1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Казіміроўская: "Дзіўны час, калі павінны мерацца кашмарамі"

12 сентября 2022 г.

Кіраўніца "Вольнага хору", музыкант і дырыжор, вымушаная з’ехаць з Беларусі, распавяла пра жыццё хору за мяжой, стаўленне еўрапейцаў да беларускага пытання і "другі ўдар" эміграцыі.

Галіна Казіміроўская
Кіраўніца "Вольнага хора" Галіна КазіміроўскаяФото: Volny Chor

"Вольны хор" узнік у Мінску ў жніўні 2020 году падчас пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Музыкі і спевакі падтрымлівалі пратэстоўцаў, ладзілі акцыі, натхнялі людзей. Многія самі прайшлі праз арышты. З-за рэпрэсій удзельнікі "Вольнага хору" былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. Зараз яны жывуць у Варшаве і працягваюць выступаць. 8 верасня хор узяў удзел у знакамітым Бетховенскім фестывалі ў Боне. DW паразмаўляла з кіраўніцай хору Галінай Казіміроўскай аб тым, як выжывае хор у эміграцыі, аб чым прыходзіцца распавядаць еўрапейцам і ўкраінцам і як знаходзіць сілы змагацца далей.

"Мы не прайгралі, нішто не забытае і мы працягваем змагацца"

DW: У Беларусі вы прайшлі праз затрыманні, з'ехалі, можа быць, без магчымасць вярнуцца ў бліжэйшыя гады… Як вы адчуваеце сябе зараз, як вашыя справы?

Галіна Казіміроўская: Цяжка нават адказаць. Зараз вельмі складаны перыяд жыцця і для мяне, і для сотняў беларусаў. Часам я задаю сабе пытанне, ці я не перабольшваю, можна паспрабаваць вярнуцца… Але гэта не гульня, трэба рабіць рэалістычны выбар. Мая дзейнасць па-за Беларуссю можа прынесці больш карысці, чым знаходжанне ў турме фізічна ці ў "турме" у шырокім сэнсе, бо Беларусь для мяне і шмат каго ператварылася ў вялікую турму.

- Людзям цяжка бывае рашыцца і з’ехаць з краіны. Якім быў ваш досвед вымушанай эміграцыі?

- У мяне не было магчымасці разважаць, усё адбылося цягам некалькіх дзён. Даволі рандомным быў і выбар Варшавы. Блізка да дому і зручна для паездак, сустрэч з беларусамі.

Са мной пераехала каля 15 чалавек з хору, і я стала з першых дзён шукаць для нас магчымасць заставацца хорам, расказваць, спяваць пра Беларусь.

Галіна Казіміроўская і "Вольны хор" у БоннеФото: T. Scheider/Beethovenfest

Гэта нялёгкі шлях. У нас не толькі прафесійныя музыкі, ёсць людзі, якія працуюць на будоўлі, прыбіраюць, сядзяць з дзеткамі… Хор застаецца іх ідэяй, якой яны аддаюць час, сілы, голас. Ёсць прафесійныя музыкі, і задача стаіць, каб яны захаваліся на беларускай культурнай глебе. Бо адбываецца вынішчэнне нашай культуры на ўзроўні мовы, музыкі, літаратуры. А без гэтага нас не існуе як нацыі. Рознымі спосабамі мы хапаемся за жыццё. Стварылі Беларускую школу мастацтваў, гэта падмурак і для музыкаў, і для нашых дзяцей, якіх зараз шмат у Варшаве.

- Мы з вамі ў Боне, дзе Вольны хор прымае ўдзел у фестывалі Бетховена. А ўвогуле, які попыт на ваша мастацтва з боку еўрапейскіх дзяржаў, устаноў? Ёсць дапамога?

- Не магу сказаць, што хтосьці нам моцна дапамагае. Але ў "Вольным хоры" ёсць запатрабаванне. Шмат беларусаў нас чакаюць і прымаюць, звычайна гэта ініцыятыва дыяспар. Часам запрашаюць на фестывалі.

Лёгка змагацца хутка, а калі ідзе доўгі працэс, то трэба не даць сабе прызвычаіцца, змірыцца і выбачыць. І праз мастацтва, песні мы можам дагрукацца да сэрцаў людзей, нагадаць, што мы не прайгралі, нішто не забытае і мы працягваем змагацца.

"Вы не змаглі, не дажалі" – я вельмі кепска да гэтага стаўлюся"

- Стаўленне да беларусаў з боку еўрапейцаў, палітыкаў змянілася. Два гады беларусы былі героямі і змагарамі за свабоду. А зараз яны саўдзельнікі агрэсіі супраць Украіны… Вы адчуваеце змену гэтага стаўлення?

- Так, пасля першага крызісу эміграцыі гэта быў другі ўдар для нас. Для мяне гэта падвойны стандарт з боку Еўропы. Бо Еўропа ведае, што мы змагаліся за нашу свабоду, што Лукашэнка не легітымны прэзідэнт, ён бандыт. І папрокі, што "вы не змаглі, не дажалі" – я вельмі кепска да гэтага стаўлюся.

Калі пачалася вайна, першае, што адчулі беларусы – віну. Але гэта ненармальна, мы не вінаватыя. Адзінае, што нам заставалася, гэта легчы пад гэтыя танкі. Але яны ж па нам і паедуць.

Мы рабілі вельмі шмат. А ці мы бачылі падтрымку з боку Еўропы? З боку Украіны? З боку хоць каго! Мы засталіся з нашым тыранам сам-насам і разбіраліся з ім, як маглі. Кветкамі, песнямі, маршамі… Можна нас папракаць, што мы не ўзялі зброю. Але, па-першае, у нас няма зброі. Па-другое, супраць нас былі армія, АМАП, міліцыя…

Ёсць "афіцыяльная" Беларусь, адкуль лятуць ракеты. Нам страшна, сорамна, мы адчуваем за гэта адказнасць. Але ёсць Беларусь, дзе мы спрабавалі з гэтым тыранам справіцца.

- А вы асабіста адчулі змену гэтага стаўлення?

- Так. У мяне ёсць машына, і ад пачатку вайны я пачала ездзіць на мяжу Польшчы з Украінай, развазіць людзей… Ты прыязджаеш, людзі бачаць беларускімі нумары і маюць сумнеў, ці садзіцца? І колькі людзей я вазіла, амаль ніводны не ведаў нічога пра Беларусь. Я расказвала, і людзі не верылі, што такое магло быць! Я сама б не паверыла, што буду мець пратакол, дзе напісана, што Галіна Казіміроўская парушыла беларускі закон тым, што спявала песню "Магутны Божа" у оперным тэатры.

І калі мы расказваем пра сотні згвалтаваных, збітых, забітых у Беларусі… Трэба расказваць. Мае дзеці ходзяць у польскую школу, і там дзеці пачалі кепска ставіцца да дзяцей з Расіі і, праз коску, з Беларусі.

- З лютага?

- Так. І я лічу, нельга дапусціць, каб гэта клалася на дзяцей. Мая дачка пайшла ў школу з плакатам "Беларусь – гэта не Расія". Яе дастала адказваць, што яна з Беларусі, гэта не Расія і мы супраць вайны. Такі пікет рабіла ў школе, пакуль ад яе не адчапіліся.

Наша школу мастацтваў адкрыта для ўсіх. У нас былі творчыя летнікі, мне тэлефануюць: "Мы хочам да вас патрапіць… Толькі мы з Расіі". Я кажу, добра, а вашыя дзеці хочуць спяваць, маляваць? "Так, так… Толькі мы з Расіі" – тры разы мне паўтарылі, так ім гэта (баліць. – Аўт.) …

"Мода на Беларусь прайшла"

- Як рэагуюць людзі, калі вы расказваеце пра людзей у турмах, пра тое, што адбываецца? У Еўропе зараз амаль нічога не чутна пра Беларусь.

- Можа, нельга так казаць, але гэта падобна на "моду". Мода на Беларусь прайшла... Зараз увесь ракурс на Украіну. Зразумейце мяне правільна. Мы на Украіну молімся, мы сцяной за яе, вельмі перажываем.

Але наш тыран, карыстаючыся магчымасцю, робіць з народам, што заўгодна. Кожны дзень затрымліваюць людзей. Нядаўна пасадзілі мужа і жонку, а дачку адправілі ў прытулак. Ніхто не можа яе адтуль забраць.

Мы жывем у дзіўны час, калі павінны мерацца кашмарамі… Што горш: турма, вайна, смерць?.. Гэта ўсё страшныя рэчы! Так, трэба падтрымліваць Украіну і рабіць усё, каб яны перамаглі. Але за гэтым усім, знайдзіце час у сваім сэрцы, галовах і на тое, што адбываецца побач, у краіне, якая палітычна вельмі звязаная з тым, што зараз адбываецца ў украінцаў.

- Што дае вам асабіста сілы жыць, працаваць, не складаць рукі?

- Шчыра кажучы, з кожным днём надзеі, што гэта хутка скончыцца, становіцца менш. Я дарослы чалавек, у мяне было збудаванае жыццё, сваё кола, праца, і без гэтага жыць – як без падмурка.

Дапамагае музыка, асабліва беларуская і тое, што мы робім "Вольным хорам". Не важна, дзе я, важна, што Беларусь – унутры. Я кажу, што мяне можна выгнаць з Беларусі, але вы не можаце выгнаць Беларусь з мяне.

Калі агучылі, што будуць адбіраць грамадзянства, мне стала смешна. Я не прызнаю гэтых законаў, іх робяць бандыты! Хто можа адабраць у мяне беларускасць? Я нарадзілася ў Беларусі, пражыла ўсё жыццё, гэта мая краіна. Пашпарт – гэта толькі паперка.

Глядзіце таксама: 

Нямецкі акцёр: Нельга асуджаць беларусаў

18:11

This browser does not support the video element.

 

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW