Пісьменнік, шпіён, кантрабандыст, дысідэнт. Кім быў Пясецкі?
8 октября 2025 г.
Сяргей Пясецкі - пісьменнік, выведнік, кантрабандыст, вязень, баец Арміі Краёвай, дысідэнт. Нарадзіўся пад Брэстам, прысвяціў трылогію Менску, змагаўся за незалежнасць Польшчы, памёр ва Уэльсе, урачыста перапахаваны ў Варшаве.
"Сёння, як ніколі раней, нам патрэбныя жыццёвы шлях і літаратура Сяргея Пясецкага, каб гаварыць праўду пра бальшавізм, пра сістэму камуністычную, пра тое, якой пагрозай для Польшчы і для ўсёй Еўропы з’яўляецца постсавецкая, неаімперская Расія", - адзначыў падчас перапахавання Пясецкага прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі. Цырымонія адбылася 29 верасня 2025 года на вайсковых могілках Варшавы. Наўроцкі назваў Пясецкага героем "польскай свободы і літаратуры". А кім ён быў насамрэч, якім быў яго шлях да апошняга спачыну? І ці можна лічыць Пясецкага беларускім пісьменнікам?
Пясецкі - "літаратурны і чалавечы феномен"
"Літаратурны і чалавечы феномен, неардынарная асоба, якая шырэйшая за межы літаратуры, - кажа пра Пясецкага беларускі паэт, перакладчык і літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч. - Гэта чалавек памежжа ў прамым і пераносным сэнсе гэтага слова, ён народжаны на памежжы культураў, на памежжы моваў".
Пясецкі нарадзіўся 1 красавіка 1901 года ў Ляхавічах (цяпер горад у Брэсцкай вобласці. - Рэд.), быў пазашлюбным сынам збяднелага шляхціца Міхала Пясецкага і сялянкі Клаўдзіі Кулаковіч. Вучыўся ў гімназіі ў расійскім Пакрове, рэвалюцыю 1917 года заспеў у Маскве і быў настолькі ўражаны бальшавіцкім тэрорам, што стаў на ўсё жыццё ярым антысаветчыкам. Пасля рэвалюцыі Пясецкі перабіраецца ў Менск, змагаецца з бальшавікамі спачатку ў беларускім партызанскім атрадзе, потым ў складзе польскага войска, пасля вайны становіцца выведнікам.
"Ён працуе агентам польскай выведкі і па сумяшчальніцтве кантрабандыстам. Ён з Ракава (беларускае мястэчка ў тыя часы належала да Польшчы. - Рэд.) у Менск і назад шмат разоў нелегальна перасякае (савецка-польскую) мяжу. Гэтае жыццё паўзмежных ракаўскіх кантрабандыстаў ён адлюстроўвае ў самай вядомай сваёй кнізе "Каханак Вялікай Мядзведзіцы", - расказвае Хадановіч.
Апроч таго, крымінальнае жыццё, добра вядомае пісьменніку, ён апісаў у гэтак званай "Менскай трылогіі", у якую ўваходзяць раманы "Яблычак", "Гляну я ў аконца..." і "Ніхто дабром не дасць збавення". "Гэта прыфрантавы Менск 1918-1919, які пераходзіць з рук у рукі, куды сцякаюцца грошы і крымінальныя элементы", - адзначае суразмоўца.
"Літаратурны талент выцягнуў яго з турмы"
Паводле Хадановіча, Пясецкі, магчыма, не стаў бы літаратам, калі б не турма: у 1926 годзе яго затрымалі, у 1927-м вынеслі смяротны прысуд, які ў апошні момант замянілі на 15 гадоў зняволення.
"Адзінаццаць гадоў Пясецкі правёў у найжахлівейшай турме міжваеннай Рэчы Паспалітай - у Святым Крыжы (Свентакшыскае ваяводства Польшчы. - Рэд.), што падарвала яго здароўе, ён хварэў на сухоты, але менавіта літаратурны талент выцягнуў яго з турмы", - адзначае Хадановіч.
У зняволенні Пясецкі пачынае чытаць польскія газеты і часопісы і піша для конкурсу свой раман "Каханак Вялікай Мядзведзіцы". Твор перамагае, а аўтар становіцца знакамітасцю і датэрмінова выходзіць з турмы. Пясецкі, па словах Хадановіча, становіцца зоркай міжваенных літатурных салонаў, але гэтая слава кароткая. Пачынаецца Другая сусветная вайна, пісьменнік далучаецца да польскай Арміі Краёвай, а пасля перамогі з'язджае ў эміграцыю.
"Ён выбірае лёс эмігранта і да канца жыцця славуты літаратар робіцца забароненым, яго дзесяцігоддзямі нельга згадваць у Польскай Народнай Рэспубліцы", - адзначае Хадановіч.
У Польшчы застаюцца жонка і сын Пясецкага, ад якога доўгі час хаваюць, хто ягоны бацька.
Пясецкі марыў вярнуцца на радзіму
Сяргей Пясецкі памёр ў 1964 годзе ў Вялікабрытаніі і быў сціпла пахаваны ў Гасцінгсе. Сын пісьменніка Уладзіслаў Тамашэвіч не раз казаў, што бацька заўсёды хацеў вярнуцца на радзіму. Гэта атрымалася толькі праз 61 год пасля смерці.
Унучка Пясцецкага і даследчыца ягонай творчасці Эва Тамашэвіч распавяла ў размове з DW, што перапахаванне пісьменніка мае перадусім вялікае значэнне для ейнага таты, Уладзіслава Тамашэвіча.
"Як ён нам сказаў, гэта самая важная ўрачыстасць у яго жыцці, і што, напэўна, ужо ніколі больш ён не будзе мець магчымасці ўдзельнічаць у такой урачыстасці. Таму ён шчаслівы, ён узрушаны", - адзначыла суразмоўца.
Што да яе асабіста, то, па яе ўражаннях, "было крыху занадта шмат помпы", а "дзед быў усё ж такі чалавекам лесу", не хапала ўспаміну, які б больш адпавядаў ягонаму характару. "Хаця я бачыла, што нехта кропельку гарэлкі выліў на гэтую магілу, і гэта ўжо больш "дзедаўскае", бо дзед, ушаноўваючы сваіх памерлых сяброў - ці то з разведкі, ці то з перамытні, - заўсёды памятаў, што трэба з імі выпіць той пасмяротны келіх, - распавяла Эва Тамашэвіч. - Таму ў мяне ёсць такі план - развітацца з дзедам яшчэ паасобку, без камер, без афіцыйныах асобаў".
Чаму творы Пясецкага актуальныя?
Сяргей Пясецкі стварыў 12 раманаў, ён пісаў навелы, кінасцэнары, публіцыстычныя артыкулы.
"Лёс, які ўвабраў у сябе ўсе перыпетыі, з якімі сутыкаліся палякі, але і ўсе выклікі, з якімі сутыкаліся беларусы, - адзначае Андрэй Хадановіч. - Ён здзейсніўся ў польскай мове. Але польская мова не была для яго роднай. Гэта трэцяя мова, якую ён вывучыў сталым чалавекам, раней была расійская і беларуская. І ягоная польская поўная беларусізмаў і нашых тэрытарыяльных адметнасцяў".
Літаратуразнаўца таксама звяртае ўвагу на тое, што творы Пясецкага актуальныя і сёння, напрыклад, ягоная кніга "Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі". "Кніга, якую можна чытаць проста на фоне падзеяў сённяшняй пуцінскай вайны, яна паказвае расійскую агрэсіўную імперскую прыроду, якая не змянілася", - разважае Хадановіч.
У той жа час, паводле Хадановіча, некаторыя творы Пясецкага могуць аказваць "тэрапеўтычны эфект, пераключаючы з сумнай трагічнай рэальнасці ў каляровую рэальнасць прыгодаў". Андрэй Хадановіч раіць беларусам чытаць Пясецкага ў новых беларускіх перакладах, асабліва адзначаючы перакладчыцкую працу Марыі Пушкінай і Віктара Шукеловіча.