1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Ціск на незалежных выдаўцоў кніг на беларускай мове

Паўлюк Быкоўскі
28 мая 2021 г.

У Беларусі рахункі двух незалежных выдавецтваў, якія выпускаюць кнігі на беларускай мове, арыштаваныя ўжо пяць месяцаў. DW распавядае пра тое, як у гэтай сітуацыі выжываюць выдавецтвы.

кнігі выдавецтва "Янушкевіч"
Кнігі выдавецтва "Янушкевіч"Фото: Privat

Рахункі двух галоўных незалежных выдавецтваў у Беларусі, якія выпускаюць кнігі на беларускай мове - "Кнігазбор" і "Янушкевіч", арыштаваныя ўжо са студзеня. Іх кіраўнікі Генадзь Вінярскі і Андрэй Янушкевіч – фігуранты крымінальнай справы і знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні звестак. Таму ў гутарцы з імі мы не закранаем сутнасці справы. З улікам таго, што ператрусы вёў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю, можна меркаваць, што крымінальная справа тычыцца гаспадарчай дзейнасці.

Эксперты па экстрэмізму зачытваюцца сучаснай прозай

8 красавіка выдавецтва "Янушкевіч" сутыкнулася з тым, што надрукаваны на яго замову ў Літве наклад кнігі Альгерда Бахарэвіча "Сабакі Эўропы" затрымала мытня і накіравала на экспертызу. Яна мусіла скончыцца цягам 30 дзён, але 7 траўня  выдавецтва паведаміла: адказ адкладаецца яшчэ на 20 працоўных дзён "па прычынах складанасці даследавання". У сацсетках жартуюць, што нарэшце эксперты пачытаюць добрую  беларускую літаратуру, але аўтару і выдавецтву не да смеху.

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, які ў лістападзе мінулага году з-за пагрозы рэпрэсій разам з жонкай, паэтэсай Юліяй Цімафеевай, пераехаў у аўстрыйскі  Грац, у інтэрв'ю DW паведаміў, што адказу па экспертызе яго кнігі няма дагэтуль. Выдавец Андрэй Янушкевіч, у сваю чаргу, у інтэрв'ю DW назваў здарэнне з кнігай Бахарэвіча "непрыемнай гісторыяй" і завершыў: "Мы чакаем пазітыўнага вырашэння".

Альгерд БахарэвічФото: DW/P.Bykouski

Штрафы за старыя кнігі

Паказальна, што гаворка вядзецца пра перавыданне кнігі 2017 года, і рашэнне можа закрануць і гаспадароў кніг першага выдання. У Беларусі штрафуюць за наяўнасць кніг, якія ўлады ў нейкі момант прызналі экстрэмісцкімі. Так, 7 красавіка ў Мінску суд аштрафаваў журналіста Рамана Васюковіча за ўвоз у снежні мінулага году ў Беларусь кнігі "Белорусский Донбасс", якую 26 сакавіка 2021 года Кастрычніцкі раённы суд Мінска прызнаў экстрэмісцкай. Штраф склаў 20 базавых велічынь (каля 188 еўра).

Цікавая гісторыя здарылася з кнігай Змітра Лукашука і Максіма Гарунова "Беларуская нацыянальная ідэя". 4 сакавіка Мінская абласная экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі дала заключэнне, што кніга ўтрымлівае "прыкметы праяваў экстрэмізму". Аднак 7 траўня судову/ справу над Ягорам Старавойтавым, якога хацелі пакараць за захоўванне гэтай кнігі, спынілі, бо скончыліся два месяцы, адведзеныя на прыцягненне да адміністрацыйнага спагнання. У выніку "Беларуская нацыянальная ідэя" пакуль не трапіла ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які з 2008 года вядзе Міністэрства інфармацыі. Па стане на 27 траўня ў ім значацца 24 кнігі. Аднак, калі ўжо ёсць заключэнне экспертызы, то ў любы момант кніга можа трапіць пад забарону.

Андрэй ЯнушкевічФото: Privat

Як выглядаюць справы ў апальных выдавецтвах?

Бахарэвіч упэўнены, што "улады імкнуцца запужаць аўтараў і выдаўцоў" і здзіўляецца, што выдавецтвы ў такой сітуацыі наогул працягваюць працу.  Выдавецтва "Янушкевіч" паведамляе: "У нас вялікія выдавецкія планы, і наша работа па перадвыдавецкай падрыхтоўцы кніг не прыпыняецца. Нам ідуць насустрач праваўладальнікі замежных твораў, даючы адтэрміноўку плацяжоў, партнёры ў краіне таксама збольшага ставяцца да нашай сітуацыі з разуменнем".

Дырэктар выдавецтва "Кнігазбор" Генадзь Вінярскі ў інтэрв'ю DW сказаў, што наконт перспектываў "не ведаем, што і казаць", "усё залежыць ад сітуацыі ў краіне, спадзяемся, што будзем працаваць, але калі і як – ніхто не ведае". Янушкевіч у сваю чаргу кажа, што "мы, не гледзячы на арыштаваныя рахункі, маем магчымасці выдаваць кнігі, зараз з пэўнымі цяжкасцямі". Пры гэтым Янушкевіч прызнаецца: "унутраныя рэсурсы амаль вычарпаныя. Мы рэальна аказаліся пад пагрозай спынення дзейнасці".

Усплёск цікаўнасці да беларускамоўнай кнігі

Паводле Вінярскага, у Беларусі ў другой палове 2020 года "вельмі моцна ўзрос попыт на беларускамоўную кнігу, асабліва на літаратуру для дзяцей". З такой ацэнкай згодны Янушкевіч. Паводле яго, патэнцыял беларускай кнігі вялікі і "ён толькі-толькі пачаў раскрывацца". "Продаж беларускамоўных кніг значна вырас і гэта я звязваю з агульнапалітычнымі падзеямі ў краіне. (Раней. - Рэд.) беларускамоўная кніга была для сваёй супольнасці, для сваіх. Цяпер беларуская кніга стала агульнаграмадскай з'явай". 

Кнігі выдавецтва "Янушкевіч"Фото: Privat

У сваю чаргу Бахарэвіч лічыць, што "беларуская ўлада зразумела, што беларускія кнігі нясуць свабоду. У 2020 годзе быў разбураны штучны бар'ер паміж беларускім чытачом і беларускамоўнай кнігай, таму дзеянні ўладаў з'яўляюцца рэакцыяй на гэта".

Дзяржаўнае статыстычнае ведамства Белстат у аглядзе да Дня друку паведамляе, што ў Беларусі за 2020 год было выпушчана 21,1 млн асобнікаў кніг і брашур (у 2019 годзе - 26 млн), з якіх 13% па-беларуску. Значная іх частка – падручнікі, энцыклапедыі і кнігі з серыі "Школьная бібліятэка". Сучасную беларускую мастацкую літаратуру, пераклады на беларускую мову замежных аўтараў публікуюць пераважна незалежныя выдаўцы.

Глядзіце таксама:

Спявачка Руся пра Лукашэнка, пераезд у Кіеў і жыццё

43:39

This browser does not support the video element.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW