Хадановіч: Пуцін знішчыў міф пра вялікую рускую культуру
7 ноября 2022 г.Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч прыняў удзел у культурнай сустрэчы ў Брэмэне, дзе ўзгадвалі менскую "Ноч расстраляных паэтаў" 1937 года, шанавалі памяць ахвяраў, якія ляжаць у Курапатах.
Сам Хадановіч з'ехаў з Беларусі ў 2021 годзе, калі дзяржава разграміла культурную сферу, знішчыла незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр.
Мы паразмаўлялі з паэтам пра эміграцыю, вайну Расеі супраць Украіны, адмену рускай культуры і адметнасць беларускай, лёс мовы і будучыню краіны.
DW: Больш за год таму вы з’ехалі з Беларусі. Як гэта - быць паэтам у выгнанні?
Андрэй Хадановіч: Як на мяне, "паэт у выгнанні" - гэта Міцкевіч на гары Аюдаг, які тужыць па Вялікім княстве Літоўскім...
У мяне ёсць дыскамфорт з таго часу, як, выехаўшы на тры тыдні з чамаданчыкам, я зразумеў, што не магу скарыстацца зваротным квітком на 21 жніўня 2021 года. Дзяржава разграміла культурную сферу, калегі выехалі, і надта дзівачна і нясвоечасова было б вяртацца. Спачатку я прызямліўся каля Лазенак, на запрашэнне аўстрыйскага ПЭН-клубу жыў пад Венаю ў мужчынскім манастыры, па стыпендыі Icorn пажыў у Кракаве, Гданьску.
Паспрабую апісаць свае пачуцці. Мне, безумоўна, не хочацца ў турму. І не хочацца быць у сітуацыі вымушанай самацэнзуры ў краіне, фактычна акупаванай як самаабвешчаным рэжымам, так і пуцінскай Расеяй.
Да 24 лютага беларусы хадзілі з горда паднятай галавой. Нам не ўдалося фізічна і палітычна перамагчы, але маральная перамога засталася за грамадствам. А потым здарылася вайна. І наша высока паднятая галава ператварылася ў нізка апушчаную, у адчуванне вымушанага сораму, куды без віны выпіхнуў нас рэжым.
Пасля 24 лютага сістэмы Беларусі і Расеі ўвайшлі ў клінч, у працэс, які закончыцца фіяска. Але чым бліжэй да фіналу, тым больш балюча будзе рабіцца ў звар’яцелай Расеі, у рэпрэсаванай Беларусі.
Мне здаецца, што ва ўсім рэгіёне беларусы будуць "лакмусавай паперкай" тэсту на чалавечнасць. Колькі рэпрэсій і несправядлівых абвінавачванняў у іх ні паляцела, большасць не агрызаюцца, а цярпліва маўчаць і разумеюць агульную логіку падзеяў. Ва Украіне вырашаецца лёс усёй Еўропы, калі не шырэй. Кожны, хто застаецца чалавекам, набліжае крах гэтай сістэмы. А беларусы людзьмі застаюцца.
- Цяжкія часы для паэта - гэта добра ці не?
- Паэту не мусіць быць занадта камфортна, але гэта той стан дыскамфорту, які прымушае думаць не пра творчасць, а пра тое, як не сесці ў турму, не скончыць з сабой, не звар’яцець…
Зашкал болю і суперажывання ў беларускай паэзіі з’явіўся летам 2020 года і не знікае. Калі казаць на ўзроўні імёнаў (з прычынаў бяспекі не буду згадваць аўтараў, якія знаходзяцца ў Беларусі) - учорашні экскурсавод Мікіта Моніч рэагуе на скрадзеную "Еву" вершам "Да дыктатара". Мікіта, які не пазіцыянаваў сябе як літаратар, напісаў адзін з найяскравейшых вершаў. Празаік, лідар свайго пакалення Альгерд Бахарэвіч пераходзіць на балючыя вершы.
Хаця час не спрыяе руцінным, але неабходным культурным працэсам, як то адносіны "аўтар - чытач". Ёсць пэўны голад на традыцыйную папяровую кніжку. І трэба задавальняць гэты голад, няхай і за мяжой, мусяць паўставаць культурныя ініцыятывы, выдавецтвы. Беларусь з усімі традыцыямі ёсць сёння там, дзе ёсць мы. Думаю, што і Нямеччына не выключэнне.
- На ваш погляд, чаму рэжым пераследуе літаратараў?
- У мяне два адказы, якія дапаўняюць адзін аднаго. Першае, гэта помста. Бо культура выявілася моцным сродкам збіраць грамадзянскую супольнасць, падтрымаць адно аднога. Знішчыць культуру - гэта як знішчыць карэту хуткай дапамогі. Іншая рэч, наколькі гараць рукапісы ў часы інтэрнэту.
Другое, што зачышчаецца наогул усё беларускае. Тут я бачу халуйскае матлянне сабачым хвосцікам у бок маскоўскага гаспадара. Дзесяцігоддзямі беларускі рэжым абменьваў зніжкі на энерганосьбіты на словы пра братэрства. Але словы перастаюць працаваць. Таму лаяльнасць можна праявіць, рэпрэсуючы ўсё беларускае ў Беларусі. Глядзіце, мы вам не чужыя, адкрываемся насустрач "рускаму свету", забараняем кніжкі, выпіхваем беларускую культуру за мяжу.
Гэта значыць яшчэ больш адкрыць Беларусь для расейскай каланізацыі. Праз выпаленую культурную зямлю прасцей перадаваць ракеты, якія паляцяць у бок Украіны, падвозіць расейскую салдатню.
- Культура адмены, "расейская культура мусіць замаўчаць". Што вы думаеце на гэты конт?
- Я кепскі дыпламат. Паспеў абразіць вялікую колькасць сяброў-украінцаў, незадоўга да вайны з’ездзіўшы ў Пецярбург па запрашэнні часопісу "Дружба народов", каб перакладаць на беларускую мову ўкраінскую паэзію. У ноч перад вайною навіна пра гэта з прозвішчамі ўкраінцаў, беларусаў, якія туды паехалі, была ўкінутая ва ўкраінскую інфармацыйную прастору, каб абурэнне намі супала з атакамі на Украіну. Мірнае паседжанне ў Пецярбургу было часткай інфармацыйнай агрэсіі. А людзі, якія сядзелі там і перакладалі на рускую, не выказалі абурэння вайной. Ці такая нявінная культура, як яна хацела б здавацца?
З іншага боку, я паспеў абразіць шмат расейскіх калегаў, калі запісаў лекцыю пра імперскасць у рускай літаратуры, дзе цытаваў, як героі Пушкіна вырашылі "татарину отсечь голову с широких плеч", дзе мама ў Лермантава, закалыхваючы дзіця, гаворыць: "Злой чечен ползет на берег, точит свой кинжал". Ці ўсё ў парадку з гэтай культурай? Ці ўсё ж дзейнічаюць нейкія бацылы, шкоднасць якіх не ўсведамляецца носьбітамі?
"Умом Росию не понять"… Для ўсіх - адна маральная шкала, а мы, святыя рускія, будзем судзіць сябе інакш, у святле нейкіх месійных рэчаў. Адсюль і ўсёдазволенасць, і ручанькі можна памакаць у крыві, - безумоўна, чужой.
Абвінаваціць Дастаеўскага з яго антысемітызмам ці паланафобіяй - лягчэй. Чэхава з яго крыштальнай чэснасцю - складаней. Закэнсэліць Платонава, які паставіў дыягназ гэтаму распаду чалавечнага, або Замяціна, які раней за ўсіх напісаў антыўтопію "Мы" - навошта? Гэтая частка рускай культуры - партызанская зброя, якая не ў руках пуцінскай прапаганды можа паслужыць супраць яе ж.
- Якой вы бачыце будучыню для беларускай культуры і мовы?
- Думаю, што сам Пуцін знішчыў міф пра чароўную, вялікую, універсальную рускую культуру. З культурай нічога не здарыцца, Талстой і Чэхаў ужо ў вечнасці. Але крэдыт любові зменіцца насцярожаным выпрабавальным позіркам людзей у бок рускай культуры і мовы. Трэба будзе даказаць, што гэта годны прадукт і варты твор.
Разам з тым - дыстанцыя. Усведамленне свайго, што ты - зусім не Расея, што беларуская культура, незалежна ад мовы, - у бачанні свету, без схільнасці да расейскай гігантаманіі. Яе позірк наведзены на асобнага чалавека. Расейская культура - гэта шырокія батальныя палотны вайны і міра… Беларускі адказ - гэта індывідуальныя галасы пакутнікаў Васіля Быкава, якіх вайна правярае на чалавечнасць, ці вытрымаеш ты на званне чалавека ў экстрэмальных умовах. Або галасы жанчын Святланы Алексіевіч. Беларуская культура іншая, і тэма вайны тут - лакмусавая паперка.
Што да мовы, то мне здаецца, што пуцінская антырэклама дадасць носьбітаў не толькі ўкраінскай мовы, але і беларускай. Назіраю ў сацсетках, як некалькі цікавых беларускіх рускамоўных паэтак спрабуюць сябе на тэрыторыі беларускай мовы.
Безумоўна, пуцінская імперыя пацярпіць крах. Але задача на будучыню - працаваць з гэтымі памылкамі: як так сталася, што адна з найвялікшых культур спарадзіла, апраўдала і падагравала фашызм.