Чаму Германія скарачае фінансаванне беларускіх праектаў?
28 октября 2025 г.
Напачатку 2025 года ЗША спынілі праграму USAID, што балюча ўдарыла па беларускай грамадзянскай супольнасці: з гэтай праграмы фінансаваліся шматлікія праекты і медыя ў выгнанні. ЕС на гэтым фоне заставаўся больш надзейным і прадказальным партнёрам, але і тут паступова адбываюцца скарачэнні бюджэтаў. За апошні год толькі Германія прыпыніла фінансаванне адразу некалькіх беларускіх праектаў, апошнім з іх стаў "Форум гістарычных даследванняў Беларусі". Што адбываецца з нямецкім фінансаваннем цяпер - у матэрыяле DW.
Падтрымка гісторыкаў і "нязручныя" для беларускіх уладаў тэмы
Афіцыйна Форум гістарычных даследванняў Беларусі пачаў працаваць у 2022 годзе, гэта праект Нямецкага таварыства па ўсходнееўрапейскіх даследваннях (DGO). На працягу чатырох гадоў ён ладзіў навуковыя дыскусіі і канферэнцыі і даваў пляцоўку для тэмаў, якія ў Беларусі цяпер пад забаронай і замоўчваюцца, нібыта іх не існуе: напрыклад, савецкія рэпрэсіі, "нязручныя" падзеі Другой сусветнай вайны і г.д. Таксама Форум падтрымліваў рэпрэсаваных гісторыкаў з Беларусі і прапаноўваў стыпендыі даследчыкам, якія заставаліся ў краіне - яны маглі прыехаць у Германію і працаваць у архівах, наладжваць кантакты з нямецкай акадэмічнай супольнасцю.
"Дыскутаваць на тэму Другой сусветнай вайны ў сітуацыі, калі ў Беларусі прыняты закон аб генацыдзе беларускага народа, амаль немагчыма без рызыкі патрапіць пад рэпрэсіі. Падобныя законы наўпрост крыміналізуюць незалежныя даследванні па гісторыі, таму адной з галоўных мэтаў нашага праекту было даваць магчымасці, каб працаваць з гэтымі тэмамі", - кажа каардынатарка Форуму Алеся Белановіч-Петц.
Праект "вырас" з сумеснай нямецка-беларускай камісіі гісторыкаў, якая з’явілася пасля візіту прэзідэнта Германіі ў Беларусь у 2018 годзе. Тады Берлін спрабаваў наладзіць дыялог з Мінскам у галіне гісторыі і культуры памяці. З нямецкага боку ў камісію ўваходзіла DGO, з беларускага - Інстытут гісторыі Акадэміі навук РБ.
"Такая супраца з самага пачатку была няпростай. Яна была спыненая, калі ў 2020 годзе пачаліся палітычна матываваныя звальненні з Акадэміі навук. Пасля гэтага намаганнямі нямецкай часткі камісіі атрымалася перафарматаваць праект у Форум гістарычных даследванняў Беларусі, які быў скіраваны ў тым ліку на тое, каб дапамагчы рэпрэсаваным беларускім гісторыкам", - распавядае гісторыю Форуму Алеся Белановіч-Петц.
Яго працу, у прыватнасці, падтрымлівалі былы дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ прафесар Віктар Шадурскі, прафесар завочнага Універсітэта Хагена Фелікс Акерман(Felix Ackermann), прафесар Брэменскага універсітэта Сайман Льюіс, даследчыца Ірына Кашталян ды іншыя.
"З прычыны дэфіцыту бюджэту"
Такім чынам Форум працаваў на працягу амаль чатырох гадоў, пакуль адным днём ён не атрымаў афіцыйны ліст ад Міністэрства замежных спраў Германіі. У ім паведамлялася, што праект больш не будзе атрымоўваць фінансавай падтрымкі ад МЗС "з прычыны дэфіцыту бюжэту".
"Міністэрства падтрымлівала нашу працу чатыры гады, за што мы вельмі ўдзячныя. Але далей праект не атрымае фінансавання. Агулам гэта вельмі кепскі сігнал для беларускай дэмакратычнай супольнасці, якая знаходзіцца ў фазе выжывання. Гэта кепскі сігнал і для нямецкага грамадства, якое вельмі мала ведае пра Беларусь. На маю думку, гэта будзе мець наступствы, таму што пра Беларусь стануць ведаць яшчэ менш, яна працягне знікаць з ментальнай мапы еўрапейскага грамадства", - мяркуе Белановіч-Петц.
На дадзены момант Форум гістарычных даследванняў Беларусі рыхтуецца да завяршэння сваёй дзейнасці.
Не толькі Форум згубіў фінансаванне
Большасць праектаў на беларускія тэмы ў Германіі фінансуюцца Міністэрствам замежных спраў - або наўпрост, або праз праграму падтрымкі краінаў Усходняга партнёрства. Па інфармацыі DW, цягам апошняга года падобныя лісты ад МЗС атрымаў не толькі Форум гістарычных даследванняў Беларусі. Сярод тых, хто цалкам альбо часткова згубіў фінансаванне, быў праект, які падтрымліваў рэпрэсаваных навукоўцаў з Беларусі. Таксама праз спыненне падтрымкі завяршылася праграма для беларускіх мастакоў, якая ладзіла для іх арт-рэзідэнцыі ў Германіі.
"Ужо не першы год адбываецца значнае скарачэнне бюджэтаў на праекты агулам і, адпаведна, на беларускія тэмы таксама. То бок яно не скіравана адмыслова на Беларусь - ад гэтай тэндэнцыі пацярпелі ўсе", - кажа ў каментары DW прастаўніца аднаго з праектаў.
У аб’яднанні беларусаў Германіі "Разам" падцвердзілі, што з мінулага года МЗС фінансуе значна менш беларускіх ініцыятываў.
Іншыя працягваюць дзейнасць, але адчуваюць, што сродкаў становіцца меней
Пры гэтым частка праграм, якія фінансуюцца МЗС, захоўваюць сваё функцыянаванне і працу з беларусамі.
Працягвае дзейнічаць праграма "Hilde Domin-Programm" ад DAAD для рэпрэсаваных студэнтаў, якая выдзяляе ім стыпендыі на вучобу ў Германіі.
Па-ранейшаму працуе беларуская рэдакцыя праекта Dekoder - яна распавядае і тлумачыць нямецкай аўдыторыі Беларусь.
Падтрымка застаецца і ў праваабарончай арганізацыі Libereco, што падтрымлівае і адвакатуе правы беларускіх палітвязняў.
"Але і мы таксама адчуваем, што на праекты грамадзянскай супольнасці Беларусі выдзяляецца ўсё менш сродкаў, - кажа ў каментары для DW кіраўнік Libereco Марко Фібер (Marco Fieber). - Мы не можам гэтага цалкам зразумець, паколькі, з аднаго боку, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму застаецца вельмі цяжкой, а з іншага - запыт на медыцынскую, псіхасацыяльную, юрыдычную і гуманітарную дапамогу ў выгнанні толькі ўзрастае", - лічыць праваабаронца. На думку Марко Фібера, далейшае скарачэнне падтрымкі будзе "граць на руку аўтарытарнаму рэжыму Аляксандра Лукашэнкі".
У Міністэрстве замежных спраў Германіі DW падцвердзілі, што з наступнага года фінансаванне Форуму гістарычных даследванняў Беларусі спыняецца.
"Пасля таго як з 2021 года стала немагчымым супрацоўніцтва з Беларуссю ў межах сумеснай камісіі гісторыкаў, Форум гістарычных даследванняў Беларусі пры Нямецкім таварыстве па ўсходнееўрапейскіх даследваннях атрымаў часовае фінансаванне ад DAAD на 2022-2023 гады. Па ініцыятыве МЗС Германіі гэтае фінансаванне было працягнута да канца 2025 года", - гаворыцца ў адказе, але прычыны рашэння не працягваць фінансаванне Форума не агучваюцца.
"Беларусь аддаюць расійскім наратывам"
На думку Алесі Белановіч-Петц, цяпер беларуская акадэмічная супольнасць знаходзіцца ў вельмі ўразлівым стане. Навукоўцы, якія праз пагрозу пераследу з’ехалі з Беларусі, стаяць перад шматлікімі выклікамі: гэта і легалізацыя, і вывучэнне новай мовы, і пытанне, як захаваць сябе ў прафесіі.
"На жаль, мы не бачым альтэрнатывы нашай працы. Магчымаць атрымліваць стыпендыі, выязджаць на даследніцкія стажыроўкі, прымаць удзел у канферэнцыях была вельмі важнай, каб заставаўся дыялог паміж тымі, хто жыве ў краіне, і тымі, хто быў вымушаны выехаць," - лічыць Белановіч-Петц.
Яна ўзгадвае прамову Франка-Вальтэра Штайнмайера (Frank-Walter Steinmeier) у Мінску ў 2018 годзе, калі той адзначаў, што пасля амаль трох дзесяцігоддзяў незалежнасці Беларусь з'яўляецца ў свядомасці нямецкага грамадства і выходзіць з ценю Савецкага Саюза. На дадзены момент, перакананая Белановіч-Петц, краіна зноў аддаецца расійскім наратывам.
"Зараз, у 2025 годзе, даводзіцца адзначаць, што Беларусь не проста стаіць у цені спадкаемніцы Савецкага Саюза Расіі, але і праз палітыку Лукашэнкі знаходзіцца пад вельмі моцным уплывам Крамля. І калі галасы незалежнай супольнасці акадэмікаў і гісторыкаў не будуць пачутыя, гэта азначае, што Беларусь цалкам аддаецца расійскім наратывам", - кажа Алеся Белановіч-Петц.