзед жыў пад акупацыяй там, пад Пінскам, разам з сям’ёй. Калі вярнулася савецкая ўлада, яго нават забралі ў армію, бо ён добра гаварыў па-польску і да канца вайны быў перакладчыкам. Потым ён думаў, што, як кажуць, "смыл кровью", што не пасадзяць. Але "таварышы" не забыліся, і яго выслалі ў лагер у Башкірыю. Дзед вярнуўся, на шчасце, і дажыў да 1992 года, амаль да 90 гадоў.

- У тую ж хату?

- Так! Там жыла бабуля з маім бацькам і яго сястрой, выхоўвала дзяцей і чакала дзеда з лагера. Там яны памерлі. Потым там жылі мае бацькі, калі выйшлі на пенсію. Таксама адтуль мы везлі іх на сельскія могілкі... Гэта гісторыя нашага роду.

- Вы там жылі з дзядуляй і бабуляй?

- Так, я быў чацвертым дзіцём ў мамы і першым ў бацькі, бо яна была ўдавой. Была вельмі цяжкая сітуацыя, і мяне немаўлём аддалі на вёску, дзе выхоўвалі да сямі гадоў, пакуль не забралі ў школу ў Пінск. Дзед мяне шмат чаму навучыў, як быць гаспадаром, як быць добрым чалавекам. Ён у маіх вачах быў чалавекам выбітным. Яго асудзілі беспадстаўна як польскага "шпіёна", "ворага народу", невядома каго... Супраць яго сведчылі, а ён гэтым людзям дараваў. Быў вядомым на ўсё Палессе.

Кніга "Оньдэ", якую кіраўнік "Белсата" напісаў на палескім дыялекце, пачынаецца з узгадвання менавіта гэтай хатыФото: Privat

"У гэтым доме я вывучыў сваю першую мову - палескую"

 - Там вы і вучылі палескую мову, дакладней, палескі дыялект беларускай?

- Я гаварыў толькі па-палеску да школы. Гэта практычна і ёсць мая родная мова. Я нарадзіўся ў 1973 годзе, не было і магчымасці гаварыць на іншых мовах. Мова гэта, дыялект, гаворка? Існуюць розныя тэорыі. Я гэта называю палесскай мовай.

- Ці часта вы прыязджалі ў вёску?

- Па-рознаму, я выехаў з Беларусі ў 2001 годзе, і 15 гадоў не мог вяртацца. Калі пачалася "адліга", я прыехаў і да беларускай рэвалюцыі рэгулярна ездзіў, пакуль было магчыма.

- У 2021 годзе вы выдалі кніжку "Оньдэ" на палескай мове. Атрымліваецца, не забыліся на яе за столькі год, з дзяцінства?

- У школе тады шмат хто хацеў пазбавіцца ці то беларускага акцэнту, ці то палескага. Я навучыўся гаварыць па-руску, потым з-за патрыятычных памкненняў - па-беларуску. Але калі памерла мама напрыканцы 2010-х, я паехаў на пахаванне і застаўся з бацькам на два тыдні. Пачалі праходзіць суседзі, і я зразумеў, што магу размаўляць, як раней. Яны дзівіліся, чалавек прыехаў з-за мяжы і гаворыць па-прастому, па-нашаму, па-тутэйшаму. З часам гэта мова пачала вылівацца з мяне. Гэта палесская мова пасіўным запасам ляжала ўва мне 40 гадоў. Я шмат размаўляў з аднавяскоўцамі, адкрыў для сябе цэлы палесскі космас. Кінуўся запісваць, але на якой мове? Беларуская, руская не пасуюць. І я пачаў запісваць так, як яно гучыць.

- Чаго вы чакаеце ад сітуацыі?

- Не думаю, што зараз можна нешта зрабіць, у Беларусі няма размоў пра закон. Думаю, што як прысудзяць мне 15 ці колькі гадоў завочна, то надыйдзе канфіскацыя, нажаль. Будуць гэтую хату прадаваць з малатка ці перададуць калгасу? Не ведаю. Але спадзяюся, што прыйдзе час, калі гэтыя незаконныя рашэнні будуць адмененыя, і нерухомасць - так дзіўна пра яе казаць "нерухомасць"!  - будзе вернутая ўладальнікам.

 

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW