Кацярына Андрэева: Вызваленне мужа - пытанне бліжэйшага часу
8 мая 2026 г.
Мы сустракаемся з Кацярынай Андрэевай пасля паказу фільма Мары Тамковіч "Пад шэрым небам", прысвечанага падзеям 2020 года. У аснову стужкі ў значнай ступені пакладзена гісторыя самой Андрэевай і яе мужа, палітзняволеннага журналіста Ігара Ільяша. Для Кацярыны гэты паказ - не проста вяртанне да балючых успамінаў, а магчымасць зноў звярнуць увагу на лёс беларускіх журналістаў і Ігара: яе вызваленне застаецца няпоўным, пакуль муж у зняволенні.
DW: Чаму вы вырашылі прыйсці на гэты паказ?
Кацярына Андрэева: Спачатку я думала, што пагляджу гэты фільм толькі, калі Ігар вызваліцца. Але ён глядзеў яго без мяне, гэта была нагода, каб прыцягнуць увагу да маёй справы і да важнасці майго вызвалення. Я прыйшла на фільм, каб прыцягнуць увагу да важнасці вызвалення Ігара, да таго, што адбываецца з беларускімі журналістамі, таму што гэта кіно не толькі пра мяне, пра Ігара, але пра нас усіх, пра стан, у якім у 2020 годзе апынулася беларуская журналістыка.
- Якія эмоцыі вы адчувалі падчас прагляду?
- Я думаю, што многія моманты былі паказаны больш драматычна, чым яны адчуваліся ў тым моманце - у нас заўжды было больш апымізму і веры, што вось-вось усё скончыцца. Было вельмі балюча бачыць кадры, дзе галоўны герой Ілля плача. На першы план выходзіць ліст, які прыйшоў ад жонкі з калоніі. Мне было цяжка глядзець моманты затрымання Іллі. Тады я проста адвярнула твар і не глядзела некалькі хвілін на экран.
- Фільм выйшаў, калі вы былі ў калоніі. Вы казалі, што турэмнае начальства пра гэта даведалася. Як на яго рэагавалі?
- Адміністрацыя калоніі смяялася з усіх інфармацыйных нагодаў, якія з'яўляліся вакол найбольш гучных справаў і асобаў. Гэта падавалі так, нібыта мы, палітвязні, хочам нейкім чынам піярыцца або ствараць нейкі штучны рэзананс вакол сябе, а насамрэч усе пра нас забылі. Гэта зняпраўдзілася і рассыпалася як страшны сон у першыя ж мае хвіліны на волі. Ігар падтрымліваў у мяне упэўненасць, што мы не забытыя. Канешне, мне было значна цяжэй, калі я даведалася пра яго затрыманне. Я адчувала сябе нібыта на востраве, цалкам адарванай ад жыцця.
"Адчуванне пагрозы для жыцця ўзмацнілася, калі пачалася вайна"
- Калі вяртацца у дзень вашага затрымання 15 лістапада 2020 года, якім ён вам запомніўся? Ці маглі вы падумаць, што гэты стрым зацягнецца на 5,5 гадоў (журналiстку затрымалi за стрым з "Плошчы перамен". - Ред.)?
- Натуральна, не. Я ніколі не магла нават уявіць, што буду асуджаная нібыта "за здраду дзяржаве", за "здраду" краіне, у якой я заставалася, нягледзячы на небяспеку, на пагрозу затрымання. Якім я памятаю той дзень? Я памятаю, што было шмат рашучасці. Пасля забойства Рамана Бандарэнкі было адчуванне кропкі незвароту, што трымацца будзе небяспечна нават для жыцця. І вось гэтае адчуванне пагрозы для жыцця ўзмацнілася, калі пачалася вайна. Я тады знаходзілася ў СІЗА па другой справе. Я думаю, шмат хто баяўся за сваё жыццё з тых, хто заставаўся ў Беларусі.
- Якія моманты былі найбольш складанымі ў вашым зняволенні?
- Найбольш складанымі былі пазбаўленні спатканняў з маімі блізкімі, тое, як гэта рабілася. Нават калі я прасіла лепш пасадзіць мяне ў карцэр, але не пазбаўляць магчымасці ўбачыць родных, мне казалі: “Мы ведаем, што зробіць больш балюча, што на цябе больш падзейнічае”. Такім чынам была я пазбаўленая спаткання з Ігарам перад яго затрыманнем. Шмат было правакацый, прэсінгу з боку адміністрацыі, асабліва падчас першага тэрміну - каб напісала памілаванне і прызнала віну. Калі завялі другую справу, мне пагражалі, што, калі ў судзе я не прызнаю віну, буду асуджана на максімум, то бок на 15 гадоў. У спалучэнні з гукамі баявой авіяцыі гэта дзейнічала. Але не настолькі, каб я згадзілася.
"Гэта помста спецслужбаў Лукашэнкі за журналісцкую дзейнасць"
- Як вы лічыце, чаму вас не адпусцілі пасля адбыцця першага тэрміну?
- Гэта помста спецслужбаў Лукашэнкі за журналісцкую дзейнасць, за расследаванні, якія я ладзіла яшчэ да 2020 года, за працу над кніжкай пра ўдзел беларусаў у расійска-ўкраінскай вайне, а таксама за асвятленне пратэстаў 2020 года.
- Вы расказвалі, што літаральна перад вашым вызваленнем вас змясцілі ў СІЗА і сказалі, што заведзена трэцяя крымінальная справа.
- Яны запыталі, як я пастаўлюся, калі ў мне будзе трэцяя справа і трэці тэрмін. Натуральна, я адказала, што негатыўна, але мяне адвезлі ў СІЗА КДБ. Гэта было 12 лютага. 3 7 сакавіка мяне змясцілі ў адзіночную камеру, дзе да самага вызвалення я ўтрымлівалася, фактычна інкамунікада. Яны разумелі, што нічога не могуць зрабіць - амерыканскі бок запатрабаваў, каб была вызваленая вось менавіта гэтая журналістка. Проста адпусціць мяне ім было цяжка, мусілі яшчэ папалохаць.
- У гэтых умовах, ці верылі вы, што хутка будзе ваша вызваленне?
- Я спадзявалася, я разумела, што журналісты мусяць быць у гэтых спісах, што маё імя вядомае амерыканскаму боку. Я бачыла, як адбываюцца гэтыя вызваленні па амерыканскім ужо трэку ў 2025 годзе. Мяне вельмі ўразіла вызваленне ў снежні, калі дзяўчын забіралі апалове на другую ночы. Проста неперадавальныя эмоцыі - сумесь радасці i расчаравання, што мая сям'я ня будзе святкаваць са мной каляды сёлета, і не будзе такога каляднага цуда. Але я разумела, што гэта ўсё цяпер тэхнічны момант і пытанне часу. І вызваленне Ігара - гэта пытанне часу, і часу самага бліжэйшага.
"Я чакала, што Ігар будзе ў другім аўтобусе"
- Першы момант, калі вы па-сапраўднаму адчулі сябе свабоднай?
- Калі мы перакрочылі мяжу і ўбачылі ўжо на літоўскім баку Джона Коўла, які зайшоў у бусік і сказаў, што мы вольныя, а гэта ўсё скончылася. Я чакала, што Ігар будзе ў другім аўтобусе. Да апошняга моманту чакала, што ён выйдзе.
- Вы напісалі ліст Дональду Трампу, што ў ім?
- У ім падзяка і спадзяванне на наступныя вызваленнi. Просьба вызваліць Ігара і пералічэнне тых асобаў, у прыватнасці жанчын, якія, на мой погляд, знаходзяцца ў вельмі кепскім фізічным стане і патрабуюць неадкладнага вызвалення. Я спадзяюся, што амерыканскі бок гэта пачуе.
- Калі вы аказаліся на свабодзе, як адаптаваліся, што было складаным?
- Я яшчэ да канца не адаптавалася. Прызвычайвацца давялося да ўсяго, я развучылася карыстацца звычайным тэлефонам. Пачынаю асвойваць патрошачкі штучны інтэлект. Гэта было для мяне дзіва дзіўнае. Вельмі шмат сяброў дапамагаюць адаптоўвацца і таксама мае калегі з Белсата і з іншых медыяў ўводзяць мяне ў курс справы, чым жыве беларуская журналістыка, чым жыве нашая супольнасць беларуская тут.
- Што вас падтрымлівала ў зняволенні?
- Спатканне з Ігарам. Мы мелі адно ў 2021 годзе, калі ён прывёз мне вельмі прыгожую сукенку. Другое - у 2023-м, калі ён прыязджаў з бабуляй і дзядуляй. Атрымалася вельмі ўтульна па-хатняму пасядзець нават у тых умовах. Некалькі спатканняў з маімі бацькамі, тое, што мая маці, нягледзячы на цяжкую хваробу, знайшла ў сабе сілы, каб прыехаць і пабачыць мяне. Тата прыгатаваў вельмі смачны пачастунак, гэта была атмасфера нашага сямейнага застолля. Я не ведаю, як вытрымалі палітвязні, якія ўтрымліваліся па некалькі гадоў у стане інкамунікада. Вялікая павага людзям, якія змаглі праз гэта прайсці. Нават калі яны сутыкаюцца часам з пэўнай крытыкай за свае выказванні цяпер, я кажу пра Марыю Калеснікаву, я ніколі не забываю, праз што яна прайшла.
- Пра што вы марыце?
- Дачакацца Ігра, гэта мэта нумар адзін. Сапраўдным днём майго вызвалення будзе дзень вызвалення Ігра. Я вельмі сумую па ім, я яго вельмі моцна кахаю і чакаю.