1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Марына Якубовіч: Важна расказаць пра жанчын у турмах

Ірына Ігнацюк
1 ноября 2024 г.

У монаспектаклі, прысвечаным беларускім палітвязням, рэжысёрка Марына Якубовіч распавядае гісторыю Марыі Калеснікавай і іншых жанчын, вымушаных быць за кратамі. Пра гэта - у інтэрв'ю DW.

Рэжысёрка і акторка Марына Якубовіч на Берлінале
Марына ЯкубовічФото: Nicole Kubelka/Future Image/IMAGO

Былая акторка Беларускага свабоднага тэатра і рэжысёрка Марына Якубовіч з'ехала з Беларусі ў 2021 годзе. Яна змяніла тры краіны, перш чым асесці ў аўстрыйскім Зальцбургу. Сёння яна працуе выкладчыцай акторскага майстэрства ва ўніверсітэце Моцартэум і працягвае выступаць на сцэне. У сваім монаспектаклі "Connection", заснаваным на лістах і аповедах палітвязняў, Марына разважае пра пачуццё віны і адказнасці за тое, што адбываецца ў беларускіх турмах

"На роднай мове нашмат прасцей выкладаць"

DW: Чым ты займаешся ў Зальцбургу?

Марына Якубовіч: Я выкладчыца акторскага майстэрства ў Інстытуце Томаса Бернгарда. Гэта тэатральны дэпартамент Універсітэта Моцартэум у Зальцбургу.

- На якой мове ты выкладаеш?

- На ангельскай.

- Не адчуваеш сябе там замежніцай?

- Канешне, адчуваю. Я вучу нямецкую, бо, канешне, хачу выкладаць па-нямецку. З аднаго боку, акторскае майстэрства - гэта такая класная штука: усё, што не можаш растлумачыць словамі, можаш паказаць. Але, канешне, на роднай мове нашмат прасцей выкладаць.

- Як да цябе ставяцца калегі ў Зальцбургу?

- Вельмі крута, здорава. Мне здаецца, яны мяне шануюць. Тым больш гэта ўніверсітэт, які мае вельмі дакладную пазіцыю наконт Усходняй Еўропы. Здаецца, два гады таму яны зрабілі Марыю Калеснікаву ганаровым прафесарам Універсітэта Моцартэум. Увесь час падтрымліваюць беларускіх дзеячоў мастацтва. Я вось зрабіла свой спектакль менавіта дзякуючы рэзідэнцыі і праекту Practicing Care. Падтрымліваюць Украіну.

- Ты ў Беларусі займалася выкладніцкай дзейнасцю?

- Так, я выкладаю больш за 10 гадоў. Калі я была ў Свабодным тэатры, мы рабілі шмат воркшопаў па розных універсітэтах у Лондане, у Брытаніі.

- Еўрапейскія студэнты адрозніваюцца ад беларускіх? Ці маладыя людзі ва ўсіх краінах аднолькавыя?

- Канешне, адрозніваюцца. Па-першае, яны вельмі шмат рэфлексуюць. І я такая ўдзячная, таму што амаль кожны раз пасля заняткаў яны даюць цікавы фідбэк, што яны знайшлі новага. І нават часам у практыкаваннях і заданнях знаходзяць тое, што я не планавала. Яны больш свабодныя. У нас школа больш накіраваная на трэнінг, на працу, на майстэрства, а яны больш імправізуюць. І ў гэтым яны проста майстры. Нават я б не магла так зымправізаваць з маім досведам.

"Еўрапейскі глядач уяўляе сабе еўрапейскую турму"

- Пра што твой новы спектакль?

- Ён прысвечаны ўсім беларускім палітзняволеным, але заснаваны на гісторыях і лістах беларускіх палітзняволеных жанчын. Таму што для мяне - як для жанчыны - вельмі важна расказаць менавіта пра жанчын. Гэты досьвед яны не мусілі наогул ведаць у сваім жыцці, але так сталася, што яны там.

Калі мы кажам, што жанчыны і мужчыны сядзяць у турмах, праблема ў тым, што еўрапейскі глядач уяўляе сабе еўрапейскую турму. Там не тое што добрыя, але нармальныя ўмовы. У беларускіх турмах - гэта катаванні, ненармальныя ўмовы. Людзі не мусяць так жыць, і з гэтым трэба нешта рабіць.

- Які момант у перфомансе для цябе цяжэй за ўсё?

- Два моманты. Першы - у карцары. Мне там заўсёды складана, і я кожны раз раблю гэта па-рознаму, таму што я сапраўды не ведаю, як там сябе адчуваць. Я кожны раз спрабую перажыць гэта, і гэта вельмі складана.

І апошні момант, калі я кажу пра тое, што мне больш за ўсё баліць, тое, што для мяне незразумела, бо, насамрэч, я хачу разрыдацца там, проста слязамі ўмыцца і сцэну абліць. Але я разумею, што так рабіць нельга. Я не хачу, каб мяне шкадавалі. Хачу, каб людзі падумалі, чаму так адбываецца. І стрымаць гэтыя слёзы - вельмі складана.

- Калі ты еўрапейскаму гледачу паказваеш, што адбываецца ў беларускіх турмах, ён верыць табе?

- Мне здаецца, так. Мне вельмі прыемна, калі пасля спектакля бачу, што напісалі людзі Марыі. Яны пішуць ёй вельмі добрыя словы падтрымкі. Думаю, калі Марыя будзе на волі, калі яна пагодзіцца, мы, можа, нават гэта апублікуем. [...]

Шмат усяго адбываецца ў свеце, і мне вельмі балюча праз тое, што Беларусь заўсёды адыходзіць на другое месца. [...] А праблема Беларусі ніяк не вырашаецца, і палітзняволеных становіцца ўсё больш. Людзі выходзяць - новых набіраюць. З гэтым трэба нешта рабіць, трэба вызваляць людзей, таму што сітуацыя крытычная.

Як артыстка, як мастачка я паспрабавала зрабіць гэтую сувязь праз канкрэтнага чалавека - Марыю Калеснікаву, злучыць гледача з чалавекам. Праз гэта можа адбыцца персанальны кантакт. Мне здаецца, што гэты спектакль нешта пакідае і чалавек, нават калі ён не падпіша ліст да сваіх уладаў, усё роўна будзе хадзіць і нешта сабе думаць, перажываць. Я спадзяюся.

"Буду будаваць тэатральны ўніверсітэт у Беларусі"

- Што можна зрабіць, каб вызваліць палітвязняў?

- Па-шчырасці, я не ведаю. Я шмат глядзела аналітычных праграм і слухала інтэрв'ю, і я проста не магу зразумець, што трэба рабіць, каб іх вызваліць. Думаю, трэба прасіць лідараў краін звязвацца з Лукашэнкам і спрабаваць вызваляць людзей. Мне не падабаецца тэза "любым коштам", таму што я не разумею, што азначае "любы кошт". Але ўсё, што мы можам зрабіць, мы мусім рабіць. Таму што мы з’ехалі, мы ў бяспецы, у нас ёсць пачуццё віны. У мяне, прынамсі, яно проста велічэзнае. [...] І я не ведаю, што з ім рабіць. З тэрапеўткай я гэта прапрацоўвала, але, здаецца, гэта ўсё роўна недзе засталося. Нам трэба не забываць, што гэта не нашая віна, што яны сядзяць у турме. Гэтыя веды даюць шмат сілаў ісці наперад.

- Ты можаш сабе ўявіць, што пройдуць гады, і - калі ўсё зменіцца - ты ўжо не паедзеш у Беларусь?

Не, такога не будзе дакладна. Мы з мужам шмат пра гэта размаўлялі і знайшлі баланс: будзем жыць на дзве краіны. Мне вельмі падабаецца сістэма адукацыі ў Аўстрыі, як працуе культурны ўніверсітэт. Я ўжо сама сабе планую, калі ўсё зменіцца, я паеду ў Беларусь і буду там будаваць такі тэатральны ўніверсітэт з улікам майго досведу. 

- Што канкрэтна ты прывязеш у новую Беларусь?

- Свабоду, давер і пашану да студэнтаў. Калі я першы раз была ў Інстытуце Томаса Бернгарда, мяне так уразіла, што ў іх вісяць партрэты ўсіх студэнтаў, якія цяпер навучаюцца, усе чатыры курсы. Гэта быў той момант, калі я зразумела: каб мой фотаздымак вісеў дзе-небудзь ва ўніверсітэце (Беларусі. - Рэд.), я не ведаю, што мусіць адбыцца. Ты ніхто ў нашым універсітэце, а там яны ўсё, і яны гэта разумеюць.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW