1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Стваральнікі ЧынЧынаў: "Намагаемся абнуліцца за кошт смеху"

10 сентября 2024 г.

DW паразмаўляла з шоўранерамі новага сатырычнага серыяла "БелГосПсіХоз" Андрэем Кашперскім і Міхаілам Зуем пра гумар у крызісныя часы.

Міхаіл Зуй і Андрэй Кашперскі
Міхаіл Зуй і Андрэй КашперскіФото: ChinChinChannel

ЧынЧыны адныя з нямногіх камедыйных персанажаў, якія з’явіліся ў беларускай прасторы пасля 2020 года i ўвасабляюць чыноўнікаў. Іх аўтары рэжысёр Андрэй Кашперскі і актор Міхаіл Зуй за гэтыя чатыры гады стварылі некалькі праектаў са складнікам гумару - "БелГосЮтубКанал" з ЧынЧынамі ў выкананні Дзмітрыя Есяневіча і самога Міхаіла, мюзікл "ЧынЧыны ў краіне цудаў", серыял "Працэсы". Пра тое, як смяяцца над беларускай рэчаіснасцю, яны расказалі DW.

DW: У параўнанні з першымі ролікамі апошнія выпускі праекта "ЧынЧынЧэнэл" выглядаюць больш панура-сатырычнымі. З чым гэта можа быць звязана?

Міхаіл: Я згодны з тым, што ролікі сталі больш сатырычныя, але не сказаў бы, што "БелГосПсиХоз" пануры. Ён можа быць больш жорсткім, напэўна, гэта звязана з тым, што за чатыры гады шмат чаго адбылося і ў свеце, і з намі, і мы ўжо іншыя.

Андрэй: Усё стала больш сумным, гэта праўда, таму што ўсё ў свеце стала больш сумным. Раней мы здымалі нашы ролікі за сухарыкі, на касетную відэакамеру, якую праяўлялі ў кватэры ў мужчыны за 60 у трусах, трава была зелянейшая і ўсё было смяшнейшым, а цяпер мы вымушаны вострым кадрам ціснуць на раны, а не на гумар.

"Да гэтых персанажаў заўсёды былі змяшаныя пачуцці"

 - Чаму ў апошніх сюжэтах праекту "ЧынЧынЧэнэл" адсутнічаюць ЧынЧыны?

М: Напачатку года адчуванне, што здымаць Дзіму (Есяневіч - актор, грае аднаго з ЧынЧынаў, які заставаўся да жніўня 2024 года жыць у Беларусі. - Рэд.) можа быць небяспечна, стала вастрэйшым. І мы мелі рацыю. Другая прычына ў тым, што нам заўсёды хацелася развіваць канал ЧынЧынаў як марвелаўскі сусвет і ствараць у ім новых персанажаў.

А: Пры напісанні першых ролікаў мы прыдумлялі розных герояў, якія павінны былі існаваць нароўні з ЧынЧынамі - Алену Жалудок (выканаўца парадыйнага хіта "Шчучыншчына". - Рэд.), хулігана на вуліцы Кастрычніцкая, целаахоўніка ЧынЧынаў, эстраднага спевака Александрыя, майстра таро. ЧынЧыны павінны быць каменем, маналітам, іх не хочацца развіваць. На фоне ЧынЧынаў, дзякуючы таму, што яны не мяняюцца, любы персанаж выглядае пераканаўча і смешна. Для мяне гэта стала маналітам спатыкнення і мне захацелася ЧынЧынаў для сябе скончыць, таму ў "ЧынЧынах у мундзірах" гэтыя персанажы паміраюць, прабачце за спойлер.

- Адна справа - смяяцца над чыноўнікамі ў 2020 годзе, іншая - у 2024-м. Да ЧынЧынаў так ці інакш адчуваеш сімпатыю, але ці ёсць для гэтага падставы сёння?

М: У мяне да гэтых персанажаў заўсёды былі змяшаныя пачуцці - ад агіды да абаяння. У "Мундзірах" яны жорсткія, пасылаюць маладых хлопцаў на вайну, але яны могуць быць і няшнымі-свойскімі. Я ў іх дагэтуаль адчуваю таямніцу, мне здаецца, што гэта не рэальныя людзі, а згусткі шэрай энергіі.

А: Для мяне гэта ідэальныя маскі - яны могуць стаць ліхадзеямі для любога шоў. Класныя ліхадзеі - гэта ж класна. Я пераглядаю серыял "Офіс", дзе Майкл Скот - і галоўны герой, і галоўны антыгерой, і галоўны злыдзень. Сіла нашых ЧынЧынаў можа быць у тым, што яны выклікаюць супярэчлівыя эмоцыі, што яны не адназначна станоўчыя ці адназначна адмоўныя.

"Многім  хочацца выліць негатыў праз смех"

- Смех у крызісныя часы ўвогуле дарэчны?

М: Асабіста мне хочацца, каб у няпросты час было больш праектаў, якія зараджаюць гумарам, іроніяй, энергіяй. Часам мне здаецца, сур’ёзныя праблемы з сур’ёзным выразам твару не вырашыць. Адзін мой сябар расказваў, як паехаў на пахаванне бацькі на радзіму. Вось ён сядзіць у гэтай залі, ведаеце, стаяць дзве табурэткі, труна, секцыя, вакол труны сядзяць родзічы і плачуць. Бацька адзеты ў пахавальны строй, які 30 гадоў вісеў у шафе, і па традыцыі ў кішэню пакладзеныя хусціначка і расчоска. Мой сябар глядзіць на бацьку, а той ўжо гадоў 15 быў "лысы як мяч", і кажа: "Слухайце, а расчоска яму навошта?" У гэты момант характар гуку змяніўся і ўсе пачалі давіцца рогатам.

А: Можа, мы намагаемся абнуліцца за кошт смеху. Многім людзям, калі яны сутыкаюцца са страшнай сітуацыяй, хочацца выліць негатыў праз смех. Калі мы пітчылі "Працэсы" "Белсату" праз месяц пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, хтосьці сказаў, што сатыра, гумар зараз не патрэбныя. І я ўзгадаў сатырычныя фільмы "Вялікі дыктатар" Чапліна і "Доктар Стрэнджлаў" Кубрыка, якія былі аднымі з самых касавых у свой час.

Сур’ёзныя праблемы з сур’ёзным выразам твару часам не вырашыць, лічыць Міхаіл ЗуйФото: ChinChinChannel

- Давайце раскладзем беларускую рэчаіснасць на прадмет таго, што ў ёй найбольш правакуе пасмяяцца.

А: Мне падабаюцца абсурд, супярэчлівыя рэчы. Я, напрыклад, бачыў, як супрацоўнікі АНТ здымаюць інтэрв'ю з мужчынам, які вырасціў вялікія агуркі, а ў метрах пятнаццаці ад іх каля ракі ляжаць двое бяздомных. Мне падалося, рэпартаж аб тым, як здымаецца гэты рэпартаж, быў бы гратэскавы і яшчэ больш класны.

М: У нейкім хіба расейскім горадзе быў такі моцны снегапад, што машыны не маглі праехаць і ў горадзе ўтварыліся велічэзныя коркі. А снегаўборачныя машыны былі занятыя на здымках пра тое, як у горадзе ўбіраецца снег. Што нас натхняе ў гэтых гісторыях, дык стварэнне штучнага свету, у якім ёсць зоркі эстрады, нейкія паказчыкі, агульная любоў, нацыянальная ідэя, але гэтага насамрэч не існуе.

"Мара нарэшце дасняць серыял "Тут быў Ленін"

- То-бок часта не даводзіцца нават выдумляць - можна браць эпізоды з рэчаіснасці і гіпербалізаваць іх.

М: На жаль, нам наступаюць на пяткі, часам нават з адваротнага боку, калі робяць нешта першымі, а мы такія: "Вось як можна было павярнуць сцэнар!" А часам, канешне, ззаду. Пасля серыі "Працэсаў" "Патрыятычнае практыкаванне" адзін знаёмы сказаў мне, што іх у дзяцінстве вазілі ў следчы ізалятар і паказвалі камеру, дзе сядзіць смяротнік.

А: Можна пайсці далей і зрабіць наведванне платным, даваць людзям пасядзець побач дзеля новых уражанняў. Мы прыдумвалі "Працэсы" як фантастычны праект, яшчэ ў пачатку 2021 года ў нас было штук дзесяць ідэй, і мы думалі, што ўсе яны гучаць вельмі фантастычна, але ўжо ў сярэдзіне 2022-га зразумелі, што амаль дакументуем рэальнасць. У нас быў сюжэт пра тое, як двое вайскоўцаў рабуюць украінскую краму і адзін з іх крадзе велізарны тэлевізар і ідзе з ім дадому ў сваё сяло. І пакуль ідзе, размаўляе са скрынкай тэлевізара як з пярсцёнкам усеўладдзя з "Уладара пярсцёнкаў". Мінуў, мусіць, тыдзень, як сталі з'яўляцца навіны аб тым, што рускія вайскоўцы рабуюць украінскія крамы з бытавой тэхнікай.

Мара Андрэя Кашперскага - дасняць серыял "Тут быў Ленін"Фото: ChinChinChannel

- Чаго чакаць ад вашай супрацы далей?

А: Мы працягнем "ЧынЧынЧэнэл" - мая мара нарэшце дасняць серыял "Тут быў Ленін", які мы пачалі здымаць перад пачаткам вайны ў Львове, да таго ж мы запрашалі і будзем запрашаць у праект іншых аўтараў і рэжысёраў, каб яны паспрабавалі аднавіць персанажаў ЧынЧынаў у новым ключы. Я б з задавальненнем, напрыклад, паглядзеў іх у рэжысуры Мікіты Лаўрэцкага. Іншы кірунак, які мы распрацоўваем, - поўнаметражны камедыйны хорар "Суд мёртвых", зараз пішам сцэнар. Ён у нечым працягвае эстэтыку і стылітыку "Працэсаў". І яшчэ адзін напрамак, у які мы глядзім, - вытворчасць серыялаў на беларускай мове камедыйнай скіраванасці, але не звязаных з палітыкай і сатырай.

М: Мы адначасова з Андрэем зразумелі, што камедыйны, дэтэктыўны, які-небудзь, але класны серыял на беларускай мове, нават калі ён пазбаўлены палітычнай ці нацыянальнаадраджэнскай ідэі, - гэта тое, што неабходна зараз.

 

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW