1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Кампазітарка Вольга Падгайская пра оперу і жыццё ў Польшчы

16 декабря 2023 г.

Вядомая беларуская кампазітарка Вольга Падгайская выкладае фартэпіяна ў польскай музычнай школе і піша оперы для "псіхалагічнага выжывання". DW паразмаўляла з ёй пра жыццё пасля пераезду.

Вольга Падгайская
Вольга ПадгайскаяФото: KANAPLEV+LEIDIK

Вольга Падгайская ўзнаўляецца пасля гадавой працы над операй "Дзікае паляванне караля Стаха", прэм’ера якой адбылася ў лонданскім тэатры "Барбікан". Пасля пераезду ў Польшчу ў 2021 годзе кампазітарка, як і Беларусі, выкладае ў музычнай школе, грае арганныя канцэрты ў касцёле ды, галоўнае, піша музыку. Але ўсё гэта - інакш, чым дома. Што змянілася па-за Беларуссю і пра што ейная музыка, Вольга расказала ў інтэрв’ю DW.

Паміж Беларуссю і Польшчай вялікая розніца

DW: З’ехаўшы за мяжу, ты з краіны, дзе адсутнічае індустрыя акадэмічнай музыкі, трапіла ў краіну, дзе яна развітая. Ці з’явілася ў цябе больш магчымасцяў?

Вольга Падгайская: У Беларусі я была ледзь не адзінай кампазітаркай-арганісткай на ўсю краіну, мела нейкую папулярнасць, а тут я госць і ў кансерваторыі ведаю толькі аднаго чалавека. Праекты, у якіх я ўдзельнічаю, робяцца беларусамі. 

Затое ў адрозненне ад Беларусі тут ледзь не ў кожным доме праходзяць музычныя фестывалі. Менск так блізка, а розніца такая вялікая. Тут нашмат цікавей, і гэта важна для развіцця. Я думала пайсці павучыцца: калі ёсць апякун-настаўнік, ён дапамагае і падказвае. Нават сваю працу ў польскай музычнай школе я знайшла дзякуючы рэкамендацыі таго адзінага кампазітара, якога ведаю ў Варшаўскай кансерваторыі.

Вольга ПадгайскаяФото: KANAPLEV+LEIDIK

- Ты выкладала ў музычнай школе і ў Менску. У чым розніца?

- Там я выкладала пераважна сальфеджыа, а тут фартэпіяна ў прыватнай школе. Ні сальфеджыа, ні "Музычнай літаратуры" тут няма, я проста мушу зрабіць так, каб вучань быў шчаслівы. Усё роўна як, хоць на галаве стой, галоўнае, каб чалавеку было цікава, каб ён не кінуў школу. Да мяне дарослыя жанчыны прыходзяць - яны хочуць проста на гадзіну адарвацца ад сям’і, памузіцыраваць і атрымаць задавальненне. Адна вучаніца мне сказала, што для яе мае ўрокі як СПА: яна прыходзіць, мы з ёй размаўляем, яна мне расказвае пра мужа, я ёй расказваю пра свайго, мы граем - яна шчаслівая і я шчаслівая таксама.

- А для цябе гэта СПА?

- Праца як праца, тым больш мне яшчэ пашанцавала, я магла трапіць у горшую сітуацыю і працаваць не па прафесіі. У мяне дзве школы - адна польская, а другая Беларуская школа мастацтваў, якую адкрыла Галя Казіміроўская (мастацкая кіраўніца "Вольнага хору". - Рэд.). А ў вольны час я, напрыклад, пішу музыку да спектакля Юры Дзівакова або раблю музычны праект з Віталём Алексяёнкам, або вось опера была. Гэта выратаванне, спосаб псіхалагічнага выжывання.

Як прайшла прэм’ера беларускай оперы ў Лондане

- А як ты сумяшчала працу з напісаннем оперы (оперу "Дзікае паляванне караля Стаха" паставілі ў Лондане Мікалай Халезін і Наталля Каляда з Беларускага свабоднага тэатра, у камандзе былі беларускія і ўкраінскія акторы - Рэд.)?

- Я працую два дні ў тыдзень. У мяне быў такі выпадак: я патэлефанавала дырэктару сваёй польскай школы і спытала, ці магу прыйсці раней на працу, каб папісаць оперу. А ў яго вельмі прыгожая зала з раялем, вялізнымі вокнамі і выхадам у двор, дзе куча дрэваў. Ён пагадзіўся, і мы дамовіліся, што а 14:15 я вызвалю залу для занятку. Гляджу - ужо 14:30, а яго ўсё няма. Выходжу з класа - настаўнікі ціхенька ходзяць і так жа размаўляюць. Я пытаюся: "А што такое?" Мне кажуць: "Прыйшоў дырэктар, сказаў: "Ціха, Воля піша оперу, узяў вучня і пайшоў у іншы клас". Вось гэта стаўленне.

- Як гэта, калі прэм’ера тваёй оперы адбываецца ў Лондане?

- Я цэлы год пісала оперу і псіхалагічна сябе падрыхтавала. Шок быў толькі ў пачатку ад таго, што мне прапанавалі яе напісаць, што з усіх кампазітараў Мікалай Халезін і Наталля Каляда выбралі мяне. Так, я здзіўлялася і захаплялася, але ў Лондане была настолькі засяроджаная на працы, што не дапускала эмоцый і практычна нічога вакол не заўважала. Да таго ж я прымала "Фенібут" (прэпарат з заспакаяльным дзеяннем. - Рэд.), каб пазбавіцца трывогі і страху, бо страх паралізуе мозг, а трэба засяродзіцца і працаваць па дзесяць гадзінаў у суткі. Толькі на апошні прэм’ерны паказ я вырашыла не піць "Фенібуту", бо ад мяне ўжо нічога не залежыць, і проста адпусціць і быць эмацыйнай. Тады я і плакала, і смяялася, і было вельмі шкада, што ўсё гэта заканчваецца.

- Ты задаволеная тым, што атрымалася?

- Для мяне галоўнае, каб падабалася дырыжору і выканаўцам, а ўсе гралі і спявалі з задавальненнем. Калі на рэпетыцыях на трагічнай музыцы палова каманды плача, значыць, спрацавала. Гэта найлепшы водгук на маю працу. Сюжэт "Дзікага палявання" вельмі падобны на наш свет, украінскія вакалісты пабачылі ў ім сваю гісторыю, беларускія - сваю, і ўсе гэтыя пачуцці я адчуваю тут і цяпер.

- А што гэта за пачуцці?

- Што свет хворы, пастаянна здараюцца нейкія сюрпрызы, не ведаеш, у якой кропцы зямлі што "выкіне". Ты прызвычайваешся да таго, што нешта жахлівае зараз зноў здарыцца, і ўвесь час знаходзішся ў страху.

- То бок лейтматыў тваёй музыкі - страх?

- Страх і любоў, якая ратуе ў канцы.

Было страшна падысці да аргана

- Ты даеш канцэрты ў касцёле Святога Аляксандра ў Варшаве. Як ты знайшла гэтую пляцоўку?

- Пасля пераезду я паўтара года ўвогуле не магла заходзіць у касцёлы: было цяжка слухаць арган, бо я разумела, што даць канцэрт у касцёле ў Варшаве складана, тут вельмі шмат арганістаў, таму толькі праз нейкія свае шляхі. А аднойчы Арцём Лук’яненка з NaviBand пазнаёміў нас з ксяндзом Вячаславам Барком - мы прапанавалі граць канцэрты, ён параіўся з іншымі ксяндзамі, і нам дазволілі.

- Сумавала па аргане?

- Калі мы прыйшлі ў гэты касцёл упершыню, я не магла падысці да аргана, мне было вельмі страшна. Націснула клавішу, потым яшчэ адну - я не верыла сваім вачам і рукам.

- Ты неяк у "Фэйсбуку" напісала просьбу не выкарыстоўваць тваю музыку без дазволу. Увогуле ў беларускім коле часта даводзіцца працаваць без аплаты?

Фото: KANAPLEV+LEIDIK

- Звычайна папярэджваюць, што заплоцяць мала, але плоцяць. Агулам жа беларусы прызвычаіліся граць бясплатна, нас так выхоўвалі: ты мусіш сказаць дзякуй, што цябе граюць, тым больш дзяўчыну, тым больш маладую. Але для кампазітара гэта важны досвед, калі аркестр грае твой твор - ты бачыш, што кампазіцыйна не спрацавала, а што спрацавала вельмі добра. Музыканты нешта раяць, і ў цябе цэлы аркестр сяброў.

- А ці можна сёння добрую акадэмічную музыку пачуць у Беларусі?

- Там у асноўным граюць расейскіх кампазітараў, прыязджаюць расейскія музыканты, столькі Расеі стала, што страшна. Я бачу ў "Фэйсбуку" толькі "расейскі", "расейскі", "расейскі". Хаця хто паедзе цяпер у Беларусь з Еўропы?

- Ты ў гэтым моманце жыцця бачыш перспектыву для сябе?

- Я стараюся пра гэта не думаць, каб не звар’яцець. Трэба прыняць, што цяпер ты паміж двума дзвярыма: не тужыць па мінулым і прыняць, што ў цябе, можа быць, няма будучыні. Трэба выжыць, пачакаць, не страціць сяброў і быць гатовым да ўсяго. Але настройвацца на дрэннае - гэта мяне пагубіць, таму я займаюся сабой. Пасля оперы я, шчыра кажучы, спустошаная. Я столькі з сябе выняла і ў яе ўклала, што трэба трошку набрацца сіл і натхнення. Таму сёння ў мяне басейн, заўтра ангельская, школа - усё.

Святлана Курс: Я веру ў перамогу дабра над злом

24:05

This browser does not support the video element.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW