1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У Вільні запрацавала беларуская бібліятэка

2 февраля 2024 г.

Бібліятэка размясцілася ў цэнтры гораду. Чытачы знойдуць тут і класіку, і сучасныя творы, асобная ўвага - на дзіцячую літаратуру.

Менеджарка "Чытальні" Таццяна Ігнацьева
Менеджарка "Чытальні" Таццяна ІгнацьеваФото: Čytalnia Belarusian Books Library

У Цэнтры беларускай супольнасці і культуры, што знаходзіцца на вуліцы Віленскай, на грошы, сабраныя беларускай дыяспарай, адкрылася "Чытальня". Менеджарка ўстановы Таццяна Ігнацьева ў размове з DW падзялілася, як фармаваўся кніжны фонд, на які час хопіць сабраных сродкаў і як бібліятэка паспрабуе аб’яднаць беларусаў, якія апынуліся ў Літве.

DW: Спадарыня Таццяна, раскажыце, калі ласка, як з’явілася ідэя зрабіць беларускую бібліятэку і як збіралі грошы на праект?

Таццяна Ігнацьева: У 2023 годзе на платформе "Новая Беларусь" быў абвешчаны праект па самакіраванні. Беларусам, якія жывуць у Літве і Польшчы і плацяць там падаткі, прапанавалі частку ўнёскаў пералічыць на беларускія праекты, што дазволена мясцовым заканадаўствам. І вось дзякуючы гэтым падаткам і асобным данатам беларусы ў Літве сабралі 13 тысяч еўра. А арганізатары праекту абвесцілі конкурс ідэй, на што варта скіраваць сродкі.

У Літве перамагла ідэя Ірыны Мышкавец, якая прапанавала стварыць беларускую бібліятэку ў Вільні. Гэтая ідэя ў выніку рэалізавалася ў абнаўленні і пашырэнні дзейнасці бібліятэкі ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры. Такім чынам, першыя паўгода 2024-га фінансава закрытыя. Грошы пойдуць на функцыянаванне бібліятэкі - напрыклад, на часовы заробак бібліятэкара, закупку новых кніг. Мы разумеем, што бібліятэка мусіць працаваць і далей, таму будзем рады, калі беларусы ў межах "Новай Беларусі" падтрымаюць развіццё бібліятэкі, але думаем і над іншымі варыянтамі.

"Чытальня" адкрылася на грошы, сабраныя беларусамі за мяжойФото: Čytalnia Belarusian Books Library

- Як будзе працаваць бібліятэка?

- З канца 2023-га бібліятэка запрацавала ў двух фарматах. Першы - класічны, і ў гэтым фармаце бібліятэка, якая базавалася ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры, працавала ўжо два гады. Карысталіся ёй збольшага беларусы, што наведвалі ў Цэнтры імпрэзы ці гурткі, а таксама беларускую школку.

З пачатку 2024 года адбылося абнаўленне бібліятэкі, цяпер яна працуе і анлайн. Чытач можа паглядзець каталог на сайце cytalnia.com і забраніраваць патрэбныя кнігі да вечара наступнага дня. Бібліятэка працуе з серады па нядзелю. Апроч абанемента, у нас ёсць чытальная зала, дзе можна папрацаваць з сапраўды рэдкімі і каштоўнымі выданнямі. Ёсць у фондзе і кнігі з гісторыяй - аўтографамі ці даравальнымі запісамі.

- Як фармаваўся кніжны фонд бібліятэкі?

- У бібліятэцы ўжо існаваў кнігазбор, які складаўся з блізу 1500 зарэгістраваных у каталозе кніг. Выданні збіраліся ў асноўным з прыватных калекцый беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў культуры - напрыклад, Сяргея Дубаўца, сям’і Вітушак, Алега Мінкіна, Таццяны Поклад. Яшчэ каля 1500 кніг знаходзіцца ў скрынях, іх трэба перапісаць і таксама занесці ў базу сайта, і мы працуем над гэтым. Апроч таго, кнігі ў бібліятэку прыносяць і простыя чытачы. Спадзяемся, гэта традыцыя працягнецца. Да прыкладу, напрыканцы студзеня прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аліна Коўшык, што была з візітам у Вільні, перадала ў падарунак бібліятэцы некалькі беларускіх кніг, выдадзеных у Польшчы. 

Мы працуем у бібліятэцы менавіта беларускай кнігі, таму наш фонд на 99% складаецца з выданняў па-беларуску. У нас ёсць кнігі па-польску, па-літоўску, па-руску, але гэта або пераклады нашых беларускіх пісьменнікаў, або кнігі пра Беларусь і беларусаў. Чытачы знойдуць у бібліятэцы класіку, сучасныя, дзіцячыя творы беларускай літаратуры, кнігі па гісторыі і беларусазнаўству, фальклору і этнаграфіі, энцыклапедыі, слоўнікі і дапаможнікі, мемуары і біяграфіі. Таксама адзначу, што набыццё новых кніг - адна з асноўных мэтаў праекту па самакіраванні. Зараз праз сацсеткі мы збіраем запыты ад нашых чытачоў, якія выданні яны хацелі б знайсці на паліцах нашай "Чытальні". Прыярытэтам лічым дзіцячую і сучасную мастацкую літаратуру.

- Ці плануеце вы мерапрыемствы для чытачоў?

- Мы бы хацелі, каб бібліятэка аб’ядноўвала беларусаў у Літве, таму ладзім  чытацкі клуб. Раз на месяц мы абіраем адну ці дзве кнігі, прапануем нашым чытачам з імі пазнаёміцца, а пасля абмеркаваць за гарбаткай ва ўтульнай сяброўскай атмасферы. На такія імпрэзы для чытачоў мы запрашаем аўтараў кнігі ці экспертаў, якія маюць дачыненне да выдання кнігі ці тэмы, што ў ёй закранаецца. Акурат у лютым чакаем у Вільні нашу першую госцю - паэтку Насту Кудасаву, сустрэча з ёй пройдзе 19-га.

- Як вы лічыце, ці дапаможа бібліятэка аб’яднацца беларусам, якіх цяпер у Літве не меней за 60 тысяч?

-  Я думаю, на сёння гэта адна з найбольш камфортных формаў узаемадзеяння для беларусаў, бо заснавана на цікавасці да кніг і сваёй культуры агулам. Для бацькоў, якія хочуць выхоўваць дзяцей па-беларуску, гэта выдатная магчымасць быць унутры беларускамоўнага асяроддзя. Таму мы шмат увагі надзяляем менавіта дзіцячай літаратуры.

Многія з’язджалі з Беларусі вельмі хутка і не змаглі ўзяць з сабой сваю хатнюю бібліятэку, мае кнігі таксама засталіся на радзіме. А ў эміграцыі, калі ты здымаеш жытло, не заўсёды ёсць магчымасць збіраць кнігі дома. Таму выдатна, што цяпер ёсць магчымасць узяць кнігу з бібліятэкі дадому ці пачытаць яе ў залі самой бібліятэкі, у якой лунае беларушчына. Важны таксама псіхалагічны складнік: у такой прасторы беларусы заўсёды знойдуць падтрымку, адчуванне сваіх людзей побач.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW