1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Фестываль "Бульбамуві" пашырыцца і верне нацыянальны конкурс

18 июля 2024 г.

Варшаўскі кінафестываль "Бульбамуві" ўпершыню атрымаў мэтанакіраваную падтрымку польскага Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны. DW расказвае, што такое "Бульбамуві" для беларускага кіно.

Януш Гаўрылюк
Януш Гаўрылюк, стваральнік і арганізатар "Бульбамуві"Фото: privat

Сёння "Бульбамуві" з’яўляецца хіба галоўным беларускім кінафестывалем. Пасля таго, як арганізацыя "Лістапада" перайшла ў рукі "Беларусьфільма", а з краіны былі вычышчаныя ўсе незалежныя кінафэсты, некалі андэграўндны "Бульбамуві" стаў адной з самых чаканых падзей года ў беларускім кіно. Сёлета фестываль пашыраецца і вяртае ў праграму конкурс, з журы і ўзнагародамі. Размаўляем пра гэта са стваральнікам і арганізатарам фэсту - польскім беларусам з Падляшша Янушам Гаўрылюком.

Культавае кіно на "Бульбамуві"

"Бульбамуві" праходзіць у Варшаве з 2011 года. Два разы, у 2015 і 2016 гадах, паказы адбываліся таксама ў Мiнску, пасля фестываль знік на чатыры гады, але паўстаў наноў у 2021-м. "Андэграўнд, панк, адсутнасць правілаў" - так Януш Гаўрылюк апісвае яго першапачатковы характар.

"Што было важна тады для ўдзельнікаў - яны паказвалі сваё кіно на кінафестывалі ў час, калі ў Беларусі не было дзе яго паказаць. Усе ехалі адным "бульбабусам" - бэтэшнікі, людзі з "Беларусьфільма", апазіцыянеры", - успамінае Януш.

На першым "Бульбамуві" былі паказаныя рэтраспектывы фільмаў Андрэя Кудзіненкі і дакументалісткі Галіны Адамовіч, быў у праграме культавы "Выпадак з пацаном" Сяргея Лабана, першыя працы аднаго з найвыбітнейшых сёння беларускіх дакументалістаў Андрэя Куцілы ды "трэш прадукцыя "Беларусьфільму".

На пытанне, ці атрымаў ён тады ад "Беларусьфільма" правы на паказ, Януш смяецца: "Не памятаю, думаю, што не". Аўдыторыю першага фестывалю складалі пераважна палякі, а расказаць пра падзею Януша адзін за адным запрашалі тэлеканалы TVP Info, TVN, Canal+ Polska.

У 2015 годзе Гаўрылюк прыехаў на "Лістапад" і атрымаў забарону на ўезд у БеларусьФото: privat

Пачынаючы з другога "Бульбамуві", тут ладзіўся конкурс - пераможцы атрымлівалі Залатую, Сярэбраную альбо Бронзавую Бульбы. А па-за конкурсам на фестывалі паказвалася найбольш заўважнае беларускае кіно. У праграме трэцяга фестывалю, напрыклад, быў вядомы антырэжымны фільм "Жыве Беларусь" - яго прадстаўлялі Франак Вячорка, на гісторыі якога заснаваная стужка, і выканальнік галоўнай ролі спявак Vinsent. 

"Бульбамуві" ў Беларусі

Чатыры гады фестываль ладзіўся пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Польшчы, але два наступныя арганізатарам давялося працаваць на энтузіязме, затое з паказамі ў Мінску. У 2015 годзе Януш прыехаў на "Лістапад", дзе ўжо другі раз праводзіўся нацыянальны конкурс, і атрымаў забарону на ўезд у Беларусь: пасля адной з фестывальных вечарын ён памачыўся на дзверы будынку КДБ, быў затрыманы і атрымаў штраф.

Таму, пакуль у Варшаве Януш бясплатна атрымаў залу ў Kino Muranów, у Менску паказы "Бульбамуві" ладзіліся калегамі - спачатку ў дзяржаўным Цэнтры сучаснага мастацтва, пасля ў камерцыйным кінатэатры.

"Мне гэта не спадабалася, скажу шчыра, - успамінае Януш. - "Бульбамуві" заўсёды быў такі андэграўнд, панк, а там усё пачалі рабіць так, як у Беларусі трэба, - у Siver Screen на кожны фільм атрымлівалі дазвол і не на ўсе атрымалі, рэкламавалі фестываль з выявай папкорну - такая папса!".

"Бульбамуві" адкрыў публіцы многіх беларускіх фільмэйкераў. Дэбютны фільм Мары Тамковіч "37" удзельнічаў у конкурсе другога фестывалю, а нядаўна прэм’ера яе дэбютнага поўнага метра "Пад шэрым небам" адбылася на Tribeca Festival у Нью-Ёрку.

"У нас прызы атрымлівалі Люба Зямцова, Нэла Агрэніч, якая тады была студэнткай Акадэміі мастацтваў. Рэктар не рэкамендаваў ёй ехаць на "Бульбамуві", але яна прыехала. Некаторыя казалі мне, што дзякуючы нашаму фестывалю атрымалі ўпэўненасць у сабе як аўтары, - расказвае Януш. - А Мікіта Лаўрэцкі! Першую праграму яго фільмаў мы паказвалі яшчэ ў 2015 годзе, толькі потым "Лістапад" зрабіў з яго зорку. Мітрыя Сямёнава-Алейнікава не мы адкрылі, але ў нас ён атрымаў галоўны прыз. Помню, на "Лістапад" я прыехаў з парай тысячаў злотых у кішэні - прывёз яму ўзнагароду".

Вяртанне "Залатых Бульбаў"

Пасля чатырох гадоў перапынку "Бульбамуві" паўстаў ізноў: "Я быў на вёсцы і пачуў у навінах, што "Лістапад" цяпер будзе рабіць "Беларусьфільм" і на фестывалі больш не будзе нацыянальнага конкурсу, - успамінае Януш. - Я напісаў пару мэйлаў, думаў, хоць у якой кавярні зробім прагляды беларускіх фільмаў, але адгукнулася Filmoteka Narodowa і мы зрабілі паўнавартасны фестываль".

З 2021 года "Бульбамуві" штогод праходзіць у варшаўскім кінатэатры Iluzjon. Летась, праўда, фестываль давялося спехам арганізоўваць за два месяца - так позна прыйшло пацверджанне фінансавання. Сёлета ж Filmoteka атрымала на правядзенне "Бульбамуві" адмысловы грант ад польскага Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, і з падтрымкай міністэрства Януш пастанавіў аднавіць конкурс з першых эдыцыяў "Бульбамуві". Называцца ён будзе прыкладна "Нацыянальны конкурс маладога кіно", а складаць яго будзе Мікалай Лаўранюк, які да 2020 года каардынаваў Нацыянальны конкурс на "Лістападзе". 

"Асноўную праграму мы будуем на, так скажам, вядомых аўтарах, а мэта Нацыянальнага конкурсу - пошук новых твараў і фарматаў", - тлумачыць Януш. Ацэньваць конкурс будзе польска-беларускае журы. Фестываль ужо атрымаў першыя заяўкі на конкурс.

"Што прыйдзе - гэта вялікая невядомасць, зараз у беларускім кіно сітуацыя памежная. Ёсць замежныя гранты на беларускую культуру, але за чатыры гады на гэтыя грошы не з’явілася ніводнага кінапраекта - толькі ютуб, рэпартажы. Гэта сорам проста. Што гэта мае супольнага з культурай?"

На сёлетнім "Бульбамуві" з 22 да 24 лістапада Януш мае намер паказаць нашумелую стужку "Радзіма" Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча, вядзе перамовы з Марай Тамковіч наконт карціны "Пад шэрым небам", абяцае яшчэ адзін "моцны дакументальны фільм" і блок анімацыі.

"Я рабіў фестываль нават без заробку, гэта такая нарката, адчуваеш, што гэта рэальна добрая справа на будучыню, - кажа Януш. - Я хачу заехаць у Менск на "Лістапад", веру, што так будзе - вялікі фестываль ў Менску, а "Бульбамуві", калі і застанецца, то як альтэрнатыва яму, мы будзем сачыць за кіно як партызаны".

На нацыянальны конкурс "Бульбамуві" да 22 кастрычніка прымае "ігравыя, дакументальныя, гібрыдныя" беларускія фільмы да 60 хвілінаў. Узнагароджваць будуць Залатымі Бульбамі.

 

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW