1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Шчыракова: жанчын спецыяльна не вызваляюць датэрмінова

29 сентября 2025 г.

Нядаўна вызваленая гомельская журналістка Ларыса Шчыракова расказала пра ўмовы ў калоніі, лёсы жанчын, што там знаходзяцца, і падтрымку, якую атрымліваюць палітвязні.

Ларыса Шчыракова, 12 верасня 2025 года, Вільнюс
Ларыса Шчыракова на прэсавай канфенрэнцыі 12 верасняФото: LookByMedia

Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова амаль тры гады правяла ў зняволенні па палітычным абвінавачванні. Яна выйшла на свабоду за некалькі месяцаў да заканчэння тэрміну ў выніку перамоваў Лукашэнкі з ЗША. У інтэрв’ю DW яна распавяла, як да палітзняволеных ставяцца сілавікі і звычайныя асуджаныя, чаму жанчын датэрмінова не вызваляюць і што вядома пра Марыну Золатаву, Ірыну Злобіну і Вольгу Брыцікаву.

Deutsche Welle: Ларыса, сёння ў Гомелі кожная дзясятая жанчына - палітзняволеная. Як гэта змяніла калонію?

Ларыса Шчыракова: Ёсць і плюсы, і мінусы. Напрыклад, палепшылася харчаванне з 2021 года. Казалі, што раней яно было проста агіднае: пярлоўка на сняданак, абед і на вячэру. Цяпер больш разнастайныя стравы. Адзінае - не хапае гародніны, нават самай таннай: капусты, морквы, буракоў. Яшчэ паўсюль дадаюць маргарын, каб падвышаць каларыйнасць. І ў каго праблемы са страўнікам, яны проста пакутуюць - ванітуе іх ад такой ежы. Са з’яўленнем палітзняволеных пагоршылася сітуацыя з перадачамі і грашовымі пераводамі - іх цяпер прымаюць толькі ад сваякоў. А ў многіх асуджаных няма блізкіх: толькі сужыцель, сябры - і вось яны аказаліся без дапамогі. Нам нават закідалі гэта ў віну, маўляў, панаехалі тут, нібыта мы трапілі ў калонію па сваёй волі.

- А якія адносіны паміж звычайнымі зняволенымі і асуджанымі за палітычную пазіцыю?

- У двух атрадах, куды трапіла я, для асуджаных не было наступстваў, калі яны размаўлялі з палітзняволенымі. Таму я з імі і кантактавала, і нават дапамагала. Галоўнае - які ты чалавек. Калі ты выхаваны, разумны, спагадлівы і добры, натуральна, да цябе цягнуцца людзі, не важна, ці ёсць у цябе жоўтая бірка, якую вешаюць на ўсіх палітычных. Хаця часам можна сустрэць насцярожанае стаўленне: "Ну, я б табе дапамагла, але ты ж "жоўтая", не хочацца звязвацца, бо будуць праблемы".

"Сапраўдных катаў я не сустракала"

- Ці адчувала ты падчас зняволення падтрымку, што пра цябе памятаюць, спачуваюць?

- У калоніі з гэтым складана: лісты ж даходзяць толькі ад сваякоў, і мая сястра, напрыклад, баялася перадаваць прывітанні ад калег і сяброў, каб наогул не забаранілі перапіску. У СІЗА перапіску таксама абмяжоўваюць, але там мы атрымлівалі пасылкі і грашовыя пераводы нават ад незнаёмых людзей. Памятаю: адчыняецца кармушка, табе прасоўваюць квіток на перавод, і там прозвішча чалавека - адчуваеш, нібы ён табе рукой памахаў. Гэта вельмі кранальна! Таму я хачу падзякаваць кожнаму, хто падтрымлівае палітвязняў.

- За час зняволення ты сустрэла шмат супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы. Калі яны шкодзяць палітвязням, ці бачна па іх, што атрымліваюць ад гэтага задавальненне? Ці, наадварот, ім гэта ў цягасць?

- Сярод супрацоўнікаў ёсць тыя, хто нам сімпатызуе. І вялікі дзякуй, што яны ёсць. Але былі і іншыя, хто проста гарэў на рабоце. Хутчэй за ўсё, гэта лукашысты. Гэта ідэйныя людзі, якія шчыра лічаць нас ворагамі, здраднікамі. І ставіліся адпаведна. Але сапраўдных катаў я не сустракала. Найчасцей было нейтральнае стаўленне.

Ларыса Шчыракова была сярод палітвязняў, вызваленых 11 верасня ў выніку перамоваў прадстаўнікоў ЗША з Лукашэнкам.Фото: LookByMedia

Умоўна-датэрміновае вызваленне амаль не прымяняюць

- Раскажы пра жанчын, якія адбываюць пакаранне ў калоніі. За што яны ў асноўным сядзяць?

- Па маіх назіраннях, каля 20% асуджаныя за побытавыя забойствы мужа ці сужыцеля, прычым 80% з іх былі ў стане алкагольнага ап’янення. І хаця ў прысудзе пазначана "праднамернае злачынства", насамрэч гэта вынік сваркі, якая раптам узнікла. Жанчына шынкавала салат, і гэтым нажом нанесла ўдар - і ўсё, тыповая гісторыя. Такіх асуджаных можна падзяліць на дзве групы. Першая - спакойныя жанчыны, якія доўгі час жылі з аб’юзерамі, шмат гадоў трывалі гвалт і ў адзін момант не вытрымалі, забілі. Другая - псіхапатычныя жанчыны з такімі ж партнёрамі: ганяліся з нажамі, нехта кагосьці пырнуў.

Другая па распаўсюджанасці катэгорыя - за наркотыкі, таксама каля 20%. У іх велізарныя тэрміны - ад 10 гадоў, а гэта ў асноўным зусім маладзенькія дзяўчаты, ёсць нават непаўнагадовыя.

Трэцяя вялікая катэгорыя, ізноў каля 20%, - залежныя ад алкаголю жанчыны, якія пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, абавязаныя працаваць, каб кампенсаваць дзяржаве грошы, затрачаныя на выхаванне дзяцей, але працу яны прагульваюць.

Праблема жаночай калоніі ў тым, што там амаль не прымяняюць умоўна-датэрміновае вызваленне (УДВ). За першы квартал 2025 года так вызвалілі толькі адну жанчыну, якой заставалася менш за год. Хаця ў мужчынскіх калоніях УДВ актыўна прымяняюць. Гэта заганная практыка! У большасці зняволеных дома засталіся дзеці. І, на жаль, многія паўтараюць шлях сваіх маці. Напрыклад, дзяўчына, асуджаная за наркотыкі: да таго яе мама 8 гадоў адседзела за эканамічнае злачынства.

Я спрабавала абмяркоўваць гэтую праблему з супрацоўнікамі калоніі. І яны не хавалі, што баяцца згубіць працу: маўляў, выпусцім вас - застанемся без работы. Да таго ж асуджаныя выконваюць рабскую працу - шыюць форму сілавікам за капейкі.

- А ці ёсць у калоніі рэабілітацыя залежных ад наркотыкаў і алкаголю?

- Калі суд прызначае прымусовае лячэнне, на працягу года ім даюць таблеткі, якія павінны змяншаць цягу. Але, як кажуць жанчыны, гэта не дапамагае. З добрага - ёсць так званы рэабілітацыйны цэнтр, куды кожныя паўгода набіраюць залежных. Яны жывуць там у лепшых умовах, набліжаных да хатніх. З імі праводзіцца групавая псіхатэрапія. І калі жанчына сапраўды настроеная на рэабілітацыю, а не выкарыстоўвае магчымасць проста пажыць у лепшых умовах, вынік ёсць - пра гэта казалі самі асуджаныя.

"Хто з'ехаў, хто сядзіць"

- Хачу спытаць пра палітзняволеных, пра якіх мы даўно нічога не чулі. Ці даводзілася табе сустракаць Ірыну Злобіну, асуджаную разам з супрацоўнікамі БелаПАН?

- Гэта проста ўнікальная жанчына. Мы разам працавалі: год я хадзіла на фабрыку і ні разу не бачыла, каб яна была ў кепскім настроі, падаўленая, незадаволеная або раздражнёная. То-бок яна ўвесь час знаходзіцца ў спакойным, часам нават радасным настроі. Я часта падыходзіла абмеркаваць філасофскія тэмы, бо яна скончыла філасофскі факультэт. Вельмі адукаваная. Свой тэрмін успрымае спакойна. Казала мне: "Ларыса, людзі з нашага асяроддзя хто з'ехаў, хто сядзіць". Яна мяне заўжды суцяшала.

- Як сябе адчувае былая галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава?

- Я кантактавала з ёй апошні год. За гэты час яна ні разу не хадзіла па таблеткі ў санчастку, не была на бальнічным. Калі адключалі гарачую ваду, мылася халоднай без праблем. То-бок фізічна яна ў вельмі добрым стане. У свой час займалася плаваннем, відаць, імунітэт моцны яшчэ з тых гадоў. Раніцай заўжды робіць зарадку. Вельмі стрыманая, ніколі нікому не паскардзіцца. Але па невялікіх прыкметах адчуваецца, што чакае вызвалення. Да яе прыязджалі сілавікі, размаўлялі пра гэта. Канечне, нічога не гарантуюць, але калі ўжо пытаюцца: "Што будзеце рабіць пасля вызвалення?", - гэта дае нейкую надзею.

- Ці чула ты нешта пра Вольгу Брыцікаву, лідарку незалежнага прафсаюза “Нафтана”?

- Мы былі з ёй у адным атрадзе. Гэта чалавек найвышэйшай маральнай чысціні. Побач з ёй я адчувала сябе пражжоным цынікам. У Вольгі не парушаны сон, добры апетыт. Але калі памерла яе маці, яна вельмі перажывала, моцна схуднела. Часам я нават не падыходзіла, бо бачыла - яна ў нейкай прастрацыі хадзіла. Потым неяк ачуняла. Але ў сваіх поглядах застаецца нязломнай.

- Што для цябе было самым складаным у зняволенні?

- Нездаровая псіхалагічная абстаноўка. Увесь час крыкі, канфлікты. І гэта ідзе ад начальніцы атрада і яе памагатых сярод асуджаных - заўгаса і яе памочніц. Яны могуць проста на роўным месцы цябе зневажаць. І ты ўвесь час знаходзішся ў напружаным стане, што тваё і так цяжкае становішча можа яшчэ пагоршыцца.

Пропустить раздел Еще по теме
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW