1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Зоя Белахвосцік: Тым, хто застаўся ў Беларусі, складаней

23 декабря 2023 г.

Пра жыццё і творчасць у эміграцыі, новы спектакль і мару вярнуцца ў Беларусь у інтэрв'ю DW распавяла былая прыма Купалаўскага тэатру, народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік.

Зоя Белахвосцік на сцэне
Зоя Белахвосцік на тэатральнай сцэнеФото: Tatjana Harhalyk/DW

"Як не апускаць рукі, дзе шукаць крыніцу натхнення і чаму ўсё скончыцца добра" - Зоя Белахвосцік, былая прыма Купалаўскага тэатру, якая цяпер жыве ў Польшчы і ўваходзіць у тэатральную трупу "Купалаўцы", выпусціла монаспектакль "Moj Hleb" ("Мой хлеб"). У кастрычніку яго паказалі ў Кракаве, Вроцлаве, Варшаве і Сопаце. У спектаклі народная артыстка Беларусі распавядае пра сваю сям'ю, дзяцінства, шлях на сцэну, і, безумоўна, пра Купалаўскі тэатр, дзе Белахвосцік сыграла сотню роляў і які яна пакінула разам з амаль 60 калегамі ў знак пратэсту ў жніўні 2020 года.

Чаму актрыса вырашыла распавесці гісторыю сваёй сямʼі, як яна перажывае эміграцыю і ці марыць вярнуцца на сцэну Купалаўскага? Карэспандэнтка DW пагутарыла з Зояй Белахвосцік пасля паказу "Майго хлеба" 27 кастрычніка ў Сопаце.

DW: Як вы адчуваеце сябе ў эміграцыі? Вы больш за паўтара года ў Польшчы. Як змяніўся за гэты час ваш унутраны стан?

Зоя Белахвосцік: Я не магу сказаць, што адбыліся нейкія кардынальныя перамены. Але я вельмі цаню, што мы можам жыць у цудоўнай свабоднай краіне, можам глядзець на радасць людзей, на іх працу. І што мы самі можам працаваць. Гэта складана, але, тым не менш, нам даюць такую магчымасць. Калі хочаш - спрабуй. Гэта вельмі важна. Канечне, мы не ўпэўненыя ні ў нашым заўтра, ні ў нашай будучыні, але мы больш разумеем, прывыкаем, з чымсьці пагаджаемся. У Польшчы так многа ўсяго цудоўнага, прыгожага. І… хочацца да дому, усё роўна хочацца да дому. Але я проста малюся, што гэта краіна нас так прымае, нягледзячы на ўсе складанасці.

Зоя БелахвосцікФото: Tatjana Harhalyk/DW

- Каб расказаць пра свой лёс, пра лёс сваёй сям'і, які цесна пераплятаецца і з лёсам краіны, пра нейкія вельмі асабістыя рэчы, патрэбна пэўная смеласць. Чаму вы рашылі так шчыра пагутарыць са сваімі гледачамі?

- Калі тэатр вырашыў адзначыць маё 60-годдзе, у мяне спыталі: "Што ты хочаш, Зоечка Валянцінаўна?" Я кажу: "Я нічога не хачу". - "А нам трэба, каб ты захацела, таму што ты народная артыстка, нам гэта важна, падумай", - сказаў мне Мікалай Мікалаевіч Пінігін (да канца жніўня 2020 галоўны рэжысёр Тэатру імя Янкі Купалы. - Рэд.). Я доўга думала. Побач з маёй грымёркай вісіць партрэт майго дзядулі Глеба Паўлавіча Глебава. Я на яго паглядзела і зразумела, што беларусы павінны як мінімум ведаць, чым можна ганарыцца. Беларусы не ўмеюць ганарыцца і не любяць гэтага рабіць, а ім ёсць чым. У тым ліку, такімі дынастыямі, іх не так многа, але ж яны ёсць.

Я падумала, што мне трэба зрабіць такую вялікую працу, раскапаць усё гэта, асэнсаваць, напісаць. І я гэта ўпершыню зрабіла на 60-годдзе ў тэатры, гэта была зусім іншая канструкцыя, іншыя тэмы.

Цяпер, калі мы ўжо былі тут, у такім дзіўным, складаным становішчы, гэтая ідэя прыйшла Валі (дачцэ Зоі Белахвосцік Валянціне Гарцуевай. - Рэд.). Тады (у Купалаўскім. - Рэд.) гэта было маштабна, з аркестрам. Але ведаеце, можа, так больш інтымна, я не шкадую, я вельмі рада, што я неяк сябе змагла прымусіць гэта зрабіць і ўсё адбылося.

- Мне падаецца, што ў эміграцыі, нягледзячы на вялікія складанасці, у спектаклях "купалаўцаў" зʼявілася больш паветра, больш эксперыментаў, якія, магчыма, і не маглі б адбыцца на акадэмічнай сцэне.

- Я пагаджуся, мы адчуваем лёгкасць, мы ведаем, што ніякая тройка цэнзараў да нас не прыйдзе і не скажа: "Гэтага не трэба", "Белахвосцік трэба апрануць у доўгую сукенку" і гэтак далей. У нас вельмі многа цяжкасцяў, нам трэба ўвесь час выкручвацца і нешта прыдумваць. І гэта дае новыя шляхі для рашэнняў. І мы больш свабодныя, я думаю, гэта адчуваецца.

- Ці выходзяць "Купалаўцы" да польскага гледача? Як вас успрымаюць?

- Справа ў тым, што мы не выходзім і да беларускага гледача, у нас вельмі мала спектакляў. Да нас ходзяць польскія гледачы разам з беларускай публікай, ім вельмі падабаецца. Мы ж з палякамі і працуем. Але наша місія, і я стаю толькі на гэтым, што мы працуем для беларусаў, якія тут, і для беларусаў, якія там (у Беларусі. - Рэд.). Гэта не мой лёс - інтэгравацца і стаць польскай артысткай. У мяне быў такі шанец, калі мне было крыху за трыццаць, і я адмовілася, сказала, што ў Кракаў я не паеду, застануся ў Мінску.

Зоя Белахвосцік у монаспектаклі "Мой хлеб"Фото: Tatjana Harhalyk/DW

- Ці сочыце вы за тым, што цяпер адбываецца на вашай роднай сцэне, у Купалаўскім?

- Не, толькі калі нешта далятае да нас, і то мы адварочваемся. Гэта нам не цікава. А навошта гэта рабіць? У іх сваё жыццё, у нас сваё.

Я думала, што нас такіх (тых, хто падтрымаў пратэсты і потым звольніўся з тэатру. - Рэд.) будзе не шмат, максімум пятнаццаць. А нас, у прынцыпе, увесь тэатр. У свеце, думаю, мы першыя.

- Пасыл вашага спектакля - нягледзячы ні на што, трэба знайсці надзею, святло. У чым вы знаходзіце надзею, каб таксама натхняць і гледачоў?

- Жыццё чалавечае такое кароткае з пункту гледжання сусвету. Мне хацелася б дажыць, хацелася б дадому вярнуцца, у сваю краіну, убачыць сваіх калег і сяброў, якія там жывуць. Ім намнога складаней, чым нам, пры ўсіх нашых дэпрэсіўных складанасцях. Ім там, на сваёй радзіме, - як не на радзіме, яны як у акупацыі. Таму я думаю, што трэба больш усміхацца, нешта рабіць, працаваць. Калі ты заняты чымсьці, нават калі табе не плоцяць за гэта, ты прыдумаў сабе працу - і рабі яе. І ўсё, у цябе няма часу думаць пра нешта самотнае і гараваць. Усё будзе добра. Наш супраціў - тут (паказвае на сэрца. - Рэд.). Як мы можам, так і супраціўляемся.

 

Святлана Курс: Я веру ў перамогу дабра над злом

24:05

This browser does not support the video element.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще
Пропустить раздел Топ-тема

Топ-тема

Пропустить раздел Другие публикации DW

Другие публикации DW