1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Як жывуць беларускія айцішнікі ў эміграцыі

4 мая 2021 г.

На фоне рэпрэсій, павышэння падаходнага падатку і праблем з інтэрнэтам беларускія IT-спецыялісты працягваюць пакідаць краіну. DW паразмаўляла з трыма беларускімі айцішнікамі, якія цяпер жывуць і працуюць за мяжой.

Belarus Minsk Bahnhof, Zugabteil
Фото: Tass/picture alliance

DW паразмаўляла з айцішнікамі, якія з’ехалі з Беларусі і сення працуюць ва Ўкраіне, Польшчы і Германіі.

Украіна: шмат беларусаў, самотна не бывае

Максім – праектны менеджар у беларускай кампаніі, што займаецца распрацоўкай мабільных дадаткаў і вэб-сайтаў. У свой вольны час ён займаецца праваабарончай дзейнасцю, а таксама ўваходзіць у КС. 4 месяцы таму праз пагрозу палітычнага і крымінальнага пераследу Максім вымушаны быў з’ехаць ва Ўкраіну: "Дзесьці з 25 лістапада пачалі масава ўзбуджаць крымінальныя справы. Шмат маіх сяброў пасадзілі яшчэ 12 лістапада па крымінальнай справе супраць студэнтаў, і я разумеў, што сёння, заўтра або праз тыдзень выйдуць на мяне".

Максім, менеджар IT-праектаўФото: privat

Кампанія, на якую працуе Максім, суправаджала яго на ўсіх этапах легалізацыі ў новай краіне, а таксама аплаціла выдаткі, звязаныя з пераездам: "Нашая кампанія арыентаваная на бізнес і не ўмешваецца ў палітыку. Але калі ты разумееш, што хутка па цябе прыйдуць, кампанія дапаможа табе з’ехаць". Пасля жніўня 2020 года з кампаніі Максіма з’ехалі каля 30 чалавек, частка плануе з’ехаць цягам гэтага года. 7 калегаў Максіма жывуць зусім побач: "Мы кожны аўторак ходзім у лазню, на выходных вандруем па краіне. І ў цэлым у Кіеве шмат беларусаў, у нас тут вялікая кам’юніці, і мы кожную нядзелю ладзім акцыі на Майдане. Таму самотна не бывае".

Украіну Максім абраў праз тое, што адтуль паходзіць ягоны бацька, гэта дазваляе атрымаць сталы від на жыхарства: "Плюс няма моўнага фактара, і ў нашай кампаніі тут ёсць філія. Мне прапаноўвалі яшчэ Польшчу і Латвію, але гэта было не так цікава з-за падаткаў".

Ва Ўкраіне Максім працуе як індывідуальны прадпрымальнік, што дазваляе эканоміць на падатках. У выніку ён зарабляе амаль столькі ж, колькі ў Беларусі: "Калі б я з’ехаў у Латвію, там бы я згубіў каля 30% ад таго заробку, які маю цяпер".

Максім жыве ў прыгарадзе Кіева. За арэнду аднапакаёўкі штомесяц ён аддае каля 230 еўра. Такія ж грошы ён выдаткоўваў на арэнду жытла ў мінскай Лошыцы: "У Кіеве вельмі дарагая арэнда, такое жытло каштавала б, напэўна, еўра 330. Але ў цэлым па Ўкраіне квадратны метр таннейшы за мінскі. Нармальную кватэру можна набыць за 600-700 еўра за квадратны метр". А вось на камуналку цяпер даводзіцца выдаткоўваць у два разы больш: 170 рублёў замест 70-80 у Мінску. Кошты на прадукты ва Ўкраіне, як мяркуе Максім, моцна не адрозніваюцца ад беларускіх.

Цяпер Максім адчувае сябе значна лепей, чым да ад’езду: "Адчуваю, што я ў бяспецы, магу спакойна вандраваць, гуляць і ўначы, і ўдзень, магу гуляць са сцягам, спяваць песні і ведаю, што мне нічога не пагражае".

Польшча: кошты на ежу не адрозніваюцца, а арэнда i квіткі на праезд значна даражэй

Марына (імя змененае – Рэд.) пераехала ў Польшчу 2 месяцы таму па праграме Poland.Business Harbour, якая дазваляе беларускім IT-спецыялістам бясплатна атрымаць візу і працаваць без дадатковых дазволаў: "Атрымаць візу было нескладана, чакаць трэба было крыху больш за месяц".

Варшава, цэнтр горадуФото: Pawel Brzeziñski/PAP/picture-alliance

Марына працуе праектным менеджарам у кампаніі, што распрацоўвае мабільныя дадаткі. Да пераезду яе падштурхнула нежаданне мірыцца з несправядлівасцю навокал: "Тое, што цяпер адбываецца, вельмі моцна ўплывае на мяне ў эмацыйным плане".

Кампанія, на якую працуе Марына, прапануе праграму рэлакейту супрацоўнікаў ва ўкраінскі офіс. Але Марына вырашыла абраць Польшчу: "З гэтай краінай мяне больш што звязвае, у мяне тут ёсць сябры, я ведаю мову".

Заробак Марына працягвае атрымліваць на беларускую картку, якой без праблем разлічваецца ў варшаўскіх крамах. Але польскую картку таксама давялося зрабіць, каб аплочваць арэнду. У Мінску Марына здымала кватэру разам з сяброўкай, на арэнду штомесяц ішло каля 165 еўра. У Варшаве арэнда абыходзіцца ў 2,7 разы болей – 455 еўра за аднапакаёвую кватэру разам з камунальнымі і інтэрнэтам. Кошты на ежу, кажа Марына, асабліва не адрозніваюцца. А вось квіткі на праезд у Варшаве значна даражэй.

Камуналка ў Польшчы абыходзіцца мінімум у два разы болей – каля 85 еўра. У цэлым грошай застаецца менш з-за большых выдаткаў на арэнду.

Нягледзячы на абмежаванні ў сувязі з пандэміяй дыскамфорту ад жыцця ў Варшаве Марына не адчувае: "Хоць у Беларусі і працуюць кавярні, але большасць маіх знаёмых з’ехала, таму гэта не было для мяне вялікім плюсам. Знікла моцная трывога, якая была ў Беларусі. Часам калі я бачу паліцэйскія бусы, мяне яшчэ крыху трыгерыць. Але ў цэлым мой эмацыйны стан палепшыўся, атрымліваю асалоду ад жыцця".

Германія: з айцішным заробкам у Мінску можна жыць нашмат лепш

Алеся яшчэ 4 гады таму пераехала ў Германію – пасля таго, як яе мужу прапанавалі працу ў Гамбургу. У Беларусі яна 7 гадоў працавала ў IT сектары: "Пасля пераезду спачатку я не займалася пошукам працы, вывучала нямецкую мову. А пасля вельмі хутка атрымалася знайсці сваю першую працу". За 4 гады Алеся паспела папрацаваць у якасці quality assurance ingeneer у трох розных кампаніях.

Алеся ў нямецкім офісеФото: privat

Розніца паміж беларускімі і нямецкімі IT-кампаніямі, на думку Алесі, у асноўным у тым, што ў Беларусі шмат якія кампаніі працуюць на аўтсорс, а ў Германіі IT-кампаніі займаюцца распрацоўкай уласных прадуктаў: "Тут працуеш на канкрэтным праекце, не мяняеш каманду, ведаеш усіх людзей і больш уцягнуты ў працэс". Яшчэ адна розніца ў тым, што ў Германіі запатрабаваныя больш універсальныя IT-спецыялісты, якія могуць выконваць больш шырокі спектр задач: "У Беларусі мне не трэба было займацца праграмаваннем, а тут трэба ведаць і ўмець усё. Але гэта нескладана асвоіць у працэсе працы".

Нямецкі заробак у IT-сектары не асабліва адрозніваецца ад беларускага: "Да аплаты падаткаў ён падаецца неблагім, але ў выніку ты атрымліваеш на рукі ў Беларусі і Германіі амаль тое самае. А жыццё ў Германіі нашмат даражэйшае, таму з айцішным заробкам у Мінску можна нашмат лепш жыць". На арэнду 3-пакаёвай кватэры штомесяц Алеся разам з мужам выдаткоўвае 1000 еўра, гэта ўключае ў сябе камуналку (каля 250 еўра). У Мінску за камуналку Алеся плаціла не больш за 30-40 еўра штомесяц. Праязны на транспарт абыходзіцца ў 80-120 еўра ў месяц. Кошты на прадукты, кавярні, кіно ў Германіі нашмат вышэйшыя.

Алеся з мужам у нацыянальных нямецкіх касцюмахФото: privat

З перавагаў працы ў беларускіх IT-кампаніях Алеся называе сацыяльныя бенефіты – абанемент у спартовую залю, прыватную медычную страхоўку, выходны на дзень народзінаў: "Цяпер у мяне няма ніякіх бенефітаў апроч 15 еўраў на праязны квіток. Яшчэ медычная страхоўка, але тут яна ва ўсіх".

У нямецкай кампаніі Алесі падабаецца праца ў міжнародным асяродку: "У Мінску працуеш у больш монакультурнай камандзе, таму што да нас не прыязджаюць замежнікі. Плюс work-life balance у Германіі нашмат лепшы, чым у Мінску". У цэлым Алеся называе Германію камфортнай краінай для жыцця, якая дапамагае людзям у розных сітуацыях: "Але ў Германіі дастаткова закрытыя людзі. Для мяне гэта вялікі мінус, я пакуль не магу інтэгравацца ў нямецкае грамадства, таму я сябе не вельмі добра адчуваю ў сацыяльным плане".

Вялікай хвалі эміграцыі сярод сваіх знаёмых айцішнікаў у Мінску Алеся не назірае: "Усім цяперашняя сітуацыя не падабаецца, але ўсе разумеюць, што жыццё за мяжой нашмат больш складанае, таксама і ў фінансавым плане".

Глядзіце таксама:

Активистка, покинувшая Беларусь: Нас объединила общая беда

08:07

This browser does not support the video element.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW