Спектакль "Ордэн Белай Мышы" сабраў поўныя залы ў Варшаве
4 ноября 2024 г.Прэм’ера пастаноўкі "Ордэн Белай Мышы" паводле кнігі Уладзіміра Арлова адбылася ў Варшаве, і з 1 да 3 лістапада праходзіла пры поўных залах. Вядомыя беларускія акторы падзяліліся ў новым спектаклі асабістымі гісторыямі. Падрабязней пра гэта - у DW.
Бюджэт пастаноўкі - крыху больш за тры тысячы еўраў
Сцэна з шэрым пацёртым лінолеумам, да сцен рассунутае канцэртнае абсталяванне, гледачы сядзяць на цвёрдых пластыкавах крэслах - новы беларускі спектакль "Ордэн Белай Мышы" меў прэм’еру ў варшаўскім клубе Scena Chmielna, не вельмі для тэатру прыдатным.
Перад уваходам у залю выдавец Яраслаў Іванюк прадае кнігі Уладзіміра Арлова, у тым ліку "Ордэн Белай Мышы" - казку-прытчу, якая лягла ў аснову пастаноўкі. Тут жа можна папрасіць самога аўтара падпісаць набыты асобнік: Уладзімір Арлоў ва ўрачыстай зялёнай бабачцы хавае ў торбе кветкі на час апладысментаў.
"Ордэн Белай Мышы" паставіў Уладзімір Ушакоў, які ў Менску кіраваў Сучасным мастацкім тэатрам, пасля 2020 года працягваў дзейнасць у Кіеве, а сёння жыве і працуе ў Хельсінкі. Падзеі ўвасобленай на сцэне гісторыі адбываюцца ў "канстытуцыйнай манархіі", у ёй кароль хоча ўганараваць пісьменніка найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай - Ордэнам Белай Мышы, а той усяляк намагаецца адмовіцца ад такой пашаны.
Грошы на спектакль збіраліся праз краўдфандынг, і па выніку бюджэт пастаноўкі склаў крыху больш за тры тысячы еўраў. Абмежаваныя фінансы абумовілі і пляцоўку, і танны рэквізіт, змайстраваны пераважна з дрэва і паперы.
Асабістыя гісторыі актораў
"Большай часткай працы і фарміравання п’есы была чытка онлайн, рэпетыцый было толькі два тыдні, гэта вельмі мала для мяне", - кажа рэжысёр Уладзімір Ушакоў. Форма чыткі стала асноўнай і ў спектаклі: выканальнікі роляў Святлана Зелянкоўская, Ігар Сігоў, Андрэй Бардухаеў-Арол і дэбютантка на сцэне Дзіяна Балыка чытаюць антыўтопію Уладзіміра Арлова, а між тым расказваюць свае асабістыя гісторыі.
Драматург Дзіяна Балыка расказала пра званок з Міністэрства культуры ў 2020 годзе: тады ў размове яна падтрымала актораў, што ўдзельнічалі у пратэстах, і цяпер піша п’есы ў стол. Андрэй Бардухаеў-Арол згадаў самыя страшныя для яго з жонкай дні ў жыцці, калі іхняга сярэдняга сына затрымалі ў Беларусі, прапанаваўшы пры гэтым запісаць відэазварот да бацькоў. Пасля сын эвакуяваўся за мяжу.
Святлана Зелянкоўская ўспомніла, як яе запрасілі да старшыні парламента падакараць за выказванні ў інтэрв’ю ў абарону беларускамоўных школ, маўляў, яна расчаравала прэзідэнта, і па выніку прапанавалі ладзіць "творчыя вечары" ў лазнях. Гэтая гісторыя мела месца ў 2004 годзе пасля прэм’еры фільма "Анастасія Слуцкая", дзе Святлана сыграла галоўную ролю.
"Мы стараліся не прагаворваць маналогі падчас рэпетыцый, каб яны былі больш жывымі і шчырымі, і мне дапамагло тое, што ў спектаклі перад маім маналогам мне выліваюць віно ў твар, - дзеліцца акторка пасля прэм’еры. - Я адчула тыя прыніжанасць і агіду, якія панавалі мной на той сустрэчы. Цяжка было вытрымаць напружанне, усё-ткі калі мы выконваем ролю, мы прыкрываемся шчытом, быццам гэта не мы, як бы адступаем у персанажа. І я была вельмі ўзрушаная астатнімі гісторыямі, яны трапілі мне ў сэрца. Спадзяюся, і мая гісторыя трапіла ў сэрца гледачам".
Дэмакратыя ў тэатры
У дадатак да таго, што ў казцы-прытчы самой па сабе чытаецца багата алюзіяў на беларускую рэчаіснасць, аўтары яшчэ больш актуалізавалі гісторыю, дадаўшы ў яе добра распазнавальныя элементы. Зала рэагавала на словы "ну проста краіна для жыцця" або "кароль бегаў вакол сваёй рэзідэнцыі, спадзяюся, без аўтамата", а таксама пасмейвалася на жартах з кнігі Арлова пра гракоў, якія баяцца, што іх саб'юць на мяжы з зенітак, або звароты на "ты" караля да сваіх падданых.
"Мая ідэя была ў тым, каб пагаварыць па душах пра сённяшнія дзень, - кажа Уладзімір Ушакоў. - Мне была патрэбная актуальная п’еса, размова, адказ на пытанне, што мы думаем зараз і чаго чакаем ад будучыні, а не канстатацыя чагосьці. Я, напэўна, ужо не змагу нічога ставіць з іншым падыходам, бо не бачу сэнсу. Сучасная беларуская драма, мне падаецца, спынілася, бо ў большасці апавядае пра падзеі, якія прайшлі. А я думаю, тэатр павінен ісці наперад".
Выканальнікі роляў для Уладзіміра Ушакова сталі суаўтарамі пастаноўкі. Імаверна, гісторыі, якія акторы апавядаюць са сцэны, будуць розныя ад спектакля да спектакля. Ігар Сігоў у сваім маналогу напрыканцы паразважаў пра зроблены ў 2020 годзе выбар, які шмат чаго яго пазбавіў, але, прынамсі, дазваляе жыць з адчуваннем правільнага ўчынку.
"Мне цікавая дэмакратыя ўнутры тэатра, мне цікава даць артысту максімум свабоды, - працягвае рэжысёр. - Я вельмі моцна "адпусціў" і даў магчымасць акторам выказваць свае варыянты эцюдаў альбо нават п’есы. Для мяне гэта важна і здорава, што актор можа не толькі расказваць фрагмент свайго бэкграўнду, але і намагацца ўсвядоміць час і сябе".
Спектакль завяршыўся відэа-генерацыямі Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і Уладзіміра Арлова, якія нібы прамаўлялі да беларусаў. Як прынята ў беларускім тэатры, апладзіравалі стоячы. Сачыць за раскладам спектакля можна на яго старонках у Facebook і Instagram.