1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Нам стала лепш". Кранальная прэм’ера Купалаўцаў у Вільні

21 июня 2023 г.

Фатограф Сяргей Лескець дзесяць год збіраў гісторыі беларускіх шаптух. Унікальны матэрыял стаў асновай кнігі, а цяпер і спектакля "Шэпт".

Актрыса Святлана Анікей
Актрыса Святлана АнікейФото: Produktionsinitiative Inexkult

У Беларусі сыходзіць у нябыт адна з самых старажытных традыцый - шаптухі, якія лекавалі людзей. Фатограф Сяргей Лескець сабраў гісторыі такіх жанчын, а рэжысёр Раман Падаляка на падставе кнігі паставіў спектакль, які 20 чэрвеня з аншлагам прайшоў у Вільні. Гледачы не маглі стрымаць слёз і дзякавалі за тое, што хаця б на гадзіну змаглі апынуцца ў атмасферы беларускай вёскі, куды большасць з іх зараз не можа трапіць.

Сяргей Лескець вырас у вёсцы, яшчэ са школы цікавіўся фальклорам. Ужо як фатограф вырашыў зрабіць партрэты беларускіх шаптух. А калі пазнаёміўся са сваімі гераінямі, стаў запісваць іх гісторыі і весці дзённік. Атрымалася дакументальнае падарожжа пра свет беларускай традыцыі лекавання шэптам. Шаптухі сыходзяць з жыцця, часта няма каму перадаць свае веды. У гэтым унікальнасць працы Лескеця.

"Наша знахарства - гэта частка душы беларуса"

Купалавец Раман Падаляка натхніўся фотавыставай з партрэтамі і відэа і паставіў спектакль "Шэпт". "Мне было вельмі цікава паглыбіцца, бо гэта наша традыцыя, якой нідзе больш няма. Гэта тое, што знікае, але пакуль яшчэ традыцыю можна схапіць і праасэнсаваць", - адзначыў ён.

Спектакль у Вільні прайшоў у нацыянальным драматычным тэатры пры поўнай залі. Многія не бачылі купалаўцаў з 2020 года, калі тэатр у старым складзе спыніў сваё існаванне ў Мінску.

Рэжысёр Раман ПадалякаФото: Produktionsinitiative Inexkult

Галоўныя ролі выканалі Алесь Малчанаў, які сыграў фатографа-падарожніка, і Святлана Анікей, якая ўвасобіла ў сабе гісторыі адразу некалькіх жанчын. І хаця сёння замовы, лекаванне травамі ці вадой можа падавацца дзіўным, і ўдзельнікі спектакля, і гледачы прызнаваліся, што амаль кожны ў сваім жыцці сутыкаўся з шаптухамі - здаецца, "свая бабуля" была ў кожнай суседняй вёсцы.

"Наша знахарства - гэта пэўная частка душы беларуса, нешта таямнічае і містычнае, - адзначаў у інтэрв’ю часопісу Таўбін Сяргей Лескець. -  Хутчэй за ўсё, чапляе тое, што кожны з гэтым так ці інакш сутыкаўся, ці іх бацькі. Але сапраўды мала хто ведае, што гэта і як гэта. Тут вельмі шмат домыслаў, выдумак, фантазій, перапляцення праўды з няпраўдай".

"Нам стала трочашку лепш"

Па словах рэжысёра, у спектаклі выкарыстаныя зборныя вобразы, пастанова будуецца вакол стыхіяў, якія паказваюць розныя спосабы лекавання - замовамі, малітвай, травамі, вадой і агнём. І вось парадокс - царква не падтрымлівае дзейнасць шаптух, нават выступае з асуджэннем, а самі жанчыны глыбока вераць у Бога, могуць і адмовіць у дапамозе чалавеку, калі ён не хрышчоны. У спектаклі чуецца мяшанка гаворак і малітваў - каталіцкіх, праваслаўных, якія абрамляюцца простымі словамі, як бы чалавек гаварыў з Богам.

"У мяне ёсць любімая гераіня - бабка Алена, ёй было амаль 90, - кажа Алесь Малчанаў. - Я не мог адарвацца, калі глядзеў відэа з ёй. Такая дзіўная ўсмешка… У кнізе я прачытаў, што ў яе было вельмі цяжкае жыццё, але яна зберагла ў сабе святло, прамаўляла, як анёл - я такіх людзей ніколі не бачыў. Святлана вельмі добра тэмбральна яе перадае, мне заўсёды вельмі ўтульна ў гэтай сцэне".

Святлана Анікей ужо пасля спектакля прызналася, што калі толькі пачала знаёміцца з гутаркамі на відэа, што запісаў Сяргей Лескець, з цяжкасцю магла зразумець, а што гавораць тыя жанчыны - настолькі розная і стракатая ў іх была мова. Але ёй удалося перадаць гэты каларыт - калі заплюшчыць вочы і проста слухаць, здаецца, на сцэне пяць розных актрыс, а не адна.

"Рыхтуючы спектакль, мы думалі, што можам зараз сказаць. Мусіць быць мэта, што мы хочам ад нашых гледачоў, бо яны нашыя партнёры. І мы хацелі ў гэты цяжкі час, каб чалавеку стала лепш, каб гэта стала своеасаблівай медытацыяй", - падзялілася актрыса.

"Нам стала трочашку лепш!" - данеслася з залі.

"У гэтых партрэтах кожны мог убачыць сваю бабулю"

На абмеркаванні пасля прэм’еры многія дзякавалі купалаўцам за кавалачак Беларусі, якія тыя прывезлі ў Вільню.

Наталля была вымушаная з’ехаць з Мінска два гады таму, каб не трапіць у турму за палітычную пазіцыю. Кажа, што падчас спектакля з цяжкасцю стрымлівала слёзы: "У канцы, калі на экране з’явіліся здымкі бабуляў, плакала, як здаецца, і ўсе ў залі. Думаю, у гэтых партрэтах кожны мог убачыць сваю бабулю і Беларусь, якую мы страцілі. Раней, калі ў любы момант можна было прыехаць у вёску, мы гэта не цанілі. Цяпер не можам нават кветкі прынесці на магілкі родных. Гэта невыносна балюча, але я ўдзячна купалаўцам, што хаця б на гадзіну, пакуль ішоў спектакль, нас нібы вярнулі ў Беларусь".

Акцёры Святлана Анікей і Алесь МалчанаўФото: Produktionsinitiative Inexkult

Крысціна, якая пераехала ў Вільню з Гродна, кажа, што была здзіўлена, як шмат людзей пасля спектакля ўзгадвалі, што і іх вадзілі да шаптух у дзяцінстве: "Сэрца разрывалася ад успамінаў пра вёску, бабуляў, якіх сёння ўжо няма, іх забабоны. Вось мы смяяліся з усіх гэтых замоваў, але пасля спектакля ўсе толькі і казалі: і мяне вадзілі, і мяне. Нават сумна, што памруць апошнія бабулі – і скончыцца гэты дзіўны свет".

На жаль, нікога з гераінь "Шэпту" сёння ўжо няма на свеце. Сяргей Лескець паабяцаў данесці іх гісторыі - цяпер яны засталіся не толькі ў кнізе і на сцэне, але і ў сэрцах беларусаў, у тым ліку і адарваных ад сваёй краіны. Купалаўцы спадзяюцца, што ў будучыні атрымаецца сумясціць фота і відэавыставу, якая будзе папярэднічаць спектаклю і дазволіць больш глыбока пагрузіць гледачоў у таямнічую атмасферу.

Фота прадстаўлена прадзюсарскай ініцыятывай inexkult.

Глядзіце таксама:

Што расказалі купалаўцы на сцэне ў Нямеччыне

24:22

This browser does not support the video element.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW