1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Магчымая Беларусь": у Варшаве адбылася прэм’ера "Працэсаў"

27 ноября 2023 г.

Ігравы серыял "Працэсы" сабраў поўную залу на кінафестывалі "Bulbamovie". Пасля сеансу аўтары серый і акторы з жартамі ды змрочнымі развагамі паразмаўлялі з гледачамі.

Прэм'ера "Працэсаў" у Варшаве
Прэм'ера "Працэсаў" у ВаршавеФото: Tatsiana Verameeva/Belsat

Абсурдысцкі серыял "Працэсы" Андрэя Кашперскага і Міхаіла Зуя (прадукцыі тэлеканалу "Белсат") называюць галоўнай прэм’ерай сезону. Першая серыя "Ператрымка" ад 25 лістапада даступная ў сацыяльных медыях "Белсату", астатнія тры будуць выходзіць штотыдзень. Прэм’ера двух новых эпізодаў пры поўным аншлагу ў той жа дзень адбылася і на жывым паказе на кінафестывалі "Bulbamovie" ў Варшаве. DW далучылася да падзеі.

Серыял як варыянт сусвету, у які Беларусь можа трапіць

"Мне мая балада (навела – Ред.) не вельмі спадабалася, - сказаў актор Алег Гарбуз на дыскусіі, звяртаючыся да аўтараў серыялу. - Вы рызыкнулі і, на мой погляд, прайгралі: мне, напрыклад, не падабаецца ўвесь час на сябе глядзець". "Я скажу, не толькі табе", - пажартаваў Ігар Сігоў.

Абодва актора выканалі галоўныя ролі ў "Працэсах". Апроч іх на сцэне пасля паказу размясціліся аўтары серыялу Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй, намеснік дырэктара "Белсату" Аляксей Дзікавіцкі і мадэратар Віктар Шукеловіч, што сыграў у адным з эпізодаў. Трое з прысутных - былыя акторы Купалаўскага тэатру, што звольніліся ў 2020 годзе на знак пратэсту.

Алег Гарбуз выконвае ролю чыноўніка ў трэцяй навеле "Прыснілася". У ёй расказваецца пра тое, як супрацоўнікі аднаго міністэрства ад ночы да ночы бачаць адзін і той жа сон. "На мой погляд, ты быў проста надзвычайны", - звярнуўся Сігоў у бок калегі, і зала падтрымала яго апладысментамі.

Дыскусія пасля прэм'ерыФото: Tatsiana Verameeva/Belsat

Серыял "Працэсы" складаецца з чатырох эпізодаў - гэта розныя гісторыі ў жанры чорнай камедыі пра Беларусь 2024 года. "Мы пітчылі наш серыял як "Чорнае люстэрка" пра Беларусь без тэхналогіяў, - выклікае смех у зале Андрэй Кашперскі. - Мы чыталі навіны, з нашай злосці з’явіліся сюжэты, пра якія мы ўвесь час адзін аднаму расказвалі ў якасці анекдотаў, а потым гэтыя анекдоты перарадзіліся ў жорсткія сатырычныя драматычныя гісторыі".

"Гэта магчымая Беларусь, - тлумачыць задуму Міхаіл Зуй. - Зараз модныя мульцісусветы, дык вось гэта варыянт сусвету, у які Беларусь можа зусім верагодна трапіць".

Мадэратар парыруе, што эпізод "Прыснілася" хутчэй утопія, чым антыўтопія, маўляў, чыноўнікі выклікаюць спачуванне. "Пакуль мы будзем разважаць так, што чыноўнікі, якія знаходзяцца ў Беларусі, горшыя за нас, мы далёка не з’едзем, - адказвае Алег Гарбуз. - Я адчуваю, што там ёсць нармальныя людзі, нам трэба з імі аб’ядноўвацца, а не раздзяляцца".

Беларускі палкоўнік як прататып

Ігар Сігоў сыграў генерала КДБ у навеле "Патрыятычнае практыкаванне". У ёй расказваецца пра тое, як школьнікаў прыводзяць на экскурсію ў галоўны будынак КДБ. Прататыпам персанажа, як прызнаўся актор на дыскусіі, стаў палкоўнік Крываносаў: "Калі памятаеце, быў такі відэаролік, дзе адзін з вайсковых службоўцаў у Беларусі кажа, што атрымаў зарад энергіі ад галоўнакамандуючага, і "перадае" яго іншым. Для мяне гэта быў абсурд, таму мой персанаж троху звар’яцелы".

Сігоў падзяліўся, што зрабіў бы фінал іншым. У навеле ён вельмі суровы, і калі глядач з залі запытаў, якім быў бы варыянт актора, той адказаў, што "зрабіў бы яшчэ больш жорстка".

"Наш серыял часта называюць гумарыстычным, камедыйным, - кажа Андрэй Кашперскі, - гэта памылка, піяр-ход, мы выкарыстоўваем гумар выключна як інструмент для заваблівання гледача. У час прагляду гумар сыходзіць на другі план, і ты не разумееш, чаму смяяўся яшчэ пяць хвілін таму, і ад гэтага становіцца не па сабе".

Гучыць пытанне, ці не будзе навела "Патрыятычнае практыкаванне" надта моцным ударам па тых, хто жыве ў Беларусі. "Для мяне асабіста гэта было выказванне, якое мусіла мне дапамагчы, і здаецца, яно мне дапамагае, - працягвае Андрэй. - Мы не хацелі рабіць адназначны серыял і закладаць простыя меседжы, а хацелі, каб ён быў каменьчыкам у бацінку".

"Мне здаецца, яна больш патрэбна акурат тым, хто застаўся ў Беларусі, - дадае Ігар Сігоў. - Тое, што робіць мой персанаж, здаецца абсурдам, але Беларусь на самой справе ідзе менавіта да гэтага. Чым далей ідзе час, тым больш рэалістычнымі становяцца гэтыя героі. Яна патрэбна, каб ускалыхнуць "нармальных людзей", пра якіх кажа Алег, што вагаюцца, які бок заняць". 

Ці будзе другі сезон

"Працэсы" - першы ігравы серыял "Белсату". "Шчыра прызнаюся, гэта не было лёгкае рашэнне, - кажа Аляксей Дзікавіцкі. - Серыял каштуе значных сродкаў, а мы, хоць, можа, і выглядаем інакш, небагатая фірма. У мяне асабіста былі сумневы: ну як зараз казаць пра Беларусь - у ключы мартыралогіі, жарце, сюррэалізме? Я нават пабойваўся гэтага серыялу, бо раны яшчэ дастаткова свежыя. Але мы даспелі, вырашылі яго рабіць і, шчыра кажучы, не шкада ніякіх грошай на тое, што мы пабачылі".

Міхаіл Зуй і Андрэй КашперскіФото: Tatsiana Verameeva/Belsat

Усе чатыры серыі "Працэсаў" будуць паказаныя як поўнаметражны фільм на адмысловым сеансе ў Варшаве 10 снежня. Ён адбудзецца ў "Кінатэцы", што знаходзіцца ў будынку Палаца навукі і культуры, дзе здымаліся і "Патрыятычнае практыкаванне", і "Прыснілася".

У гэты поўны метр таксама ўвойдуць эпізод "Ператрымка", што быў упершыню паказаны публіцы на "Bulbamovie" летась, і апошняя серыя "Праграма перадачаў". Аўтары спадзяюцца на магчымасць зняць другі сезон "Працэсаў", дзе ў жанры чорнага гумару апавядалася б не толькі пра прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі, але і пра нашыя дэмакратычныя сілы.

"Калі ў наступным годзе ў нас з’явяцца большыя сродкі, чым сёлета, і калі будзе галасаванне ў дырэктарскім коле, ці рабіць "Белсату" серыял далей, у выпадку, калі яно будзе тайным, я прагаласую "за", - пажартаваў Аляксей Дзікавіцкі. Андрэй Кашперскі заўважыў, што пытанне пра другі сезон трэба задаць і гледачам - тыя сталі пляскаць у далоні.

Глядзіце таксама: 

Когда на "Евровидение" вернется Беларусь?

44:03

This browser does not support the video element.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW