1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Тэатральны рэжысёр Юра Дзівакоў скарае польскія тэатры

29 августа 2023 г.

У жніўні ў Варшаве можна было пабачыць тры пастаноўкі Юры Дзівакова, дзве з якіх прэм’ерныя. DW паразмаўляла з рэжысёрам пра поспех за мяжой ды адаптацыю беларусаў да тэатральнай індустрыі Польшчы.

Беларускі тэатральны рэжысёр Юра Дзівакоў
Юра ДзівакоўФото: Tatsiana Dzivakova

Эпатажны тэатральны рэжысёр Юра Дзівакоў у жніўні паказаў у Варшаве адразу тры спектаклі. У мадэрновым тэатры TR Warszawa адна за адной прайшлі прэм’еры "Ulenspiegel" ("Ціль Уленшпігель") і "Koniec Półświni" ("Канец паўкабана"), а фестываль Inex Fest паказаў інтэрактыўны спектакль "рЭвалюцыя Зайца".

Выглядае як поспех: беларускі рэжысёр раз-пораз ставіць на розных варшаўскіх сцэнах, у тым ліку на запрашэнне польскіх тэатраў, як гэта было з нядаўняй пастаноўкай "Zła krew" ("Дрэнная кроў") у Teatr Powszechny. Але ці насамрэч гэта такі поспех, якім уяўляецца збоку, і ці магчыма тэатральнаму рэжысёру працаваць і зарабляць у эміграцыі? Пра гэта DW спытала ў Юры ў першую чаргу.

"Ці вартая гэтая праца таго, каб за два гады загубіць сябе"

Юра Дзівакоў: Я падлічыў: з пачатку года я выпусціў чатыры прэм’еры. Можна сказаць, у мяне ўсё супер: ёсць праца, магчымасці, розныя прапановы. Не скажу, што мяне задавальняе, якія ганарары з гэтага атрымліваюцца, часам гэта не ганарары, а штомесячныя выплаты ў межах рэзідэнцый. Але цяжка адмовіцца ад прапаноў, бо думаеш, што калі зараз адмовішся, іншага табе заўтра ўжо не прапануюць. У выніку яно навальваецца адно на адно, і ты больш не атрымліваеш задавальнення. Няма ў гэтым такога шчасця, як можа падацца збоку.

Прэм'ера спектакля "Koniec Półświni" адбылася ў тэатры TR WarszawaФото: Aliaksandr Valodzin

З праекту "Ulenspiegel" мне давялося на пэўны час сысці па стане здароўя, і каманда працавала сама. У такія моманты пачынаеш прыглядацца: а ці вартая гэтая праца таго, каб за два гады загубіць сябе, не атрымліваючы задавальнення і матэрыяльнай аддачы? Але велізарная падтрымка ідзе ад людзей, з якімі працуеш, а я працую з вельмі добрымі беларускімі і польскімі акторамі і акторкамі. Калі яны выходзяць на сцэну, гэта вельмі моцна.

- У "Koniec Półświni" два беларускія акторы іграюць на польскай мове. Чаму на польскай?

- Я зразумеў, што можна доўга іграць па-беларуску, але гэта будзе для абмежаванай аўдыторыі, тым больш беларусы, якія тут жывуць, разумеюць польскую мову. Інтуіцыя падказвае, што так трэба, бо спектаклямі на мове краіны ты сябе прапаноўваеш, паказваеш, што можаш працаваць не на адну публіку. Да таго ж у працы на мове, якую ведаеш недасканала, ёсць цікавы момант цяжкасці: яна дапамагае ў пошуку візуальных вобразаў, мацнейшых за словы. Пасля прэм’еры мне напісалі: маўляў, нічога не разумелі па-польску, але проста глядзелі і атрымлівалі задавальненне. Я ведаю, што тым, хто ставіць па-беларуску на тэму пратэстаў ці вайны, гэта патрэбна. Мне патрэбна крышачку іншае.

"Мне тэатр ніколі не прыносіў спакою і задавальнення"

- А што табе патрэбна, калі казаць пра кар’еру і развіццё ў Польшчы?

- Я не ведаю. Зараз бразгоча тэма стварэння для беларускіх тэатралаў у Варшаве свайго Дома. У мяне да яе падвойныя эмоцыі. Я не ацэньваю, дрэнна гэта ці добра, але асабіста я не за калектывізацыю. Ужо колькі разоў бачыў людзей, якія маюць кабінет - калі ў цябе ёсць мяккі фатэль са свіной скуры, які яшчэ і круціцца, табе нецікава займацца тэатрам. Да таго ж тэатр - структура зайздроснікаў. Можна паглядзець, колькі беларускія тэатры працягнуць, калі атрымаюць свой Дом. Можа, усё будзе окей і я не маю рацыі - тады цудоўна.

- Але мабыць, не кожны знаходзіць сваё месца ў Польшчы. Да таго ж такі Дом у тэорыі мог бы зарабляць.

- Мне здаецца, 70-80 адсоткаў тых, хто размаўляе пра гэты Дом, так прызвычаіліся да сваіх кабінетаў і грымёрак у Беларусі, што іх арганізм патрабуе таго, што было: камфорту, прыемнасці, стабільнасці, спакою і задавальнення. Мне тэатр ніколі не прыносіў спакою і задавальнення, хіба толькі на імгненне: ты выпускаеш прэм’еру, а ўжо заўтра разумееш, што ў цябе паўгады-год можа не быць працы. Мне з гэтага пункту гледжання прасцей, я ў тэатры прыходзіў і сыходзіў, і калі не буду займацца тэатрам, займуся чымсьці іншым: выйду на вуліцу і буду танцаваць.

- Ці хопіць попыту беларускай дыяспары на тое, каб беларускі тэатр працаваў у замежжы?

- Я здзівіўся, што на "Koniec Półświni" была няпоўная зала, хаця на "Ulenspiegel" усё было занята. Можа, проста лета. Мне здаецца, Дом можа быць запатрабаваны, калі там штомесяц будуць прэм’еры або калі ён з моцным менеджментам і піярам будзе вазіць спектаклі ў розныя краіны.

"Нават тое, як тут ходзяць людзі, паўплывала на мае працы"

- Спектаклі "Ulenspiegel" і "Koniec Półświni" мала таго, што немагчымыя ў сённяшняй Беларусі, але не былі б магчымыя і ў Беларусі да 2020 года. Ці ты асабіста па-іншаму працуеш за мяжой?

Спектакль "Ulenspiegel", рэж. Юра ДзівакоўФото: Natallia Papova

- Так, тут па-іншаму сябе адчуваеш, і ў гэтым развіццё. Ты глядзіш світанні ў горадзе, размаўляеш з рознымі людзьмі, карыстаешся рознымі мовамі, маеш доступ да мастацтва, якое было б цяжка пабачыць у Беларусі. Гэтая атмасфера, нават тое, як тут ходзяць людзі, паўплывала на мае працы. Горад дапамагае дасягаць нейкай свабоды, ты падглядаеш жыццё і думаеш: "Ваў", і таксама спрабуеш быць тут і цяпер, а не прыдумляць, як схавацца, пабыць збоку, спачатку паназіраць.

- "Ulenspiegel" адгукаецца на беларускія падзеі. У цябе захоўваецца жаданне заставацца ў беларускай тэме?

- Яно выходзіць натуральна. Я, наадварот, хутчэй хаваю гэтую тэму ў сабе і нікому не паказваю, але праз тэатр, інсталяцыю або калаж яна ўсё роўна пралязае. Я вельмі не люблю тэмы з парадку дня: вось узнікла пратэснае мастацтва, потым вайна, вось спектакль паказвае, як у турме б’юць па галаве... Навошта тады займацца мастацтвам? Я так не ўмею, таму гэта не мая гісторыя, я шукаю іншы шлях выказацца. А ў кагосьці такое атрымоўваецца, і гэта супер.

- Дзе твае спектаклі можна пабачыць у бліжэйшы час?

- У пачатку кастрычніка мой спектакль "Nastia" ("Насця"), які я паставіў летась у Teatr Powszechny, прыме ўдзел у фестывалі Kierunek Wschód у Беластоку, а "рЭвалюцыя Зайца" на польскай мове ўвойдзе ў рэпертуар таго ж тэатру. Прадзюсарка спектакля "Koniec Półświni" абмяркуе з TR Warszawa магчымасць іграць яго ў рэпертуары. І я спадзяюся, што гэтая пастаноўка сапраўды будзе жыць, гэта адна з найцікавейшых прац, якія адбыліся ў маім жыцці.

Кіраўніца "Вольнага хору" - інтэрв'ю DW

18:27

This browser does not support the video element.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW