1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Год гістарычнай памяці: пра што хацеў бы забыцца Лукашэнка?

Таццяна Невядомская
14 января 2022 г.

2022 год у Беларусі абвесцiлi Годам гiстарычнай памяцi. Якiя падзеi вылучаюць, а якiя - замоўчваюць улады, i цi ёсць у краiне адзiны погляд на мiнулае?

Чалавек з бел-чырвона-белым сцягам супраць арміі сілавікоў
Бел-чырвона-белы сцяг стаў у Беларусі сімвалам пратэсту. Улады хочуць прыраўняць яго да нацысцкай сімволікіФото: Uncredited/AP/dpa/picture-alliance

Беларускiя ўлады абвесцілі 2022 год Годам гiстарычнай памяцi. Паводле слоў Лукашэнкi, гэта "добрая нагода для ўсіх яшчэ раз асэнсаваць тысячагадовы цярнiсты шлях народа да незалежнасцi i ўласнай дзяржаўнасцi. Скласці разам усе старонкі нашай няпростай гісторыі: і гераічныя, і трагічныя. Вызначыцца з пантэонам нацыянальных герояў, яшчэ раз паглядзець на падручнікі гісторыі". Раней на нарадзе па пытаннях рэалізацыі гістарычнай палітыкі ён прапанаваў назваць перыяд Рэчы Паспалітай "акупацыяй беларускай зямлі палякамі" і "этнацыдам беларусаў". 

Акрамя таго, на думку Лукашэнкі, "літоўцы фактычна прыватызавалі спадчыну" Вялікага княства Літоўскага. Улады ўсё часцей звяртаюцца да гістарычных падзей і даюць ім сваю ацэнку. Незалежныя даследчыкі часта з ёй не згодныя. DW сабрала падзеі і даты, якія выклікаюць палеміку ў беларускім грамадстве.

Улады не лічаць БНР дзяржавай і не асуджаюць сталінізм

25 сакавіка 1918 года была абвешчана незалежнасць Беларускай народнай рэспублікі (БНР). Як самастойная дзяржава яна існавала да 1919, пасля ўрад БНР быў вымушаны эміграваць.

Афіцыйныя ўлады дату 25 сакавіка не прызнаюць, а прысвечаныя ёй мерапрыемствы, як правіла, суправаджаюцца масавымі затрыманнямі. У падручніках па гісторыі пішуць, што БНР "у поўным сэнсе дзяржавай не з'яўлялася". Таксама падкрэсліваецца, што яе кіраўніцтва спрабавала рэалізаваць "незалежнасць дзяржавы пры дапамозе знешніх сіл, звяртаючыся да кайзера, што было памылкай".

У сваю чаргу, незалежныя гісторыкі ўпэўненыя, што абвяшчэнне БНР прывяло да стварэння Беларускай ССР і ў далейшым - Беларусі.

Мінск, 1918 год: бел-чырвона-белы сцяг на будынку народнага сакратарыяту БНР

Тэма сталінскіх рэпрэсій у Беларусі, па вялікім рахунку, увогуле замоўчваецца. Па афіцыйнай статыстыцы, у БССР за "контррэвалюцыйныя злачынствы" было асуджана каля 600 тысяч чалавек. Лічба была ўведзена ў навуковы абарот у 1993 годзе. На дзяржаўным узроўні ў Беларусі злачынствы сталінізму не былі асуджаныя, а даследаванні гэтай тэмы фактычна спыненыя з 1990-х. Доступ да архіваў КДБ, і тое вельмі абмежаваны, ёсць у сваякоў рэпрэсаваных, гісторыкі патрапіць туды не могуць.

У новым падручніку  гісторыі Беларусі для 11 класаў школ з рускай мовай навучання тэма сталінскіх рэпрэсій амаль не ўздымаецца.

Неадназначныя даты дзяржаўных свят

17 верасня 1939 года Савецкае войска ўварвалася ў Польшчу, у выніку да БССР далучылі Заходнюю Беларусь. У 2021 годзе Аляксандр Лукашэнка абвясціў 17 верасня Днём народнага адзінства.

Улады робяць акцэнт на нацыянальным і сацыяльным прыгнёце этнічнага беларускага насельніцтва ў міжваеннай Польшчы, але замоўчваецца тэрор з боку савецкай дзяржавы ў дачыненні да тых жа этнічных і сацыяльных груп. Не гаворыцца і пра тое, што  Савецкі саюз уступіў у Другую сусветную вайну, а ў Польшчы - гэта дзень нацыянальнай трагедыі.

Незалежныя гісторыкі неадназначна ўспрымаюць дату 17 верасня: з аднаго боку, аб’яднане беларускага насельніцтва было для многіх жаданай падзеяй, бо Рыжская мірная дамова не ўлічвала яго інтарэсаў, з іншага - ігнаруецца трагедыя тысяч польскіх грамадзян (у тым ліку і этнічных беларусаў), якія сталі ахвярамі гэтага далучэння. 

Палеміка наконт даты Дня Незалежнасці

У 1992-1996 гадах Дзень Незалежнасці адзначаўся 27 ліпеня - у дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце ў 1990 годзе. У 1996 годзе Аляксандр Лукашэнка ініцыяваў рэферэндум, па выніках якога свята было перанесена на 3 ліпеня - дату вызвалення Мінска ад фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе. 

Мінск у дзень вызвалення горада ад фашысцкіх захопнікаў, 3 ліпеня 1944 г.Фото: picture-alliance/dpa/Ria Novosti

Выбар яе для галоўнага дзяржаўнага свята ў гісторыкаў выклікае пытанні, бо канчаткова Беларусь была вызвалена толькі напрыканцы ліпеня.

Каментар гісторыка

"Калі казаць пра падзеі, якія з’яўляюцца найбольш рэзананснымі з пункту гледжання праўладных і незалежных гісторыкаў, то гэта, традыцыйна, паўстанне Кастуся Каліноўскага, дзейнасць  БНР, стаўленне да сталінскіх рэпрэсій. Што да апошняга, то беларускія ўлады апраўдваюць гэта, Лукашэнка ні разу не быў у Курапатах", - каментуе беларускі гісторык Валерый Карбалевіч.

Беларускі гісторык Валерый КарбалевічФото: DW/Elena Daneyko

Таксама ён звяртае ўвагу на падзеі 17 верасня 1939 года - далучэнне Заходняй Беларусі.

"Цяпер улады аб’явілі гэта святам, хаця свята даволі двухсэнсоўнае, бо фактычна сталінскі СССР уступіў у саюз з гітлераўскай Нямеччынай. Гэты факт улады ўсяляк хаваюць, - кажа Карбалевіч. - Таксама Лукашэнка даволі часта апелюе да тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў своеасаблівай інтэрпрэтацыі. Зараз законы аб генацыдзе беларускага народу і недапушчэнні рэабілітацыі нацызму выкарыстоўваюцца для таго, каб дыскрэдытаваць бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, аб’явіць, што яны былі ў калабарантаў у гады вайны, а значыць, усе апаненты ўладаў, што выкарыстоўваюць іх зараз,  - нашчадкі нацызму ".

Што да апошніх заяў Лукашэнкі наконт  стаўлення да гістарычных падзей, то, па меркаванні суразмоўцы DW, Рэч Паспалітую і Вялікае Княства Літоўскае ён узгадаў выключна дзеля таго, каб чарговым разам дапячы Літве і Польшчы, маўляў, яны заўсёды дрэнна ставіліся да беларусаў, цяпер таксама.

У цэлым, на думку Валерыя Карбалевіча, тое, што дзяржава аб’явіла 2022 Годам гістарычнай памяці і чарговы раз звяртаецца да мінуўшчыны, сведчыць, што ў яе няма нейкага пазітыўнага наратыву, вакол якога можна б было аб’яднаць грамадства.

"Гістарычная навука Беларусі ператвараецца ў інструмент сучаснай палітыкі, ідэалагізацыі беларускага грамадства, спробы выхаваць яго на тых ідэалах, якія прапануе ўлада. Але зараз эпоха інтэрнэту, у такіх умовах зрабіць гісторыю служкай палітыкі ў поўным сэнсе наўрад атрымаецца", - лічыць эксперт.

Глядзіце таксама:

Вядомыя беларусы віншуюць з Новым годам

03:03

This browser does not support the video element.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW