1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Напалеон Орда: мастак, які занатаваў эпоху

13 марта 2026 г.

Напалеон Орда - мастак, паўстанец, палітуцякач і летапісец эпохі, які захаваў на сваіх аркушах веліч земляў былой Рэчы Паспалітай. Беларусы ў Польшчы набылі яго працы і мараць вярнуць іх на радзіму.

Літаграфія Напалеона Орды
Літаграфія Напалеона ОрдыФото: Maldzis/Alina Mazaviec

Ініцыятыва Maldzis выкупіла 30 літаграфій мастака і кампазітара Напалеона Орды. 19 з іх прысвечаныя краявідам і архітэктурным помнікам на тэрыторыі сучаснай Беларусі, астатнія - Літвы, Украіны і Польшчы. Літаграфіі створаныя ў Варшаве Алаізам Місуровічам у 1870-ыя гады паводле малюнкаў Орды і з ягоным аргінальным подпісам. У будучым калекцыя будзе перададзеная ў музей Напалеона Орды ў радавой сядзібе мастака ў Варацэвічах (Брэсцкая вобласць). Да вяртання ў Беларусь працы будуць выстаўляцца за мяжой.

Шмат якія помнікі архітэктуры, занатаваныя Ордам, цяпер не існуюць

Спадчына Напалеона Орды налічвае больш за 1150 акварэляў і графічных прац. Большасць арыгіналаў захоўваецца ў Польшчы. У Беларусі літаграфіі Орды можна пабачыць у Нацыянальнай бібліятэцы, Нацыянальным мастацкім музеі і ў музеі ў Варацэвічах. Большасць архітэктурных помнікаў, адлюстраваных на яго карцінах, або ўжо не існуюць, або істотна змяніліся.

"Цяжка паверыць у тое, колькі ён змог зафіксаваць сядзіб, манастыроў, капліц, помнікаў. Здаецца, гэтым павінна была б займацца цэлая каманда", - адзначае мастацтвазнаўца Дзмітрый Салодкі. На яго думку, Орда не проста маляваў архітэктуру, а даследаваў, як у пэўным асяроддзі фармуюцца пасіянарыі: у якіх умовах вырастае чалавек, здольны здзейсніць подзвіг.

Адкрыццё выставы "Беларусь Напалеона Орды" у Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве, 28 лютага 2026Фото: Maldzis/Alina Mazaviec

"Ён спрабуе паказаць, што вось гэтая прырода, акружэнне, архітэктурны ландшафт важныя для таго, каб тут вырасталі наступныя пакаленні геніяў", - гаворыць Салодкі і дадае, што Орда - герой свайго часу, "кроў ад крыві" эпохі рамантызму.

Орду пагражала смяротнага пакаранне, ён збег у Еўропу

Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 года ў маёнтку Варацэвічы, што недалёка ад Пінска. Ён паходзіў са старадаўняга татарскага роду, у часы вялікага князя літоўскага Вітаўта продкі Орды перасяліліся на беларускія землі з Залатой арды.

Бацька Напалеона Орды Міхал быў інжынерам-фартыфікатарам, а таксама маршалкам Кобрынскага павета. Маці Юзэфіна - таленавітая піяністка і дачка пінскага мечніка і гарадскога суддзі Мацея Бутрымовіча.

На думку Салодкага, менавіта дзед па мацярынскай лініі мог даць яму імя Напалеон. У тыя часы многія ўскладалі на французскага імператара вялікія палітычныя надзеі на свабоду і вяртанне былой велічы Рэчы Паспалітай.

Гісторык Цімафей Акудовіч, у сваю чаргу, адзначае, што, нягледзячы на высокае паходжанне і поспехі ў розных галінах, жыццёвы шлях Орды нельга назваць лёгкім. Ён нагадвае, што ў юнацтве Орда апынуўся сярод удзельнікаў патаемнага студэнцкага таварыства "Заране". За гэта ў 1827 годзе яго выключылі з Віленскага універсітэта і арыштавалі. Потым ён стаў удзельнікам паўстання 1830 года. Паўстанне прайграла, і Орду як афіцэру, які здрадзіў прысязе расійскаму імператару, пагражала смяротнае параканне, ён быў вымушаны бегчы за мяжу.

Орда быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы

У верасні 1833 года Напалеон Орда трапіў у Парыж. Там ён пасябраваў з Фрэдэрыкам Шапэнам і сам захапіўся музыкай. Орда з’яўляецца аўтарам больш як 20 паланэзаў, мазурак, вальсаў, накцюрнаў, полек, серэнад, а таксама рамансаў і песень. Акрамя таго, ён напісаў падручнік па музыцы і два гады быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. Але, па словах Акудовіча, і тут Орду не пашчасціла: у 1848 годзе ў Францыі выбухнула рэвалюцыя, оперу зачынілі.

Літаграфія Напалеона ОрдыФото: Maldzis/Alina Mazaviec

У 1856 годзе расійскі імператар Александр ІІ абвясціў амністыю для палітычных эмігрантаў. Напалеон Орда пакінуў у Парыжы жонку, францужанку Ірэну Бугле і сына Вітольда ды вярнуўся ў Варацэвічы.

За ўдзел у паўстанні 1830 года радавы маёнтак Ордаў быў канфіскаваны. Там улады зладзілі фермы і дазволілі Напалеону Орду ўзяць іх у арэнду.

Маляванне прынесла вядомасць і грошы

У 1860-х ён пачынае шмат маляваць і паступова набывае вядомасць як мастак. А ў 1863-м у Расійскай імперыі зноў пачынаецца паўстанне. Хутчэй за ўсё, з-за ўзросту і захаплення маляваннем, якое вымагала шмат паездак, Напалеон Орда не ўдзельнічаў у паўстанні, але гэта не засцерагло яго ад арышту.

Сярод іншага, яго абвінавачваюць у садзейнічанні арганізацыі паўстання і прыгаворваюць да высылкі ў аддаленыя губерні Расіі. Яго жонка піша прашэнні ў розныя інстанцыі, за Орду просіць нават амбасадар Францыі. У выніку вырак перагледзелі. Напалеон Орда даў падпіску, што ўвесь час будзе жыць у сваякоў у Кобрынскім павеце.

Орда шмат малюе і выдае альбомы. "Толькі ў апошнія гады жыцця ягоная справа прынесла яму вядомасць і грошы. Малюнкі Орды - гэта не проста хобі, гэта ўдалы бізнес", - адзначае Цімафей Акудовіч. У 1873-1883 гадах выйшлі восем альбомаў з 260 літаграфіямі Орды, наклад - больш за 1000 асобнікаў.

Захаваў веліч і прыгажосць беларукіх земляў

Напалеон Орда памёр у Варшаве 26 красавіка 1883 года, пахаваны ў родавым склепе ў Іванаве (раней Янаў) на Брэстчыне.

Мастацтвазнаўца Дзмітрый Салодкі адзначае, што ў еўрапейскім кантэксце імя Напалеона Орды, у першую чаргу, асацыюецца з яго кампазітарскай дзейнасцю і сяброўствам з Шапэнам. Аднак у Беларусі яго ўспрымаюць інакш: як чалавека, які захаваў веліч і прыгажосць гэтых земляў у эпоху рамантызму.

Паводле Салодкага, эпоха рамантызму падарыла мастакам "канцэпт помніка" - найбольш дзейсны спосаб зафіксаваць гісторыю, свет, з якога ты выйшаў. Як сапраўдны рамантык, Орда шукае абгрунтаванне свайму існаванню ў велічным мінулым.

Цімафей Акудовіч дадае, што гісторыкі і мастацтвазнаўцы часам адзначаюць некаторую гістарычную недакладнасць малюнаў Орды, якія пісаліся вельмі хутка. Але агулам гэта выбітныя творы, якія прадстаўляюць цэласны вобраз краю, ў якім жыў мастак.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW