1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Сяргей Дубавец: Думаць пра вяртанне - непрадуктыўна

21 ноября 2025 г.

Лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройця Сяргей Дубавец - пра літаратуру ў выгнанні, свой шлях да беларушчыны, масонаў і вяртанне на радзіму. Інтэрв'ю DW.

Сяргей Дубавец
Сяргей ДубавецФото: PEN Belarus

Першы прыз беларускай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2025 года атрымала аўтабіяграфічная кніга "Занзібар. Сталеньне маладой душы" (2024, выдавецтва "Вясна"). Яе аўтар - журналіст, літаратар, крытык Сяргей Дубавец. Уручэнне прэміі адбылося 15 лістапада 2025 года ў польскім Гданьску.

Дубавец узнагароджаны за "філасофскую рэфлексію над пошукамі нацыянальнай ідэнтычнасці свайго пакалення". Гэта ўжо другая прэмія Гедройця, якой уганараваны пісьменнік. Першая была ў 2020 годзе за кнігу "Тантамарэскі".

У "Занзібары" Дубавец падрабязна распавядае пра сваё савецкае дзяцінства, сям’ю, школьныя і студэнцкія гады, сталенне і пакручасты шлях да беларушчыны пакалення 1970-1980 -х.

Пры чым тут Занзібар? Адказ на гэтае і іншыя пытанні - у інтэрв'ю DW.

"Уся кніга - гэта мой жыццёвы досвед"

DW: Чаму вашая аўтабіяграфічная кніга назваецца "Занзібар"?

Сяргей Дубавец: Уся кніга - гэта мой жыццёвы досвед, і Занзібар, дзе я бываў не аднойчы, у тым ліку. Як раз Занзібар і натхніў мяне на гэты расповед пра ўласнае дзяцінства і юнацтва. Напэўна, супалі адлегласці часу і прасторы: маё дзяцінства такое ж далёкае, як Занзібар.

- Я хацеў напісаць пра ўсё адметнае, цікавае, загадкавае і эўрыстычнае, што было ў маім прыватным жыцці - і ў людзях, і ў часах, і ўва мне. З гэтага і складаецца кніга. У ёй няма нічога прыдуманага.

Вокладка кнiгi "Занзiбар" Cяргея ДубаўцаФото: Vesna Books

- Як людзі вашага пакалення, чыё юнацтва выпала на 1970-1980-я, прыходзілі да беларушчыны?

- Гэта быў зусім не агульны марш з пункту А ў пункт Б. Пра свае "каналы", а іх шмат, я распавёў у кнізе і лічыў гэта сваім унікальным досведам. Але вось калега Сяргей Кавалёў сказаў, што гэта - кніга пакалення, бо i ў яго былі падобныя "каналы". Магчыма, справа тут ня ў тым, што ты распавядаеш, а як. У літаратуры "як" - заўсёды найважнейшае пытанне.

- Паэтка Наста Кудасава напісала пра вашую кнігу: "Дзіўна, што так многа падобнага можа быць у сталенні беларускіх душ. Выходзіць, ёсць нейкі агульны беларускі ген, які абуджаецца у арганізме у пэўны момант і тады ўжо нічога іншага з цябе не можа вырасці?" Вы згодны?

- Так адбываецца ў краіне, дзе фактычна няма адэкватнай школьнай адукацыі, калі беларусы вырастаюць беларусамі. У нас расейская школа, дзе вучаць пакланяцца Лукашэнку і разбіраць аўтамат. У такіх умовах генам даводзіцца абуджацца самім, пра што кажа Наста. 

- Што з новым пакаленнем, з тымі, хто ў Беларусі і хто ў выгнанні? Ці змогуць яны казаць пра агульны беларускі ген? 

- Змогуць, але гэта будзе таксама няпроста, як было ў нас - і якасна, і колькасна.

"Бацька ніяк ня мог зразумець, чым я займаюся"

- Ваш бацька быў высокапастаўленым сілавіком. Як ваша захапленне беларускай тэмай успрымалі ў сям’і? Ці не было ў бацькі з-за гэтага праблем на службе?

- Бацька ня быў сілавіком, слова такога тады не было і з'явы. Міліцыя не займалася палітычным пераследам, гэта была справа КГБ. І бацька быў зусім не ваяўнічым чалавекам. У міністэрстве ўнутраных спраў ён загадваў палітыка-выхаваўчай работай. Уяўляеце? Міліцыянтаў выхоўвалі! І першы чалавек на вуліцы, да якога падыходзілі людзі, каб спытаць час ці дарогу, быў міліцыянт. Ён ня мусіў быць тупым садыстам, як цяпер.

Але бацька ніяк ня мог зразумець, чым я займаюся і навошта - маўляў, ні чыноў няма, ні ўзнагарод. І аднойчы я паказаў яму артыкул пра сябе ў "Беларускай энцыклапедыі". На яго такія рэчы рабілі моцнае ўражанне. І так у нас усталяваўся нейтралітэт.

- Вы пішаце пра беларускі нацыяналізм - "адкрыты і добры". Што вы маеце на ўвазе? 

- Я цяпер пазбягаю слова "нацыяналізм", бо яно можа значыць супрацьлеглыя рэчы. За савецкім часам у нас афіцыйна гэта было ганебнае слова і "нацыяналізму" ў БССР "не было", не павінна было быць.

А па сутнасці гэта быў маркер беларускамоўнасці, беларусацэнтрычнасці, цікавасці да гісторыі. І такім ён быў заўсёды, ад самага свайго нараджэння дзесці ў глыбінях Cярэднявечча. Заўважце, што галоўны беларускі герой - не вайскаводзец, а кніжнік Францішак Скарына.

"Я стаў вольным мулярам на самым пачатку 2000-х"

- Вы казалі, у тым ліку пасля атрымання прэміі, што ў кнігі будзе працяг, а таксама адзначалі, што "новая кніга будзе, хутчэй за ўсё, масонскай". Калі і чаму вы сталі масонам? Ці ёсць зараз масоны ў Беларусі, як да іх ставіцца ўлада?

- Я стаў вольным мулярам на самым пачатку 2000-х. А ў 2019 была створана Вялікая ложа Беларусі. І я быў вялікім майстрам, але сёлета, пасля дзвюх кадэнцыяў, перадаў паўнамоцтвы наступніку, таму нічога пра далейшую дзейнасць сказаць не магу.

Галоўная адметнасьць Вялікай ложы Беларусі, і гэта запісана ў яе канстытуцыі: паміж братамі ня можа быць канфрантацыі. Каб вы разумелі, гэта пра стыль суіснавання нашай супольнасці.

Пра адносіны ўлады нічога ня ведаю, адно магу сказаць, што ўсякі дыпламат ці інвестар, ці палітык найперш спраўдзіць, ці ёсць у краіне афіцыйна зарэгістраваная Вялікая ложа. Гэта значыць, ці варта мець справу і які будзе характар дачыненняў.

Наша Вялікая ложа была зарэгістраваная апошняй сярод еўрапейскіх краін. Гэта важная цагліна ў падмурак незалежнасці Беларусі. А ўвогуле гэтая тэма - цэлы космас: ад рацыянальнай веры да пазітыўнага грамадства. Яна вартая кнігі, якая пішацца паралельна з працягам аўтабіяграфічнага "Занзібара".

- У артыкуле, прысвечаным сёлетняй прэміі Ежы Гедройця, вы напісалі, што беларуская літаратура за мяжой насычаецца натхненнем, пісьменнікі пачынаюць гаварыць адкрыта і голасна. На вашу думку, эміграцыя пайшла на карысць творцам? 

- Па сутнасці, пачынаючы з 1930 году беларусы маўчалі. Камуністы расстралялі ды зняволілі ўсю беларускую інтэлігенцыю. Ствараць літаратуру ня стала каму. Беларускую мову яны "рэфармавалі" у 1933 годзе да непазнавальнасці так, што натуральны вектар развіцця ў ёй змяніўся на знак бяды. І ўсе наступныя гады мова больш ачухваецца ад гэтага замест таго, каб гучаць літаратураю.

За мяжой мы бачым, як пайшло пазітыўнае развіццё, з'явіліся аўтары, якіх перакладаюць на іншыя мовы і выдаюць не маргінальныя выдавецтвы. Беларусы атрымліваюць прэстыжныя прэміі, з'явіўся дзясятак уласна беларускіх выдавецтваў, па-беларуску выходзяць сусветныя бестсэлеры… Гэта свабода, што тут скажаш. На жаль, у самой Беларусі беларуская літаратура па-ранейшаму ўспрымаецца ўладай як дысідэнт.

- Ваша цытата: "Маё вяртанне да сябе завяршылася, а да Беларусі яшчэ не". Ці верыце вы ў вяртанне на радзіму? Якім яно вам бачыцца?

- Шчыра кажучы, на чацвёртым годзе за мяжой я пра гэта перастаў думаць, бо непрадуктыўна. І пачувацца эмігрантам у Вільні для мяне - надуманая экзотыка. Ведаю, што пры спрыяльнай сітуацыі вярнуся, і спадзяюся, што буду займацца тым, чым заўсёды - літаратурай.

 

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW