1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

За што ў Беларусі пасадзілі анархістаў і іх адвакатаў

29 сентября 2022 г.

Па крымінальнай справе групы "Рэвалюцыйнае дзеянне" у Беларусі асудзілі анархістаў, праваабаронцаў, а цяпер яшчэ затрымалі адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў справы. Што пра гэта вядома?

Belarus Minsk | Unruhen | Proteste
Фото: Valery Sharifulin/TASS/picture alliance

Дзесяць фігурантаў крымінальнай справы групы "Рэвалюцыйнае дзеянне", сярод якіх - прадстаўнікі анархісцкага руху і двое праваабаронцаў, атрымалі ад 5 да 17 гадоў пазбаўлення волі. У дзень абвяшчэння прысуду, 6 верасня, у будынку суда затрымалі 13 чалавек. У тым ліку некалькі гадзін правяла ў РУУС часовая павераная ў справах ЕС у Беларусі Эвеліна Шульц. 13 верасня стала вядома пра затрыманне некалькіх адвакатаў, якія абаранялі абвінавачаных, - нібыта за разгалашэнне інфармацыі следства.

160 тамоў крымінальнай справы

Судовы працэс па справе "Рэвалюцыйнага дзеяння", якая налічвае 160 тамоў, быў закрытым і доўжыўся больш за чатыры месяцы. У выніку каардынатарка валанцёрскай службы праваабарончага цэнтру "Вясна" Марфа Рабкова атрымала 15 гадоў пазбаўлення волі, Аляксандр Францкевіч – 17 гадоў, Ахікіра Гаеўскі-Ханада – 16, Аляксей Галаўко – 12, Павел Шпетны, Мікіта Дранец, Аляксандр Казлянка і Андрэй Чапюк (валанцёр "Вясны" - Рэд.) - па 6 гадоў, Андрэй Марач і Данііл Чуль - 5.

Валанцёры праваабарончага цэнтру "Вясна" (фота з архіву)Фото: Privat

Сярод абвінавачванняў, высунутых групе, - стварэнне, кіраўніцтва і ўдзел у дзейнасці анархісцкіх групаў "Рэвалюцыйнае дзеянне", "Народная самаабарона", "Революцiйна дiя" у 2016-20 гадах. "Што паказальна, інтэрнэт-рэсурсы "Рэвалюцыйнае дзеянне", "Народная самаабарона", "Революцiйна дiя" МУС прызнаў экстрэмісцкім фармаваннем 2 лістапада 2021 года - толькі праз 8-15 месяцаў пасля затрымання ўсіх дзесяці фігурантаў справы. Але, нягледзячы на гэта, некаторых з іх абвінавачваюць у стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (ч. 1 і 3 арт. 361-1 КК) ", - адзначае праваабарончы цэнтр "Вясна".

Некаторым фігурантам справы абвінавачваюць у парушэнні 10 і больш артыкулаў КК. У іх ліку кіраўнік следчага ўпраўлення УСК у Менску Дзмітрый Астрэйка ў эфіры дзяржтэлеканалу АНТ назваў "гвалтоўныя змены канстытуцыйнага ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, захоп і ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, распальванне іншай сацыяльнай варожасці або няроўнасці, арганізацыя масавых беспарадкаў, хуліганскіх дзеянняў і актаў вандалізму".

Сярод фігурантаў - былы палітвязень і лаўрэат спецфонду

22-гадоваму актывісту анархісцкага руху Акіхіру Гаеўскаму-Ханаду (быў лаўрэатам спецфонду па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, вучыўся ў БДУ, затым у ЕГУ - Рэд.) прысудзілі 16 гадоў пазбаўлення волі. Маладога чалавека затрымалі падчас акцыі пратэсту 12 жніўня 2020 года. Спачатку яго абвінавачвалі ва "удзеле ў масавых беспарадках" (ч. 2 арт. 293 КК), пасля - у "стварэнні або кіраўніцтве злачыннай арганізацыяй" (ч. 1 арт. 285). У лістападзе 2021 года Гаеўскаму-Ханаду выставілі абвінавачанне яшчэ паводле шэрагу артыкулаў, у тым ліку яго вінавацілі ў "арганізацыі масавых беспарадкаў" - за ўдзел у "Маршы недармаедаў" 5 сакавіка 2017 года, у "злосным хуліганстве" - за дымавую шашку, кінутую ў будынак берасцейскага ГУБАЗіК у 2016 годзе, і ў "апаганенні збудаванняў і пашкоджанні маёмасці" - за некалькі графіці.

Анархіста і былога палітвязня (адбываў пакаранне ў 2011-13 гадах) 32-гадовага Аляксандра Францкевіча таксама затрымалі ў жніўні 2020 года. Яго абвінавацілі ў парушэнні паводле больш як 10 артыкулаў КК і асудзілі на 17 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле былых сукамернікаў, Акіхіра і Аляксандра збівалі і катавалі ў СІЗА, каб яны падпісалі прызнанні віны. "Да анархістаў была ўвага заўсёды. Быў выпадак, калі на сустрэчу анархісцкай групы прыехаў АМАП і затрымаў людзей з незразумелых прычынаў. Мы не ведаем усіх дэталяў справы "Рэвалюцыйнага дзеяння", бо суд быў закрыты, але бачым вялікія тэрміны, якія атрымалі фігуранты. Можна меркаваць, што ўлады паспрабавалі павесіць на анархістаў усе нераскрытыя справы", - каментуе праваабаронца цэнтру "Вясна" Наталля Сацункевіч.

Прысуд за праваабарончую дзейнасць?

На лаве падсудных па справе "Рэвалюцыйнага дзеяння" апынулася і каардынатарка валанцёрскай службы "Вясны" 27-гадовая Марфа Рабкова. Яе затрымалі ў Менску 17 верасня 2020 года, спачатку абвінавацілі ў навучанні асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК) - за арганізацыю валанцёраў-назіральнікаў за выбарамі прэзідэнта, але пазней назвалі адной з арганізатарак анархісцкіх групаў. Сама Рабкова адмаўляе ўдзел у "Рэвалюцыйным дзеянні". Яна заяўляла, што не прытрымліваецца анархісцкіх поглядаў і што гэтая ідэалогія ёй не падабаецца.

Марфа Рабкова (фота з архіву)Фото: Privat

Наталля Сацункевіч адзначае, што гэта не першыя рэпрэсіі ў дачыненні да Марфы Рабковай: у яе раней былі адміністрацыйныя арышты і затрыманні, у тым ліку з ужываннем фізічнай сілы, з-за пераследу яна не магла скончыць ВНУ і ўладкавацца на працу.

"15 гадоў - гэта нават больш, чым Марыі Калеснікавай, хоць Калеснікава - публічная палітычная фігура прэзідэнцкай кампаніі. Да крымінальнай справы "Рэвалюцыйнага дзеяння" Марфа прыцягнутая штучна. Яна і Андрэй Чапюк першапачаткова былі затрыманыя як праваабаронцы "Вясны". Марфа складала спісы затрыманых падчас пратэстаў 2020, дакументавала катаванні", - кажа суразмоўца DW.

Затрыманні пасля прысуду

6 верасня, пасля абвяшчэння прысуду па справе "Рэвалюцыйнага дзеяння" у судзе затрымалі 13 чалавек, у тым ліку часовую павераную ў справах ЕС у Беларусі Эвеліну Шульц, якую даставілі ў РУУС і ўтрымлівалі каля дзвюх гадзін. Два чалавекі - праваабаронца Наста Лойка і сябра аднаго з фігурантаў Данііл Кашэўскі - атрымалі адпаведна 15 і 12 сутак адміністрацыйнага арышту.

"Затрыманне пасля прысуду - адзін з кампанентаў стратэгіі запалохвання, падтрымання атмасферы страху і рэпрэсій. Таксама мы бачым пастаянны пераслед супрацоўнікаў дыпламатычных місіяў, асабліва тых, хто выказваецца крытычна ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і дзейнай улады", - лічыць Наталля Сацункевіч.

Наталля СацункевічФото: privat

А 13 верасня па падазрэнні ў разгалашэнні інфармацыі следства сілавікі затрымалі адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў справы "Рэвалюцыйнага дзеяння". З’явілася "пакаяннае" відэа з адвакатам Міхаілам Макаравым, у якім ён казаў, што затрыманы за тое, што "зліваў даныя папярэдняга следства", а таксама, што ў жніўні 2020 года ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. Пасля стала вядома пра затрыманне жонкі Макарава, адвакаткі Вікторыі Гульковай, а таксама адвакаткі Анастасіі Сагановіч.

Праўладны Telegram-канал "Беларускі сілавік" паведаміў, што ГУБАЗіК затрымаў "цэлы пул адвакатаў, якія цягам апошніх двух гадоў платна працавалі на анархісцкую групоўку". Афіцыйных звестак пра абвінавачванні абаронцам паводле крымінальных артыкулаў няма. Вядома, па 15 сутак адміністрацыйнага арышту атрымалі Макараў і Гулькова, верагодна, за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП).

"Акрамя трох адвакатаў, пра затрыманне якіх стала вядома, інфармацыі пра іншых абаронцаў фігурантаў справы "Рэвалюцыйнага дзеяння", я не бачыла. Думаю, гэта выбарчыя затрыманні, па якім прынцыпе - цяжка сказаць. Гэта не першыя рэпрэсіі супраць адвакатаў, уся беларуская сістэма накіраваная на тое, каб абаронцаў зрабіць паслухмянымі", - адзначае Сацункевіч.

Кіраўніца "Вольнага хору" - інтэрв'ю DW

18:27

This browser does not support the video element.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW