1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Як Ціль Уленшпігель беларускіх чыноўнікаў напалохаў

Таццяна Невядомская
4 декабря 2021 г.

У Віцебску за фразу "Жыве Фландрыя!" забаранілі спектакль "Ціль", звольнілі дырэктара тэатра, не падоўжылі кантракты акцёрам. Чыноўнікі знайшлі палітыку там, дзе яе не было?

Ціль Уленшпігель, герой аднайменнага рамана бельгійскага пісьменніка Шарля Дэ Кастэра. Гравюра на дрэве, 16 ст.
Спектакль "Ціль" па матывах рамана бельгійскага пісьменніка Шарля Дэ Кастэра "Ціль Уленшпігель" з Беларуссю звязаны не быўФото: picture-alliance/akg-images

21 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа (Віцебск) адбылася прэм'ера спектакля "Цiль" паводле п'есы Грыгорыя Горына. Яе рыхтавалі да 95-годдзя Коласаўскага тэатра. Але адразу пасля юбілею спектакль знік з рэпертуару, а з дырэктарам тэатра Аляксандрам Старых скасавалі кантракт, не падоўжаць працоўныя адносіны і з некалькімі акцёрамі, занятымі ў пастаноўцы.

Як паведамлялі супрацоўнікі тэатра беларускім СМІ, "Ціль" не спадабаўся чыноўнікам, якія прысутнічалі на прэм'еры: кіраўніцтва Віцебскай вобласці і Мінкульта Беларусі абурыла фраза "Жыве Фландрыя!" у беларускім тэксце п'есы. DW паспрабавала разабрацца ў сітуацыі.

Што здарылася ў віцебскім тэатры?

"Чыноўнікі прыехалі на прэм'еру спектакля, пасля чаго яшчэ выходзілі на сцэну, каб павіншаваць акцёраў і тэатр з юбілеем.На наступны дзень стала вядома, што дырэктара выклікаюць у Мінск, каб скасаваць з ім кантракт са згоды бакоў, і што спектакль больш ісці не будзе", - распавёў DW адзін з супрацоўнікаў тэатра, які пажадаў захаваць ананімнасць.

Паводле яго, са студзеня 2022 года таксама не падоўжаць кантракты з трыма акцёрамі. Усе гэтыя рашэнні прымаліся не ў тэатры, упэўнены наш суразмоўца.

Артыкул аб падрыхтаванай прэм'еры спектакля "Ціль" на сайце беларускага дзяржаўнага агенцтва БелТАФото: belta.by

"Тэатр "апусціў рукі", ніхто не разумее, як займацца творчасцю далей. Цяпер кожны спектакль, нават казкі, якія рыхтуюцца да выпуску, будуць вельмі ўважліва правярацца на наяўнасць у іх усялякага роду "недасканаласцей", якія могуць хоць неяк намякнуць на недасканаласць сістэмы, чыноўнікаў ці яшчэ каго-небудзь. Іх прызма ўспрымання - іх правілы, якія тэатр абавязаны выконваць", - дадае супрацоўнік Коласаўскага.

На сайце тэатра няма інфармацыі пра "Цiля", а онлайн-рэсурс па продажы квіткоў паведамляе, што спектакль адменены. DW паспрабавала пагаварыць з кіраўніцтвам тэатра: у прыёмнай дырэктара нам адказалі, што Аляксандр Старых больш у тэатры не працуе, намесніца дырэктара ад каментароў адмовілася. Аператыўна атрымаць інфармацыю ў Мінкульце таксама не змаглі, але DW накіравала ў ведамства афіцыйны запыт і апублікуем адказ, як толькі яго атрымае.

Ці была ў спектаклі "крамола"?

"Ёсць такі добры выраз: "Вельмі цяжка шукаць у цёмным пакоі чорную котку, асабліва калі там яе няма". Калі я назіраў за сітуацыяй у віцебскім тэатры, у мяне якраз складвалася ўражанне, што беларускія чыноўнікі занятыя пошукам гэтай чорнай коткі, бо нічога крамольнага там не было", - кажа беларускі тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч.

Інфармацыя аб адмене спектакля "Ціль" на сайце па продажы квіткоўФото: kvitki.by

П'еса Грыгорыя Горына "Ціль" напісана на аснове рамана бельгійскага пісьменніка Шарля Дэ Кастэра "Ціль Уленшпігель" і расказвае пра барацьбу фламандцаў супраць іспанскага валадарства ў XVI стагоддзі, якая завяршылася вызваленнем сучасных Нідэрландаў. У свой час у "Ленкоме" яе ставіў Марк Захараў, нагадвае Марціновіч, а беларускі кампазітар Яўген Глебаў у 1970-я на аснове гэтага сюжэту стварыў балет "Легенда пра Уленшпігеля".

"Я ўпэўнены, калі б прэм'ера была не ў 2021 годзе, а, напрыклад, у 2019-м, то яна б нікога з чыноўнікаў не зацікавіла. Чытаў, што іх зачапіла фраза "Жыве Фландрыя!", але гэта ўсяго толькі пераклад Горына - у яго п'есе героі спяваюць "Да здравствует Фландрия!". Паколькі віцебскі тэатр працуе на беларускай мове, натуральна, што яе так пераклалі", - адзначае крытык.

У Беларусі знік альтэрнатыўны тэатр

На думку Марціновіча, гісторыя з "Цілем" выклікала рэзананс яшчэ і таму, што спектакль быў забаронены ўжо пасля прэм'еры, а такога ў Беларусі не было апошнія гадоў дваццаць.

"У беларускіх тэатрах такія гісторыі не здараюцца. Калі мы кажам пра дзяржаўныя тэатры, то ўсё ж існуюць планы прэм’ер, якія папярэдне зацвярджаюцца, у тым ліку з чыноўнікамі, - расказвае крытык. - Калі казаць аб прыватных тэатрах, то існуе такая з’ява, як гастрольнае пасведчанне. Нейкая трупа не можа паказаць спектакль проста так, таму што ёй так захочацца, яна мусіць атрымаць гастрольнае пасведчанне ў дзяржавы. З-за гэтых перашкод узнікае самацэнзура: ты будзеш ставіць такія спектаклі, якія, хутчэй за ўсё, не выклікаюць пярэчанні і пытанні".

Беларускі тэатральны крытык Дзяніс МарціновічФото: privat

У цэлым, лічыць суразмоўца, за апошні год у Беларусі значна скарацілася колькасць тэатральных прэм'ер, фактычна зніклі альтэрнатыўныя пастаноўкі - ліквідаваны ўладамі Цэнтр візуальных мастацтваў "Арт Карпарэйшн" і прастора ОК16, якія займаліся такімі паказамі, а прадзюсары часта проста не бяруцца за спектакль, таму што баяцца, што не атрымаюць гастрольныя пасведчанні.

"Беларуская культура, беларускі тэатр у прыватнасці, вярнуліся да стану 2000-х гадоў, калі існавалі дзяржаўныя тэатры і нейкія антрэпрызы. За 10 гадоў узнікла сістэма альтэрнатыўных тэатраў, якая зараз практычна знікла", - кажа Марціновіч.

Таксама крытык звяртае ўвагу на фінансаванне культуры ў Беларусі: паводле газеты "Культура", у 2006 годзе заробак у сферы культуры складаў 80 працэнтаў ад сярэдняга па краіне, у 2020 - 50 працэнтаў. "Насамрэч, пасля такіх лічбаў цяжка нешта аналізаваць, з такімі заробкамі складана казаць пра сур'ёзнае развіццё культуры", - заключае Дзяніс Марціновіч.

Глядзіце таксама:

Как политзаключенного Игоря Банцера поддерживают в Германии

05:43

This browser does not support the video element.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW