1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Жанчыны з палка Каліноўскага пра свой удзел у вайне

22 июня 2023 г.

"Гэта мужчынская гульня, па іх правілах" - беларускi з палка Каліноўскага распавялi DW пра сваю ролю на вайне ва Украiне i пра тое, як уплываюць на службу стэрыатыпы пра слабых жанчын.

Наста "Север" Махамет з палка Калiноўскага
Наста "Север" МахаметФото: Press Office/Kalinouski-Regiment

У палку Кастуся Каліноўскага няма жанчын, якія ваююць на перадавой. Але ў фармаванні яны служаць - сёння іх тут некалькi дзясяткаў. Частка працуе "на баявых" як медычная рота, частка - у тылу. DW паразмаўляла з трыма дзяўчынамі пра іх ролю ў палку, адчуванні на вайне і стэрэатыпы пра слабых жанчын. З іх толькі адна была гатова назваць сваё сапраўднае імя і дазволіць публікаваць фота.

"Удзел у палку Каліноўскага - працяг маёй барацьбы"

"Калі я прыйшла ў полк, тут было каля пяці дзяўчын. Была такая пазіцыя, што жанчына на вайне - не вельмі добрая ідэя", - расказвае беларуска з пазыўным "Золак", якая далучылася да фармавання ў першыя месяцы вайны, у траўнi 2022 года. "Потым мы пачалі расці, з’явіўся аформлены тыл і стала зразумела, што некаторыя рэчы жанчыны робяць лепш альбо яны не баяцца рабіць тое "негераічнае", чым не жадаюць займацца мужчыны", - успамiнае яна. Да таго ж у медслужбу патрэбны былi людзi, а сярод мужчын, якія тады звярталіся ў полк, медыкаў не было - "у тым ліку за кошт гэтага жанчын стала больш".

"Золак" 39 гадоў, на момант расейскага ўварвання яна ўжо паўтара года жыла ў Кіеве. Першапачаткова яна дапамагала палку Каліноўскага як валанцёрка, пакуль ёй не прапанавалі заняцца фіксацыяй фінансаў фармавання. "Тое, што я пабачыла, калі прыйшла, назваць фіксацыяй было складана, - іранізуе яна. - Штосьці запісана, штосьці не, дзесьці ёсць чэк, а ў большасці выпадкаў яго няма. Мне перадалі гэтыя дзве ці тры паперкі, маўляў, вось, усё, што ёсць". Сёння дзяўчына таксама адказвае за камунікацыю з медыя і - на чым сцішвае голас - паведамленне блізкім пра смерць ваяроў. З прыкладна дзесяццю сем’ямі загінулых яна падтрымлівае рэгулярную сувязь.

"Ты перабівай мяне, я магу гадзінамі казаць", - смяецца "Золак". Да палка дзяўчына далучылася, бо лічыць, што перамога Украіны ў вайне - адзіны шанец вярнуцца ў Беларусь. "Я ў гэта стоадсоткава веру, таму ўдзел у палку - працяг маёй барацьбы. Так прасцей працаваць. Я не адчуваю нiякiх цяжкасцяў, хіба толькі стомленасць з-за таго, што ты ўключаны ў гэта 24/7". Тым не менш яна радая, калі ў выходныя замест формы можна надзець джынсы і белы абутак.

Частка жанчын палка Калiноўскага працуюць у тылуФото: Press Office/Kalinouski-Regiment

Зрэшты, як дзяўчыне, кажа "Золак", у палку ёй перыядычна трэба адстойваць права голасу. "Да нас і ў звычайным жыцці патрабаванні вышэйшыя, чым да мужчын, а тым больш на вайне. Гэта мужчынская гульня, па іх правілах, таму даводзіцца ўдвая больш аргументавана даносіць, чаму цябе варта слухаць, - тлумачыць яна. - Мы полк добраахвотнікаў, і калі прымаюцца рашэнні, любому хацелася б, каб яго меркаванне ўлічвалася. Але па выніку мужчын чуюць прасцей, а жанчын - складаней і не адразу. Прыходзяць моманты, маўляў, ты дзяўчына, што ты тут гаворыш?".

"Золак" згадвае, што ва ўкраінскай арміі паспяхова ваюе шмат жанчын, яны ж, як лiчыцца, становяцца найлепшымі снайперамі. А ў палку з "жаночых якасцяў" найбольш спатрэбіліся самаадданасць, руплівасць, уважлівасць, метадычнасць і гатоўнасць да аднатыпнай працы.

"Калі ты на вайне - ты ў дзярме ўва ўсіх сэнсах слова"

Наста "Север" Махамет кіруе медычнай ротай і лічыць, што прыдатнасць да вайны не звязана з полам: "У мяне ў камандзе ёсць "дзяўчынкі-дзяўчынкі" - пяшчотныя істоты, яны могуць працаваць толькі ў пэўных умовах, у Бахмут іх не закінеш, - "Север", як звычайна, з усмешкай тараторыць, побач з ёй - сабака, якi пачынае ганяцца за мухай. - Але ў мяне ёсць такія ж хлопчыкі, я бачыла тых, хто: "О, Божа, я два дні ня быў у душы, зараз памру". На яе погляд, гэта нармальна: людзі розныя. "Тут важныя асаблівасці характару, унутраныя рэсурсы, жыццёвы досвед: часам гэта пра мінулае і разуменне, куды ты прыйшоў".

"Север" са сваiм сабакамФото: Press Office/Kalinouski-Regiment

"Север" 30 гадоў, але ва маральнай устойлівасці яна наўрад ці саступае дасведчаным ваярам. У Беларусi дзяўчына працавала акушэркай у радзiльнi, затым - доктаркай у анкалогіі i хірургіі. Там яна пабачыла розныя смерці, таму на вайну трапіла з "імунітэтам" - была гатовая да таго, што людзі будуць гінуць. "Гэта насамрэч дапамагае. Я менш эмацыйна рэагую, чым большасць, смерць не становіцца для мяне шокам, хаця мне і моцна баліць".

Да таго ж эмоцыі ў крызісных сітуацыях даводзіцца адсоўваць на другі план, пакуль трывае задача. "Калі адбываецца нешта эмацыйна цяжкае, ты мусіш скончыць працу, і толькі тады плакаць. Калі мы прывезлі "Волата" ў аперацыйную і нам сказалі, што ён памёр (Павел "Волат" загінуў пры вызваленні ўкраінскай вёскі ў траўнi 2022 года. - Рэд.), ува ўсіх, вядома, трагедыя, але я вяртаюся на пазіцыю, Ваня "Брэст" вяртаецца на пазіцыю, задача ж не скончылася, - "Север" усё яшчэ ўсміхаецца. - Калі 16 траўня загінулі нашы хлопцы, сярод іх быў вельмі дарагі мне чалавек. Гэта было балюча, але трэба было працаваць далей, і я працавала яшчэ тыдзень".

Полк Кастуся Калiноўскага быў створаны вясной 2022 годаФото: DW

Дапамагло Насце "Север" і рэалістычнае ўяўленне пра вайну. "Калі ты на вайне - ты ў дзярме ўва ўсіх сэнсах слова, і гэта непазбежна". Але страта камфорту даецца ёй лёгка - прызвычаілася да гэтага яшчэ ў дзяцінстве, бо часта пераязджала з бацькамі. "Для мяне жыць на матрасе з кучай торбаў вакол - не катастрофа. Спаць у падвале - не катастрофа. Не так даўно я два тыдні жыла ў пункце кiравання, пры гэтым усё, на што хапала часу, - гэта звярнуць кофту як падушку. Калі ты рэальна задзяўбаўся і хочаш спаць - можаш спаць хоць на голай падлозе".

З дзяўчын палка "Север" пабачыла хіба найбольш - яна працуе на медыцынскіх дзяжурствах на баявых, пабывала ў Севераданецку і Бахмуце, выцягнула з поля боя дзясяткі параненых альбо загінулых ваяроў. Найскладанейшай для яе дагэтуль застаецца задача, у якой год таму загінуў "Брэст" (адзін са стваральнікаў палка Каліноўскага, загінуў у ліпені 2022 года каля Лісічанску, дзе байцы ўдзельнічалі ў стрымліванні танкавага прарыву расійскіх войскаў. - Рэд.): "Я з’язджала, калі танкавы бой быў ужо на тэрыторыі завода, дзе знаходзіўся наш камандна-назіральны пункт. Гэта максімальна страшна. Але асабліва страшна было амаль два тыдні не ведаць, што здарылася з хлопцамі, - быццам у цябе была рука, а потым знікла, незразумела, куды, чаму, дзе".

Медычная рота хутка расце, цяпер тут з дзясятак дзяўчын. "Север" ужо менш выязджае на дзяжурствы, а перадусім займаецца структурай каманды і адбірае людзей, здольных гэтаксама хутка прымаць рашэнні як i яна сама.

Больш гневу і злосці, але лягчэй, чым у Беларусі ў 2020-м

Беларуска з пазыўным "Пума" пераехала ва Украіну ў 2021-м пасля таго, як адсядзела 30 содняў за ўдзел у Дні волі і атрымала запрашэнне ў Следчы камітэт - на той момант ёй быў толькi 21 год. У першыя ж дні вайны яна звярнулася ў тэрабарону, але яе туды не ўзялі - бо дзяўчынка, а яшчэ і грамадзянка іншай краіны. Неўзабаве яна даведалася пра полк Каліноўскага і праз чат-бот падала заяўку на ўступленне. Выразнага адказу ёй, аднак, не далi.

"Ужо потым я даведалася, што калі полк толькі фармаваўся, дзяўчынак бралі не вельмі ахвотна", - "Пума" выказваецца сціслымі фразамі і часта ўстаўляе службовае "так сказаць". Яна стала даведвацца праз знаёмых, як туды трапіць. Думала скончыць курсы і пайсці медыкам, але там, кажа яна, ужо хапала ахвотных з медыцынскай адукацыяй: "Тады мяне запрасілі на прагляд на пасаду кіроўцы, куды ў выніку і ўзялі".

У палку працуюць кіроўцы з рознымі абавязкамі, у тым ліку непасрэдна ля баявых дзеянняў. "Пума" - кіроўца пры кіеўскай базе. Яна адвозіць рэкрутаў на курсы альбо нарады, возіць да параненых у шпiталi і параненых пасля выпіскі; калі трэба, перавозіць дакументы. "Выездаў хапае, няма такога, што графік з 9:00 да 18:00. Бывае, і ноччу трэба ехаць, і а пятай раніцы".

З-за таго, што патрэба кудысьці паехаць можа ўзнікнуць у любы момант, дзяўчына мусіць жыць на базе. "Для мяне адсутнасць нейкіх выгодаў не крытычная. Некаторыя людзі згубілі свае дамы, а тут усяго толькі часовая мера. Мы маем усё, што трэба, жыць на базе не так складана, як падаецца", - гаворыць "Пума".

Кіраванне прыносіць дзяўчыне задавальненне, таму праца нават са шчыльным графікам і выездамі на цэлы дзень даецца "Пуме" лёгка. Цяжка становіцца толькі, калі з фронта прыходзяць навіны пра загінулых каліноўцаў, асабліва тых, з кім яна добра знаёмая.

З тым, што вайна не для жанчын, "Пума" не згодная: "Сама вайна не выбірае, чые жыцці забіраць. Зразумела, у мужчын можа быць больш фізічнай сілы. Але, па-першае, не ўсе мужчыны пераўзыходзяць жанчын фізічна, па-другое, на вайне патрэбны жаночы інтэлект, і ёсць куча спосабаў прыняць удзел і прынесці карысць".

"Пума" прызнаецца, што за час вайны ў ёй з’явілася больш злосці і гневу. Але калі ў 2020 годзе ў Беларусі змагацца з імі ёй было цяжка з-за адчування бяссілля, цяпер лягчэй, бо дзяўчына непасрэдна ўдзельнічае ў барацьбе.

Глядзiце таксама:

Как полк Калиновского заинтересовался "большой" политикой

44:09

This browser does not support the video element.

Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW